Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САНА́ГА (Sanaga),

рака ў Камеруне. Утвараецца ад сутокаў рэк Джэрэм і Лом, якія пачынаюцца на плато Адамава. Даўж. 918 км (ад вытоку р. Джэрэм), пл. басейна 135 тыс. км². Упадае некалькімі рукавамі ў зал. Біяфра. Асн. прыток — Мбам (справа). У сярэднім цячэнні ўтварае парогі і вадаспады. Разводдзе ў чэрв.—снежні. Сярэдні расход вады больш за 2000 м³/с. Суднаходная ніжэй г. Эдэа, каля якога ГЭС.

т. 14, с. 144

САНА́ЕЎ (Усевалад Васілевіч) (25.2.1912, г. Тула, Расія — 26.1 1996),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1969). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1937). З 1937 акцёр Маскоўскага маст. акад. т-ра, з 1943 Т-ра імя Массавета, з 1946 — Т-ра-студыі кінаакцёра. У 1949—50 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. З 1938 здымаўся ў кіно. Увасобіў на экране галерэю рознахарактарных персанажаў. Мастацтву акцёра ўласцівы вял. жыццёвая верагоднасць, прастата, звычайнасць. Лепшыя ролі ў фільмах: «Любімая дзяўчына» (1940), «У іх ёсць Радзіма» (1949), «Вяртанне Васіля Бортнікава» (1952), «Розныя лёсы» (1956), «У стэпавай цішыні» (1959), «Аптымістычная трагедыя» (1963), «Ваш сын і брат» (1966), «За намі Масква» (1967), «Вяртанне «Святога Лукі» (1970), «Печкі-лавачкі» (1972), «Версія палкоўніка Зорына» (1978), «Тэгеран-43» (1980), «Белыя росы», «Тайна «Чорных драздоў» (абодва 1983), «Забытая мелодыя для флейты» (1987) і інш.

У.В.Санаеў.

т. 14, с. 144

САНА́ТА (італьян. sonata ад sonare гучаць),

адзін з асноўных жанраў камернай інстр. музыкі. Класічная С. — твор для аднаго або двух выканаўцаў, напісаны ў санатна-цыклічнай форме, з асн. часткай цыкла ў санатнай форме.

Як вызначэнне інстр. твора вядома з 15 ст. У 17 — пач. 18 ст. сфарміравалася ўстойлівая структура С. як шматчасткавага твора, заснаванага на тэматычных і танальных сувязях паміж часткамі, вобразным і тэмпавым кантрасце ў паслядоўнасці частак. Класічная цыклічная С. сфарміравалася ў 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. ў творчасці І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, М.​Клеменці. Росквіт жанру, адзначанага складанасцю драматургічнай канцэпцыі і маст. формы, прыпадае на творчасць Л.​Бетховена (санатныя цыклы, блізкія да сімфанічных, а таксама цыклы з адвольнай паслядоўнасцю частак і элітныя). У творчасці кампазітараў-рамантыкаў С. набыла вобразнасць, характэрную для іх стылістыкі, рысы паэмнасці (гл. Паэма ў музыцы), часам праграмнасць. У канцы 19 — пач. 20 ст. развіццё С. абумоўлена арыентацыяй кампазітараў на класічныя і рамант. традыцыі. Наватарствам і самабытнасцю вылучаюцца С. філас. зместу, з распрацаванай сістэмай сімволікі (А.​Скрабін), істотным пераўтварэннем вобразнага ладу муз. мовы, структуры, выканальніцкага складу (Б.​Бартак, С.​Пракоф’еў, І.​Стравінскі, Ф.​Пуленк, П.​Хіндэміт, Э.​Кшэнек і інш.).

У бел. муз. культуры сярод першых твораў санатнага жанру 12 С. для віяланчэлі і фп. Ф.​Міладоўскага і С.-фантазія для скрыпкі і фп. М.​Ельскага (2-я пал. 19 ст.). Большасць С. бел. кампазітараў напісана ў санатна-цыклічнай форме, на аснове якой узнікла мноства кампазіцыйных варыянтаў (Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, А.​Багатыроў, А.​Сонін, Р.​Сурус, Э.​Тырманд, К.​Цесакоў і інш.), у т. л. і тыя, што ўвасабляюць толькі некаторыя гал. прынцыпы санатнасці (Дз.​Смольскі, В.​Войцік, А.​Мдывані).

