САМУРА́І (ад яп. самурау — служыць),

у Японіі ў шырокім сэнсе — прадстаўнікі прывілеяванай ваен. касты, якая аб’ядноўвала ўладарных князёў і свецкіх феадалаў; у больш вузкім і ўжывальным — ваен. саслоўе. Пачалі фарміравацца як саслоўе ў перыяд сёгунаў дому Мінамота [1192—1333], асобае значэнне набылі ў час міжусобных войнаў 14—16 ст. Тады ж склалася асобная самурайская культура, у нечым падобная да рыцарскай культуры Зах. Еўропы (гл. Рыцарства), у аснове якой кодэкс гонару С. — бусідо з культам вернасці свайму гаспадару. У час сёгуната Такугава [1603—1867] статус С. (10% насельніцтва Японіі) аформлены юрыдычна. Заканчэнне міжусобных войнаў прывяло да расслаення саслоўя С., многія з якіх ператварыліся ў ронінаў (С. без гаспадара), некат. з іх папоўнілі шэрагі дэкласаваных элементаў, але б.ч. С. заставалася ў гарадах, дзе займаліся рамяством і гандлем. С. паўд.-зах. княстваў (Сацума, Цёсю, Тоса і Хідзен) адыгралі ключавую ролю ў бурж. рэвалюцыі 1867—68 (гл. Мэйдзі Ісін). У 1872 саслоўе С. скасавана, але яго традыцыі працяглы час (да паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне) культываваліся ў яп. арміі.

Літ.:

Книга самурая: Пер. с яп. СПб., 1998;

Сато Х. Самураи: история и легенды...: Пер. с яп. СПб., 1999;

Варли П., Моррис А., Моррис Н. Самураи: Пер. с англ. СПб., 1999;

Тернбулл С. Самураи: Воен. история: Пер. с англ. СПб., 1999;

Самураи: Меч и душа: Пер. с яп. СПб., 2000;

Гвоздев С.А. Самураи: Путь меча. Мн., 2001.

т. 14, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)