Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЮНГЁЙ-АЛА́О́О, Кунгей-Алатау,

хрыбет на Пн Цянь-Шаня, які абмяжоўвае з Пн Ісык-Кульскую катлавіну ў Казахстане і Кыргызстане. Даўж. каля 280 км. Выш. да 4771 (г. Чок-Тал). Складзены з гранітаў, сланцаў, пясчанікаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі агульнай пл. 237 км². На паўн. схілах і ў цяснінах — лясы з цянь-шаньскай елкі, на паўд. — горныя стэпы, вышэй — горныя лугі і лугастэпы. Ва ўсх. ч. перавал Сан-Таш.

т. 9, с. 77

КЮРАСА́О (Curaęao),

востраў у Карыбскім м., у групе Падветраных астравоў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы), каля паўн. берагоў Паўд. Амерыкі. Уладанне Нідэрландаў. Пл. 462 км². Нас. 146,1 тыс. чал. (1990), у асн. негры. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 372 м). Берагі на З і Пд акружаны каралавымі рыфамі, маюць зручныя гавані. Клімат субэкватарыяльны. Ападкаў 500 мм за год. Ксерафільная хмызняковая расліннасць. Буйныя з-ды па перапрацоўцы нафты з Венесуэлы. Гал. горад — Вілемстад. К. адкрыты ў 1499 ісп. мараплаўцам А. дэ Ахедам.

т. 9, с. 77

КЮРЫ́,

пазасістэмная адзінка актыўнасці радыеактыўных ізатопаў. Названа ў гонар П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры. Абазначаецца Кі. І Кі — актыўнасць ізатопу, у якім за 1 с адбываецца 3,7∙10​10 актаў распаду, 1 Кі = 3,7 Бк. Гл. таксама Бекерэль.

т. 9, с. 77

КЮРЫ́ ((Curie) П’ер) (15.5.1859, Парыж — 19.4.1906),

французскі фізік; адзін з заснавальнікаў вучэння аб радыеактыўнасці. Чл. Парыжскай АН (1905). Скончыў Парыжскі ун-т (1877), дзе і працаваў у 1878—83 і з 1904 (праф.), у 1883—1904 у Школе фізікі і хіміі. Навук. працы па фізіцы крышталёў, магнетызме і радыеактыўнасці. Разам з братам Полем Жанам К. адкрыў з’яву п’езаэлектрычнасці (1880), у 1884—95 выканаў шэраг даследаванняў па сіметрыі крышталёў і магнітных уласцівасцях рэчываў (гл. Кюры—Вейса закон, Кюры закон, Кюры пункт). З жонкай М.Складоўскай-Кюры адкрыў хім. элементы палоній і радый (1888), даследаваў уласцівасці радыеактыўных рэчываў і дзеянне радыеактыўнага выпрамянення. У іх гонар названы адзінка актыўнасці радыеактыўных ізатопаў кюры і хім. элемент кюрый. Нобелеўская прэмія 1903 (разам з А.Бекерэлем).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. М.; Л.,1966.

Літ.:

Кюри М. Пьер Кюри: Пер. з фр. М., 1968;

Старосельская-Никитина О.А. История радиоактивности и возникновения ядерной физики. М., 1963.

П.Кюры.

А.І.Болсун.

т. 9, с. 77

КЮ́РЫЙ (лац. Curium),

Cm, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 96, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 15 ізатопаў з масавымі лікамі 237—251; найб. устойлівы — ​247Cm (перыяд паўраспаду 1,58 10​7 гадоў) — α-выпраменьвальнік, знойдзены ў зямной кары ў некат. радыеактыўных мінералах. Адкрыты ў 1944 Г.Т.Сібаргам з супрацоўнікамі, названы ў гонар П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры.

Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 1358 °C, шчыльн. 13 510 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей падобны да лантаноідаў. Выкарыстоўваюць ізатопы ​242Cm і ​244Cm у ізатопных крыніцах току, для атрымання чыстага плутонію-238. Высокатаксічны, ГДК у паветры рабочых памяшканняў для ​242Cm і ​244Cm — 2,210​−4 і 1,710 ​7 Бк/л адпаведна.

