Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«САМСУ́НГ»

(Samsung),

шматгаліновая карпарацыя Рэспублікі Карэя. Засн. ў 1938. Дзейнічае ў электроннай, харч., тэкстыльнай і інш. галінах прам-сці, у гандлі; ажыццяўляе распрацоўку прыродных рэсурсаў, фінансаванне прамысл. праектаў, інвестыцыйныя аперацыі ў Паўд. Карэі і інш. краінах. Першая ў краіне па аб’ёме продажу. Занята больш за 170 тыс. чалавек.

т. 14, с. 141

САМТА́ЎРСКІ МО́ГІЛЬНІК,

вялікі (каля 18 га) розначасовы могільнік на паўн. ускраіне стараж. г. Мцхета (Грузія). Назва ад манастыра Самтаўра, каля якога знаходзіцца могільнік. Даследавана больш за 3 тыс. пахаванняў ад сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. да 10 ст. н.э. С.м. з’яўляецца могілкамі жыхароў паселішча бронзавага веку г. Мцхета (стараж. сталіца Картлі), які ўзнік на месцы паселішча ў эліністычны час. Найб. багатыя знаходкамі грунтавыя пахаванні эпохі позняй бронзы (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.) і ранняга жалеза (9—5 ст. да н.э.): глянцаваная з геам. арнаментам і каляровая глазураваная кераміка, бронзавая і жал. зброя, упрыгожанні з бронзы, косці, сердаліку, агату, бронзавыя статуэткі жывёл і інш. Да 2—1 ст. да н.э. належаць збанавыя пахаванні, да 1—3 ст. н.э. — пахаванні ў каменных, чарапічных, цагляных скрынях і саркафагах. Знойдзены манеты, помнікі эпіграфікі, творы мастацтва, упрыгожанні (залатыя, сярэбраныя, бронзавыя бранзалеты, пярсцёнкі, завушніцы, падвескі, медальёны з каляровымі камянямі, гемы і інш.), сярэбраны і шкляны маст. посуд. Знойдзена шмат шклянога посуду мясц. вытв-сці і рэчаў туалету.

т. 14, с. 141

САМУІ́Л (?—6.10.1014),

цар [997—1014] Заходне-Балгарскага царства, якое ў 969 вылучылася са складу Першага Балгарскага царства і адстойвала сваю незалежнасць пасля захопу Візантыяй Усх. Балгарыі (971). Нанёс шэраг паражэнняў візантыйцам і вызваліў ад іх б.ч. балг. зямель, далучыў да свайго царства Сербію, значныя часткі Фесаліі і Эпіра. У 1014 пры Бяласіцы пацярпеў паражэнне ад візант. імператара Васілія II Балгарабойцы. Пераможца асляпіў 15 000 балг. палонных і накіраваў іх да С., які не вытрымаў гэтага відовішча і раптоўна памёр. У балг. гіст. традыцыі С. — узор цара-воіна і барацьбіта за незалежнасць.

т. 14, с. 142

САМУЙЛЁНАК (Эдуард Людвігавіч) (5.8.1907, С.-Пецярбург — 12.2.1939),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў польскай гімназіі (Петраград). Юнацкія гады правёў на радзіме бацькі ў в. Бандзелі Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», «Літаратура і мастацтва». Дэбютаваў вершамі ў 1928. Аповесць «Тэорыя Каленбрун» (1933) — вострасюжэтны твор пра барацьбу польск. працоўных супраць фашызму. Выкрыццю фашызму і яго дэмагагічнай ідэалогіі прысвечаны апавяданні «Сустрэча», «Урачыстая меса», «Герой нацыі». Аўтар зб-каў прозы «Пункт апоры» (1935), «Дачка эскадрона» (1937). Пісаў пра калектывізацыю («Абухам у лоб», «Русалчыны сцежкі», «Насустрач будучыні»), ідэалізавана адлюстраваў побыт калгаснай вёскі (аповесць «Паляўнічае шчасце», 1933). У рамане «Будучыня» (1938) паказаў жыццё груз. народа. Аўтар п’ес «Сяржант Дроб» (інсцэніроўка аповесці «Тэорыя Каленбрун», паст. 1935, БДТ-3), «Пагібель воўка» (апубл. і паст. 1939, БДТ-1 і БДТ-2).

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1952;

Апавяданні. Мн., 1967;

Будучыня. Мн., 1970;

Апавяданні і аповесць. Мн., 1977.

Літ.:

Вольскі В.Ф. Эдуард Самуйлёнак. Мн., 1951;

Слова пра сябра: Успаміны аб Эдуарду Самуйлёнку. Мн., 1962.

В.​П.​Жураўлёў.

Э.Л.Самуйлёнак.

т. 14, с. 142

САМУ́М (араб. гарачы вецер),

сухі гарачы вецер пераважна зах. і паўд.-зах. напрамкаў у пустынях Паўн. Афрыкі і Аравійскага п-ва. Звычайна С. — моцны кароткачасовы (ад 20 мін да 2—3 гадз) шквал, іншы раз з навальніцай, часта суправаджаецца пылавой бурай, што зацямняе Сонца. Найчасцей бывае вясной і летам.