Літ.:

Гл. да арт. Санатная форма, Санатна-цыклічная форма.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 144

САНА́ТНАЯ ФО́РМА,

нецыклічная форма музычная, якой уласцівы проціпастаўленне дзвюх або некалькіх вобразна-тэматычных сфер, суадносіны якіх грунтуюцца на прынцыпах кантрасту або адрознення, бесперапыннае вобразна-тэматычнае развіццё на аснове прычынна-выніковай сувязі, пэўныя формаўтваральныя танальна-функцыян. суадносіны. Асн. раздзелы С.ф. — экспазіцыя, распрацоўка, рэпрыза — утвараюць 3-часткавую кампазіцыю тыпу ABA. Акрамя асн. раздзелаў часам мае уступ і коду (заключны раздзел). С.ф. выкарыстоўваюць у адной з частак, звычайна 1-й (санатнае алегра), санатна-сімф. цыкла (гл. Санатна-цыклічная форма). Існуе і як форма самаст. твора (1-часткавыя санаты, уверцюры, фантазіі, паэмы і інш.). Форма, у якой замест распрацоўкі эпізод, заснаваны на новай тэме, мае назву С.ф. з эпізодам. Магчыма С.ф. без распрацоўкі (характэрная для оперных уверцюр, павольных частак санатна-сімф. цыклаў і інш.). Кампазіцыйныя прынцыпы С.ф. выкрышталізаваліся на аснове старадаўніх форм. Класічная С.ф. склалася ў творчасці кампазітараў венскай класічнай школы. Пачынаючы з твораў Л.​Бетховена, асабліва ў музыцы Р.​Шумана, Э.​Грыга, Ф.​Шапэна, Ф.​Ліста, П.​Чайкоўскага, А.​Скрабіна, С.​Рахманінава, С.ф. відазмяняецца ў кампазіцыйных і стылявых параметрах, дынаміцы тэматычнага развіцця, танальных суадносін, формаўтварэння. 20 ст. адзначана фарміраваннем індывідуальных варыянтаў С.ф. (Г.​Малер, А.​Анегер, Скрабін, С.​Пракоф’еў, Дз.​Шастаковіч, М.​Мяскоўскі, Ю.​Юзелюнас, В.​Лютаслаўскі, К.​Пендарэцкі і інш). У бел. музыцы С.ф. прадстаўлена шматбакова і ў класічных нормах (Л.​Абеліёвіч, М Аладаў, А.​Багатыроў, Г.​Вагнер, Я.​Глебаў, В.​Залатароў, Ф.​Пыталеў, К.​Цесакоў, Я.​Цікоцкі і інш.), і ў разнастайных сучасных мадыфікацыях (У.​Дарохін, В.​Кузняцоў, А.​Мдывані, Дз.​Смольскі, А.​Сонін, Р.​Сурус і інш.).

Літ.:

Берков В.О. Сонатная форма и строение сонатно-симфонического цикла. М., 1961;

Горюхина Н.А. Эволюция сонатной формы. 2 изд. Киев, 1973;

Бобровский В.П. Функциональные основы музыкальнай формы. М., 1978;

гл. таксама да арт. Форма музычная.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 144

САНА́ТНА-ЦЫКЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,

разнавіднасць шматчасткавай цыклічнай формы музычнай, характэрная для санатна-сімфанічнага (сімфоніі, канцэрты і г.д.) і санатнага (санаты, трыо, квартэты, квінтэты і інш.) цыклаў. Ёй уласцівы драматургічная і функцыян. ўзаемасувязь частак на аснове канцэпцыйнага адзінства цыкла пры пэўнай вобразна-тэматычнай іх самастойнасці.

