Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУЯЛЬНІЦКІ КУРО́РТ, Куяльнік,

бальнеагразевы курорт на Украіне. У складзе Адэскай групы курортаў, за 10 км ад г. Адэса, на беразе Куяльніцкага лімана. Адзін са старэйшых гразевых курортаў (першыя ўстановы пабудаваны ў 1833). Асн. лек. прыродныя фактары: глеевыя сульфідныя гразі (запасы каля 20 млн. м³), ліманная рапа (мінералізацыя да 190 г/л, мае ў сабе серавадарод, бром, жалеза і інш.), хларыдна-гідра-карбанатна-натрыевыя воды мясц. мінер. крыніц (пітныя лячэбна-сталовыя і для ваннаў, наладжаны прамысл. разліў). Гразе-, бальнеа-, аэрагелія- і таласатэрапія хвароб суставаў, нерв. сістэмы, гінекалагічных, некат. страўнікава-кішачных. Санаторыі, пансіянаты, бальнеа- і гразелячэбніцы, установы для амбулаторна-курсовачнага лячэння.

т. 9, с. 68

КУЯ́ЛЬНІЦКІ ЛІМА́Н.

На паўночна-заходнім узбярэжжы Чорнага м. каля г. Адэса (Украіна). Даўж. 28 км. Сярэдняя глыб. каля 3 м. Ад мора аддзелены пясчаным перасыпам шыр. да 3 км. Упадае р. Вял. Куяльнік. На дне — ілавыя адклады, якія змяшчаюць серавадарод. Летам т-ра вады да 28—30 °C. Салёнасць да 74,3‰. На беразе — бальнеагразевы Куяльніцкі курорт.

т. 9, с. 68

КУЯ́ЎСКА-ПАМО́РСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Kujawsko-Pomorskie),

адм.-тэр. адзінка ў цэнтр. ч. Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 17,7 тыс. км². Нас. 2,1 млн. чал. (1999), гарадскога 61%. Адм. цэнтр — г. Быдгашч. Найб. гарады: Торунь, Улацлавак, Грудзёндз, Інавроцлаў. Большая частка ваяводства размешчана ў межах Велікапольска-Куяўскай нізіны. На Пн заходзіць частка Паморскага Паазер’я, на Пд — ускраіны Велікапольскага Паазер’я. Пашыраны ледавіковыя і водна-ледавіковыя адклады і формы рэльефу. Карысныя выкапні: каменная соль, буд. матэрыялы, торф. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. -2 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 450—550 мм за год. Гал. рэкі Вісла (з прытокамі Брда, Вда, Оса, Дрвенца) і Нотаць (бас. Одры) злучаны Быдгашчцкім каналам. Шмат азёр (Гопла, Караноўскае і інш.). Глебы пераважна падзолістыя і бурыя, на паніжэннях — тарфяныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Пад лесам каля 24% тэрыторыі (дуб, граб, хвоя, елка). Гаспадарка аграрна-прамысловая. Развіты машынабудаванне (вытв-сць абсталявання для харч., дрэваапр. і цэм. прам-сці, веласіпедаў, паўправаднікоў, эл.-тэхн. прылад), хім. (вытв-сць пластмас, фарбаў, лакаў, гумавых вырабаў, мінер. угнаенняў), дрэваапр. (цэлюлозна-папяровая, мэблевая), лёгкая (абутковая, швейная, шарсцяная), паліграф., харч. (цукр., мяса-малочная, мукамольная, алейная, агароднінна-кансервавая) прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча каменнай солі. Пад с.-г. ўгоддзямі 63% тэрыторыі, у т. л. пад ворнымі землямі 55%. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, ячмень, бульбу, цукр. буракі, тытунь, рапс, кармавыя травы. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Бальнеагразевы і кліматычны курорт Інавроцлаў. Турызм.

т. 9, с. 68

КУ-КЛУКС-КЛА́Н (Ku-Klux-Klan),

тэрарыстычная арг-цыя ў ЗША. Узнік у 1866 у г. П’юласкі (штат Тэнесі) пасля паражэння рабаўладальніцкіх паўд. штатаў у грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65 для барацьбы метадамі падпалаў, паліт. забойстваў, «Лінча суда» і інш супраць Рэканструкцыі Поўдня 1865—77, руху за грамадз. правы неграў, паліт. апанентаў з ліку радыкальных членаў Рэсп. партыі. Створаны на ўзор тайнага ордэна (арганізац. структура, адзенне, рытуалы). У 1869 каля 500 тыс. членаў. У 1869—71 забаронены федэральнымі ўладамі, у 1882 абвешчаны супярэчным канстытуцыі ЗША. Пэўны час вёў нелегальную дзейнасць. Адноўлены ў 1915 каля г. Атланта, пашырыўся ў Індыяне і інш. штатах Сярэдняга Захаду. Праследаваў рэліг., расавыя і этн. меншасці (католікаў, яўрэяў, неграў, ірландцаў), інтэлігенцыю, праціўнікаў сухога закону і рабочыя арг-цыі. Найб. размаху дзейнасць К.-к.-к. дасягнула ў 1920-я г. (у 1923 каля 4—5 млн. членаў). У 1960-я г. намагаўся перашкодзіць увядзенню ў дзеянне заканадаўства аб грамадз. правах неграў на Пд ЗША. У 1989 налічваў 6,5 тыс. членаў.

т. 8, с. 568

КХМЕ́РЫ (саманазва кхмер, кхмаэ),

камбаджыйцы, нацыя, асн. насельніцтва Камбоджы (8,6 млн. чал.). Агульная колькасць 10,35 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў В’етнаме (950 тыс.), Тайландзе (700 тыс.), ЗША (15 тыс.), Канадзе (15 тыс.), Аўстраліі (9 тыс.). Гавораць на кхмерскай мове. Вернікі — будысты (хінаяна).