т. 9, с. 78

КЮРЫТЭРАПІ́Я,

гл. ў арт. Прамянёвая тэрапія.

т. 9, с. 78

КЮРЫ—ВЁЙСА ЗАКО́Н,

тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці парамагнетыкаў; абагульненне Кюры закона на выпадак узаемадзеяння паміж лакалізаванымі магнітнымі момантамі.

Мае выгляд χ = C/(T − Θ), дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры), Θ — парамагн. т-ра Кюры. Устаноўлены франц. фізікам П.Вейсам у 1907. К—В.з. падпарадкоўваюцца фера- і антыферамагнетыкі ў парамагн. вобласці пры т-рах, больш высокіх за Кюры пункт і Нееля пункт адпаведна, а таксама сегнетаэлектрыкі: дыэлектрычная пранікальнасць пры т-рах Τ>Θ, дзе Θ — т-ра Кюры сегнетаэлектрыка; змяняецца па законе ε = B/(T − Θ), дзе B — канстанта рэчыва.

т. 9, с. 77

КЮРЫ́ ЗАКО́Н,

тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці χ некаторых парамагнетыкаў. Мае выгляд χ = C/T, дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры). Адкрыты ў 1895 П.Кюры. К.з. падпарадкоўваюцца газы, пара шчолачных металаў, разбаўленыя растворы парамагн. солей і інш. Класічная тэорыя К.з. грунтуецца на стат. разглядзе ўласцівасцей сістэмы («газу») слаба ўзаемадзейных атамаў, малекул ці іонаў, якія маюць магн. дыпольны момант. У знешнім магн. полі адбываецца арыентацыя гэтых момантаў уздоўж поля, якой перашкаджае цеплавы рух часціц. Гл. таксама Кюры—Вейса закон.

т. 9, с. 77

КЮРЫ́ ПУНКТ,

тэмпература фазавага пераходу, звязаная са скачкападобнымі зменамі сіметрыі магн. або эл. уласцівасцей рэчыва. Пры т-рах, больш высокіх за К.п., ферамагнетыкі і сегнетаэлектрыкі страчваюць свае спецыфічныя ўласцівасці і пераўтвараюцца ў парамагнетыкі і звычайныя дыэлектрыкі адпаведна (К.п. у антыферамагнетыкаў наз. Нееля пунктам). Названы ў гонар П.Кюры, які вывучаў такі пераход у ферамагнетыках.

т. 9, с. 77

КЮ́СЮ,

востраў на Пд Японіі. Пл. каля 42 тыс. км². Нас. 13,3 млн. чал. (1992). Абмываецца на У Ціхім ак., на ПнУ — Унугр. Японскім м., на ЗУсх.-Кітайскім м. Усх. бераг прамалінейны, астатнія моцна парэзаныя бухтамі, залівамі. Паверхня гарыстая, выш. да 1788 м (вулкан Кудзю). На З і ПнЗ нізінныя алювіяльныя раўніны. Горы складзены пераважна з гранітаў, сланцаў, вулканічных парод; узгоркі і нізіны з пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы каменнага вугалю. Актыўна дзеючыя вулканы (Аса, Кірысіма і інш.). Шмат гарачых крыніц. Частыя землетрасенні (найб. моцныя ў 1909, 1961, 1968). Клімат субтрапічны, на Пд трапічны мусонны. Т-ра паветра ў гарах у студз. каля 0 °C, на прыбярэжных раўнінах 10 °C, у ліп. адпаведна 15 і 28 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Тайфуны. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння. Вечназялёныя і лістападныя лясы, лугі. Вырошчваюць рыс, збожжавыя, цукр. трыснёг, цытрусавыя, тытунь. Гарады: Кітакюсю, Фукуока, Кагосіма, Кумамота, Нагасакі. Нац. паркі: Асо, Кірысіма—Яку, Сайкай і інш.

т. 9, с. 78