Вытокі С.-ц.ф. ў стараж. цыклічных творах тыпу стараж. санаты, сюіты, партыты, такаты і інш. У працэсе эвалюцыі выкрышталізаваліся яе структурныя і функцыян. асаблівасці, якія сталі ўстойлівымі (нарматыўнымі) у творчасці венскіх класікаў (2-я пал. 18—1-я пал. 19 ст.) І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена. Класічная С.-ц.ф. мае 4 часткі (часам 3, як выключэнне — 2). 1-я частка — санатнае алегра (гл. Санатная форма), якая зместам і характарам музыкі вызначае маст. сэнс усяго санатна-сімф. цыкла. 2-я частка, павольная, звычайна — лірычны цэнтр санатна-сімф. цыкла. 3-я частка рухомая, з нечаканымі вобразна-тэматычнымі пераключэннямі. Паслядоўнасць сярэдніх частак цыкла бывае адваротная. 4-я частка (фінал) выніковая ў творы. У працэсе развіцця муз. мастацтва адбыліся змены ў канцэпцыях і драматургіі санатна-сімф. цыкла. Наватарскія рысы С.-ц.ф. выявіліся ў інтэрпрэтацыі Бетховена (у 9-й сімф. харавы з салістамі фінал), Г.​Берліёза (у «Фантастычнай сімфоніі» ўпершыню выкарыстана лейттэма). З 5-й сімфоніі Бетховена замацоўваецца тэндэнцыя як непасрэднага пераходу адной часткі С.-ц.ф. ў наступную.

У музыцы 20 ст. мадыфікацыі С.-ц.ф. датычаць тэматызму (Дз.​Шастаковіч, Р.​Шчадрын, Г.​Канчэлі, Дз.​Смольскі, Я.​Глебаў), узаемасувязі частак (І.​Стравінскі, А.​Веберн, Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, Я.​Цікоцкі, А.​Мдывані, Дз.​Смольскі, В.​Кузняцоў, Ф.​Пыталеў і інш.), часам да іх зліцця ў адно цэлае (Канчэлі, Смольскі), колькасці частак і прынцыпаў формаўтварэння (Шастаковіч, А.​Месіян, М.​Аладаў, Л.​Абеліёвіч, Мдывані, К.​Цесакоў). У сучаснай музыцы значную ролю адыгрываюць яе індывідуалізаваныя варыянты.

Літ.:

Катуар Г.Л. Музыкальная форма. Ч. 2. М., 1936;

Способин И.В. Музыкальная форма. 7 изд. М., 1984.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 144

САНАТО́РЫЙ (новалац. sanatorium ад лац. sano лячу),

стацыянарная лячэбна-прафілактычная ўстанова для лячэння з пераважным выкарыстаннем прыродных лек. фактараў (клімат, мінер. воды, лек. гразі і інш.) у спалучэнні з дыетычным харчаваннем, лячэбнай фізкультурай, фізіятэрапеўт. працэдурамі. Падзяляюцца на адна- і шматпрофільныя; для дарослых, дзяцей, падлеткаў, бацькоў з дзецьмі. Профіль С. вызначаецца ў залежнасці ад прыродных фактараў і мед. паказчыкаў. Існуюць С. для хворых на туберкулёз, захворванні органаў дыхання нетуберкулёзнага характару, органаў кровазвароту, стрававання, апорна-рухальнага апарату, нерв. сістэмы, нырак і мачавых шляхоў і інш. У С. могуць быць аддзяленні для асоб, што перанеслі інфаркт міякарда, кровазліцці ў мозг, траўмы касцей і інш. Асн. кірункі дзейнасці С.: лячэбны, рэабілітацыйны (замацаванне вынікаў лячэння), рэкрэацыйны (аздараўленне асоб з сіндромам хранічнай стомленасці, зніжэннем разумовай і фіз. працаздольнасці). На Беларусі 71 С. (2001), дзе ў першую чаргу атрымліваюць мед. дапамогу ліквідатары катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, інваліды, пенсіянеры, хворыя на туберкулёз, хворыя, што перанеслі інфаркт міякарда, аперацыі і г.д.

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 145

САНАТО́РЫЙ-ПРАФІЛАКТО́РЫЙ,

лячэбна-прафілактычная ўстанова санаторнага тыпу. Размешчаны звычайна ў горадзе ці прыгарадзе. Падпарадкаваны прамысл. прадпрыемствам і іх прафс. органам. У С.-п. атрымліваюць лячэнне без адрыву ад вытв-сці асобы, якія хварэюць або працуюць ва ўмовах прафесійнай шкоднасці, працуючыя інваліды; арганізуюцца таксама С.-п. сямейныя (з дзецьмі), профільныя (з аднароднымі захворваннямі); рэабілітацыя пасля стацыянарнага лячэння (напр., пасля аперацыі). На Беларусі 109 С.-п. (2000).