т. 14, с. 142

САМУРА́І (ад яп. самурау — служыць),

у Японіі ў шырокім сэнсе — прадстаўнікі прывілеяванай ваен. касты, якая аб’ядноўвала ўладарных князёў і свецкіх феадалаў; у больш вузкім і ўжывальным — ваен. саслоўе. Пачалі фарміравацца як саслоўе ў перыяд сёгунаў дому Мінамота [1192—1333], асобае значэнне набылі ў час міжусобных войнаў 14—16 ст. Тады ж склалася асобная самурайская культура, у нечым падобная да рыцарскай культуры Зах. Еўропы (гл. Рыцарства), у аснове якой кодэкс гонару С. — бусідо з культам вернасці свайму гаспадару. У час сёгуната Такугава [1603—1867] статус С. (10% насельніцтва Японіі) аформлены юрыдычна. Заканчэнне міжусобных войнаў прывяло да расслаення саслоўя С., многія з якіх ператварыліся ў ронінаў (С. без гаспадара), некат. з іх папоўнілі шэрагі дэкласаваных элементаў, але б.ч. С. заставалася ў гарадах, дзе займаліся рамяством і гандлем. С. паўд.-зах. княстваў (Сацума, Цёсю, Тоса і Хідзен) адыгралі ключавую ролю ў бурж. рэвалюцыі 1867—68 (гл. Мэйдзі Ісін). У 1872 саслоўе С. скасавана, але яго традыцыі працяглы час (да паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне) культываваліся ў яп. арміі.

Літ.:

Книга самурая: Пер. с яп. СПб., 1998;

Сато Х. Самураи: история и легенды...: Пер. с яп. СПб., 1999;

Варли П., Моррис А., Моррис Н. Самураи: Пер. с англ. СПб., 1999;

Тернбулл С. Самураи: Воен. история: Пер. с англ. СПб., 1999;

Самураи: Меч и душа: Пер. с яп. СПб., 2000;

Гвоздев С.А. Самураи: Путь меча. Мн., 2001.

т. 14, с. 142

САМУСЕ́НКА (дзявочае Пятрэнка) Таццяна Дзмітрыеўна

(2.2.1938, в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на — 2.1.2000),

бел. спартсменка (фехтаванне на рапірах). Засл. майстар спорту СССР (1960). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1980). Скончыла БПІ (1962). Чэмпіёнка XVII, XIX і XX Алімп. гульняў (1960, Рым; 1968, Мехіка; 1972, г. Мюнхен, Германія) у камандным заліку, сярэбраны прызёр XVIII Алімп. гульняў (1964, Токіо). Чэмпіёнка свету ў асабістым (1966, Масква) і камандным (1963, г. Гданьск, Польшча; 1965, Парыж; 1966, Масква; 1970, Анкара) заліках. Сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1959, Будапешт; 1962, Буэнас-Айрэс; 1967, г. Манрэаль, Канада; 1969, Гавана) у камандным заліку. Бронз. прызёр чэмпіянату свету ў асабістым заліку (1959). Чэмпіёнка СССР у камандным заліку (1960, 1962, 1964, 1968, 1970, 1971, 1972), бронз. прызёр у асабістым заліку (1959, 1965, 1966).

А.​М.​Петрыкаў.

Т.​Дз.Самусенка.

т. 14, с. 142

САМУСЁЎ (Андрэй Фёдаравіч) (5.10.1908, в. Высокае Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 8.5.1965),

Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, мінамётчык. Вызначыўся ў кастр. 1943 у баях на тэр. Лоеўскага р-на, дзе першы з роты фарсіраваў Дняпро, у баі за плацдарм удзельнічаў у адбіцці контратак праціўніка, чым забяспечыў пераправу інш. падраздзяленняў. Пасля вайны старшыня калгаса.

А.Ф.Самусёў.

т. 14, с. 142

САМУ́ЦІН (Васіль Емяльянавіч) (28.6.1906, с. Ваўчкоў Перавоз Любомльскага р-на Валынскай вобл., Украіна — 13.8.1981),

адзін з кіраўнікоў падполля і партыз. руху на тэр. Беластоцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну, журналіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). Скончыў курсы Вышэйшай парт. школы пры ЦК КПСС (1952). З 1927 на камсам., з 1930 і ў 1939 на журналісцкай рабоце. З 1934 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, з 1942 рэдактар падп. газ. «Віцебскі рабочы», з 1943 1-ы сакратар Беластоцкага падп. абкома КП(б)Б, кіраўнік Беластоцкага партыз. злучэння. Пасля вайны на парт. і журналісцкай рабоце, у 1950—53 нам. міністра лясной гаспадаркі БССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51.

т. 14, с. 142

САМУЭ́ЛЬ (Софія Пятроўна) (н. 20.2.1941, в. Еськавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

гісторык. Засл. работнік культуры Беларусі (1988). Скончыла БДУ (1966). З 1969 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя»; заг. рэдакцый, у 1992—96 нам. гал. рэдактара. Аўтар артыкулаў па гісторыі Беларусі, адзін з рэдактараў і складальнікаў шэрагу энцыклапедычных выданняў, у т. л. гісторыка-дакументальных хронік «Памяць». Дзярж. прэмія Беларусі 1990 за выданне «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі».

т. 14, с. 142