Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫТЫ́ЧНЫ ТОК у звышправадніках,

максімальнае значэнне пастаяннага незатухальнага эл. току, які можа працякаць праз звышправаднік без супраціўлення. Пры перавышэнні К.т. звышправаднік пераходзіць у нармальны (незвышправодны) стан. Гл. Звышправоднасць.

т. 8, с. 522

КРЫТЫ́ШЫН,

вёска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобл., каля аднайм. вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на Пд ад г. Іванава, 151 км ад Брэста, 9 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 625 ж., 262 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 523

КРЫТЫ́ШЫН,

вадасховішча ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Крытышын. Створана ў 1981. Пл. 0,5 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 340 м, найб. глыб. 4 м, аб’ём вады 1,48 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 3,8 км. Напаўняецца вадой з р. Няслуха пры дапамозе помпавай станцыі. Ваганні ўзроўню на працягу года 3,6 м. Сярэдні шматгадовы сцёк 27,7 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.

т. 8, с. 523

КРЫТЭ́РЫЙ (ад старажытнагрэч. kriterion сродак для суджэння),

адзнака, пакладзеная ў аснову класіфікацыі чаго-небудзь, або на падставе якой праводзіцца ацэнка, вызначэнне якой-небудзь з’явы, прадмета; мера для ацэнкі суджэння. Выступае як сродак праверкі ісціннасці ведаў, дзейнасці людзей і яе вынікаў, норм паводзін і дзеянняў чалавека, асобных сац. груп, этнасац. супольнасцей; іх ацэнка зыходзіць з прынятых у дадзеным грамадстве К. Функцыі асн. К. ісціны, стваральна-творчай дзейнасці людзей выконвае практыка. У навук. сферы К. апіраюцца на фундаментальныя палажэнні тэорыі пазнання і выступаюць як адзнакі ісціннасці або памылковасці тых ці інш. ідэй. У мастацтве К. звязаны з заканамернасцямі развіцця, разуменнем зместу эстэт. і мастацкіх каштоўнасцей і механізма праяўлення мастацка-ацэначнага працэсу. Гл. таксама Верыфікацыя, Дзеянне сацыяльнае, Крытэрый аптымальнасці.

В.А.Салееў.

т. 8, с. 523

КРЫТЭ́РЫЙ АПТЫМА́ЛЬНАСЦІ ў эканоміцы,

паказчык, які дае магчымасць вызначыць гранічную меру эканам. эфекту ад таго ці інш. рашэння для параўнальнай ацэнкі магчымых рашэнняў (альтэрнатыў) і выбару найлепшага (напр., максімум прыбытку, мінімум выдаткаў, мінімальны час дасягнення мэты). Важны элемент любой аптымальнай эканоміка-матэматычнай мадэлі. У адносінах да эканам. сістэм К.а. — прыкмета, па якой функцыянаванне сістэмы прызнаецца найлепшым з магчымых варыянтаў. К.а. класіфікуюць па: узроўні агульнасці (глабальныя, лакальныя), часавым аспекце (статычныя і дынамічныя, бягучыя і фінішныя, крытэрыі часу дасягнення мэты); спосабах фарміравання (нарматыўныя, сацыёлага-статыстычныя і інш.); тыпу вымяральніка (вартасныя, натуральныя і інш.); спосабах выкарыстання (практычныя, тэарэтычныя, палітыка-прапагандысцкія); матэматычнай фармалізацыі і інш.

т. 8, с. 523

«КРЫ́ЎДА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 50 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т.л. Жавускія, Лапы, Манюшкі, Сяніцкія, Сухадольскія, Хмары, Чарноцкія. У блакітным полі выява сярэбранай падковы, унутры якой залаты крыж, на падкове — другі крыж без аднаго канца. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба з сярэбранымі крыжамі, з 5 страусавымі пёрамі ў клейнодзе і інш. З’явіўся, верагодна, у 16 ст. як варыянт герба «Любіч».

Герб «Крыўда».

т. 8, с. 523

КРЫЎЛЯ́НСКІ ЗА́МАК Існаваў у 17 — пач. 18 ст. каля в. Крыўляны

(Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў забалочанай мясцовасці. Належаў князям Чартарыйскім. Меў блізкі да прамавугольніка план (пл. каля 11 га),

быў умацаваны земляным валам (шыр. 7—8, выш. каля 4 м), бастыёнамі, ровам (шыр. 13—15, глыб. да 4 м). З паўн.-зах. боку быў абведзены дадатковым вадзяным ровам. Уезд у замак размяшчаўся з ПдУ. У паўн.-зах. частцы на ўзвышэнні стаяла драўляная вежа, каля якой была сажалка, абнесеная высокім земляным валам і злучаная з рэчкай. У комплекс уваходзілі таксама драўляны палац, жылыя і гасп. пабудовы. Не збярогся.

М.А.Ткачоў.

т. 8, с. 523

КРЫЎЛЯ́НЫ,

вёска ў Жабінкаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на Пн ад горада і чыг. ст. Жабінка, 40 км ад Брэста. 399 ж., 147 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Каля вёскі рэшткі Крыўлянскага замка.

т. 8, с. 523

КРЫЎСК,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Гомель—Жлобін і г.п. Уваравічы — в. Смычок. За 16 км на Пд ад горада і чыг. ст. Буда-Кашалёва, 41 км ад Гомеля. 904 ж., 449 двароў (1998). Ільнозавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 523

КРЫ́ЎЧЫК (Аляксандра Аляксандраўна) (н. 24.2.1928, Мінск),

бел. вучоны ў галіне патафізіялогіі. Д-р мед. н. (1973), праф. (1976). Засл. дз. н. Беларусі (1991). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1954) і працуе ў ім (у 1975—96 заг. кафедры). Навук. праиы па дваістай прыродзе хваробы, канцэрагенезе, патагенезе партальнай гіпертэнзіі, дыфузных пашкоджаннях печані, метадах іх карэкцыі.

Тв.:

Портальная гипертензия. Мн., 1979;

Центральные механизмы нейрогуморальной регуляции функций в норме и патологии. Мн., 1985 (у сааўт.);

Патофизиологические аспекты опухолевого роста. Мн., 1987.

Літ.:

А.А.Кривчик: (к 70-летию со дня рождения) // Здравоохранение. 1998. № 2.

т. 8, с. 523