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 145

САНАЦІ́НА (італьян. sonatina памяншальнае ад sonata),

інструментальны твор, блізкі да санаты, аднак меншы за яе і тэхнічна больш просты. Характарызуецца прастатой і яснасцю вобразнасці, нескладанай фактурай; яго санатная форма мае некат. асаблівасці: экспазіцыя лаканічная, распрацоўка невял. або адсутнічае, рэпрыза мала дынамізавана. Пашырана пераважна ў пед. рэпертуары (санаціны Ф.​Кулаў, М.​Клеменці, Л.​Бетховена, А.​Дворжака, М.​Равеля, М.​Мяскоўскага, А.​Хачатурана, Дз.​Кабалеўскага). У бел. музыцы С. для розных інструментаў ёсць у М.​Аладава, Г.​Вагнера, П.​Падкавырава, М.​Русіна, А.​Туранкова, Э.​Тырманд, Л.​Шлег, М.​Шнейдэрмана і інш.

Ю.​Дз.​Златкоўскі.

т. 14, с. 145

«САНАЦЫ́ЙНЫ РЭЖЫ́М»,

«санацыя» (ад лац. sanatio аздараўленне), назва ў гіст. л-ры аўтарытарнага паліт. рэжыму ў Польшчы ў маі 1926 — вер. 1939. Устаноўлены ў выніку ваен.-дзярж. перавароту 12—13.5.1926 Ю.​Пілсудскага і яго прыхільнікаў (прапагандавалі пераварот як народны і скіраваны супраць рэакцыі для аздараўлення эканомікі), падтрыманага Польскай сацыялістычнай партыяй, партыяй «Вызволене», Беларускай санацыяй і інш. Храналагічна ўмоўна падзяляецца даследчыкамі на 2 этапы: 1926—35 (ад перавароту Пілсудскага да яго смерці) і 1935—39 (час, калі пераемнікам Пілсудскага быў Э.​Рыдз-Сміглы). У 1928—35 абапіраўся на Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам. Легітымізаваны канстытуцыяй Польшчы 1935. Абараняў інтарэсы польскіх магнатаў, быў адметны паліт. нестабільнасцю і частай зменай урадаў, варожа ставіўся да СССР, імкнуўся да супрацоўніцтва (з 1932) з Германіяй (гл. Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). Адмаўляў існаванне самаст. бел. этнасу ў польскай дзяржаве, узмацніў паланізацыю насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны (беларусаў, літоўцаў, украінцаў, яўрэяў і інш.), у т. л. праз жорсткае праследаванне тут нац.-вызв. і нац.-культ. руху (адносна беларусаў гл. ў арт. Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, «Змаганне», Таварыства беларускай школы, Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Спыніў існаванне ў пач. 2-й сусв. вайны ва ўмовах ваен. паражэння Польшчы.

Літ.:

Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. М., 1993;

Лазько Р.Р. Перад патопам: Еўрап. палітыка Польшчы (1932—1939). Мн., 2000.

У.​М.​Міхнюк.

т. 14, с. 145

САНА́ЦЫЯ (лац. sanatio лячэнне, аздараўленне) у праве, працэдура конкурснага вядзення справы, якая прадугледжвае пераход права ўласнасці, змену дагаворных і інш. абавязацельстваў, рэарганізацыю, рэструктурызацыю або аказанне фін. падтрымкі даўжніку. Ажыццяўляецца для аднаўлення яго ўстойлівай плацежаздольнасці і ўрэгулявання ўзаемаадносін даўжніка і крэдытораў ва ўстаноўленыя тэрміны. На Беларусі прадугледжана законам «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» ад 18.7.2000. Уводзіцца гасп. судом на падставе рашэння сходу крэдытораў ці па ўласнай ініцыятыве ў выпадках, прадугледжаных законам. Рашэнне гасп. суда аб С. падлягае неадкладнаму выкананню. Уводзіцца на тэрмін да 18 месяцаў з дня вынясення рашэння аб яе правядзенні, калі інш. не прадугледжана законам. Пасля заканчэння С. эканам. санкцыі за невыкананне плацежных абавязацельстваў, а таксама сумы прычыненых страт, якія даўжнік абавязаны выплаціць крэдытору, могуць быць прад’яўлены да выплаты ў памерах, што існавалі на дату адкрыцця працэдуры банкруцтва.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 145