т. 9, с. 68

КХУ́ЛНА,

горад на Пд Бангладэш. Адм. ц. вобл. Кхулна. 601 тыс. ж. (1991). Порт на р. Пусур (рукаў Ганга), за 45 км ад марскога порта Чална. Буйны эканам. цэнтр. Прам-сць: джутавая, тэкст., харч., металаапр., маш.-буд., дрэваапр., папяровая, хімічная. Верфі (буд-ва рачных суднаў). ЦЭС.

т. 9, с. 68

КШАСІ́НСКАЯ (Мацільда) (Марыя) Феліксаўна (31.8.1872, С.-Пецярбург — 6.12.1971),

артыстка балета, педагог. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1904). Дачка Ф.Л.Кшасінскага. Вучылася ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. У 1890—1917 выступала ў Марыінскім т-ры ў С.-Пецярбургу, а таксама ў Монтэ-Карла, Варшаве, Вене, Парыжы, антрэпрызе С.​Дзягілева. Яе выкананне вылучалася бравурнасцю, жыццярадаснасцю, пікантнасцю, класічнай завершанасцю. Сярод партый: Млада, Нікія («Млада», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), фея Дражэ, Адэта—Адылія, Аўрора («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Пахіта («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза), Каламбіна («Арлекінада» Р. Дрыга), Ліза («Марная засцярога» Ф.​Герольда), Эсмеральда (аднайм. балет Ц.​Пуні) і інш. З 1920 у Францыі, адкрыла (1929) балетную студыю ў Парыжы. Аўтар «Успамінаў» (1960).

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 2. Танцовщики. Л., 1972;

Бобров В.Д., Кириков Б.М. Особняк Кшесинской. СПб., 1996.

т. 9, с. 68

КШАСІ́НСКІ (сапр. Кшасінскі-Нечуй) Фелікс

(Адам-Валезіуш) Іванавіч (Янавіч; 17.11.1823, Варшава — 16.7.1905),

расійскі артыст балета, балетмайстар. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1898). Вучыўся ў Варшаўскай балетнай школе (1831—38, педагог М.Піён). У 1844—52 танцоўшчык балетнай трупы «Варшаўскіх урадавых тэатраў». З 1853 саліст Пецярбургскай балетнай трупы. Асабліва па-заліхвацку выконваў польск., цыганскія, венг. танцы ў балетах і операх; першы ў Расіі «мазурыст». Сярод партый: Ініга («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза), Бірбанта («Карсар» А.​Адана), цар Нубійскі, Кандаўл, Клод Фрола («Дачка фараона», «Цар Кандаўл», «Эсмеральда» Ц.​Пуні), Брамін («Баядэрка» Л.​Мінкуса). Наватар у пошуках «рэаліст. грыму» ў балетным т-ры. Паставіў балеты «Сялянскае вяселле» («Вяселле ў Айцове») Я.​Стэфані, «Роберт і Бертрам, або Два злодзеі» І.​Шміта і Пуні і інш.

Літ.:

Кшесинская М. Воспоминания. М., 1992.

т. 9, с. 68

КШЭ́НЕК, Кршэнек (Křenek) Эрнст (23.8.1900, Вена — 22.12.1991), аўстрыйска-амерыканскі кампазітар, педагог. Вучыўся ў Акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва ў Вене (з 1916), у Вышэйшай школе музыкі ў Берліне (1920—23). З 1937 у ЗША, праф. шэрагу ун-таў і каледжаў. У 1920-я г. зазнаў уплыў Б.​Бартака, І.​Стравінскага, П.​Хіндэміта, як оперны кампазітар быў пад уплывам экспрэсіянізму. оперы «Скачок праз цень» (паст. 1924), «Джоні найгравае» (паст. 1927) з элементамі джаза і атанальнай муз. структурай. З 1930-х г. шырока выкарыстоўваў дадэкафонію, серыяльнасць (гумарыстычная тэлеопера «Разлічана і прайграна», 1961). З 1950-х г. адзін з вядучых прадстаўнікоў муз. авангарда (тэлеопера «Чароўнае люстэрка», 1966). Пісаў электронную музыку, карыстаўся алеаторыкай. Аўтар 17 опер, 3 балетаў, аперэт, 5 сімфоній (1923—50), канцэртаў для інструментаў з аркестрам і інш.; кніг «Аб новай музыцы» (1937), «Эцюды аб кантрапункце» (1940), аўтабіяграфіі (1948) і інш.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 9, с. 69

КЫДЫКЕ́ЕВА (Бакен) (20.10.1923, с. Акцябр Канцкага р-на, Кыргызстан — 1994),

кіргізская актрыса. Нар. арт. СССР (1970). З 1936 працавала ў Кірг. т-ры юнага гледача, з 1944 у драм. т-ры (абодва ў г. Фрунзе). Сярод лепшых роляў: Айганыш («Курманбек» К.​Джантошава), Жамал («Жывая вада» Дыйкамбаева), Айканыш («Зерне бессмяротнасці» А.​Такамбаева), Сейдэ («Твар у твар» паводле Ч.​Айгматава), Джэсі («Рускае пытанне» К.​Сіманава), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.​Транёва), Кацярына («Навальніца» А.​Астроўскага), Соф’я («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Ганна («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Дэздэмона («Атэла» У.​Шэкспіра) і інш. Здымалася ў кіно. Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1970.

т. 9, с. 69