САНА́ТА (італьян. sonata ад sonare гучаць),
адзін з асноўных жанраў камернай інстр. музыкі. Класічная С. — твор для аднаго або двух выканаўцаў, напісаны ў санатна-цыклічнай форме, з асн. часткай цыкла ў санатнай форме.
Як вызначэнне інстр. твора вядома з 15 ст. У 17 — пач. 18 ст. сфарміравалася ўстойлівая структура С. як шматчасткавага твора, заснаванага на тэматычных і танальных сувязях паміж часткамі, вобразным і тэмпавым кантрасце ў паслядоўнасці частак. Класічная цыклічная С. сфарміравалася ў 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. ў творчасці І.Гайдна, В.А.Моцарта, М.Клеменці. Росквіт жанру, адзначанага складанасцю драматургічнай канцэпцыі і маст. формы, прыпадае на творчасць Л.Бетховена (санатныя цыклы, блізкія да сімфанічных, а таксама цыклы з адвольнай паслядоўнасцю частак і элітныя). У творчасці кампазітараў-рамантыкаў С. набыла вобразнасць, характэрную для іх стылістыкі, рысы паэмнасці (гл. Паэма ў музыцы), часам праграмнасць. У канцы 19 — пач. 20 ст. развіццё С. абумоўлена арыентацыяй кампазітараў на класічныя і рамант. традыцыі. Наватарствам і самабытнасцю вылучаюцца С. філас. зместу, з распрацаванай сістэмай сімволікі (А.Скрабін), істотным пераўтварэннем вобразнага ладу муз. мовы, структуры, выканальніцкага складу (Б.Бартак, С.Пракоф’еў, І.Стравінскі, Ф.Пуленк, П.Хіндэміт, Э.Кшэнек і інш.).
У бел. муз. культуры сярод першых твораў санатнага жанру 12 С. для віяланчэлі і фп. Ф.Міладоўскага і С.-фантазія для скрыпкі і фп. М.Ельскага (2-я пал. 19 ст.). Большасць С. бел. кампазітараў напісана ў санатна-цыклічнай форме, на аснове якой узнікла мноства кампазіцыйных варыянтаў (Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, А.Багатыроў, А.Сонін, Р.Сурус, Э.Тырманд, К.Цесакоў і інш.), у т. л. і тыя, што ўвасабляюць толькі некаторыя гал. прынцыпы санатнасці (Дз.Смольскі, В.Войцік, А.Мдывані).
Літ.:
Гл. да арт. Санатная форма, Санатна-цыклічная форма.
Т.А.Дубкова.
т. 14, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)