Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВА́НЖУРА (Wanžura, Vančura) Эрнест (1750?, Вамберк, Чэхія — студз. 1802), кампазітар і клавесініст. Па паходжанні чэх. Барон. Служыў у войсках аўстр. імператара Іосіфа II. У 1780 запрошаны графам С.Г.Зорычам у прыдворны т-р у Шклове. Аўтар лібрэта, музыкі і дэкарацый «Пантамімы з алегорыямі», паст. у Шклове 30.5.1780 у прысутнасці Кацярыны II і Іосіфа II. З 1783 муз. кіраўнік у выхаваўчым доме, інспектар муз. класаў Пятроўскага т-ра ў Маскве, у 1786—97 у дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу, капельмайстар і прыдворны клавесініст. Сярод твораў: камічныя оперы «Храбры і смелы віцязь Архідэіч» (паст. 1787), «Апякун падмануты»; З сімфоніі на слав. тэмы (на ўкр., рус. і польск.). У 1785—94 выдаваў муз. часопіс.

Г.І.Барышаў.

т. 3, с. 502

ВАНІЛІ́Н,

метаметоксі-парагідоксібензойны альдэгід, CH3O(OH)C6H3CHO, араматычнае арган. рэчыва з пахам ванілі, вытворнае бензолу. Бясколерныя ігольчастыя крышталі, tпл 81—83 °C, tкіп 284—285 °C, шчыльн. 1056 кг/м³. Сублімуе без раскладання, раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, хлараформе і інш. У натуральным стане ў выглядзе гліказіду ёсць у пладах ванілі; сінтэтычны ванілін атрымліваюць з гваяколу, лігніну і эўгенолу. Шырока выкарыстоўваецца ў харч., парфумернай і фармацэўтычнай прам-сці. Сумесь ваніліну з цукр. пудрай (1 : 100) наз. ванільным цукрам.

т. 3, с. 502

ВАНІ́ЛЬ

(Vanilla),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 110 відаў. Пашыраны ў тропіках. Некалькі відаў, пераважна ваніль духмяная, або пляскаталістая (V. fragrans), помпавая (V. pompona) і таіцянская (V. tahitensis), культывуюцца ў трапічных краінах для атрымання пладоў, у якіх ёсць ванілін. На Беларусі як дэкар. расліны вырошчваюцца ў аранжарэі Цэнтр. бат. саду АН Беларусі і аматарамі.

Наземныя або эпіфітныя шматгадовыя травяністыя ліяны. Сцябло доўгае, лазячае з дапамогай шматлікіх паветр. каранёў. Лісце простае, сядзячае, бліскучае. Кветкі пераважна белавата-жоўтыя або белавата-зеленаватыя, сабраныя па 15—20 у суквецці. Плод — доўгая струкападобная каробачка з шматлікім вельмі дробным насеннем. Харч., дэкар. і лек. расліны.

т. 3, с. 503

ВА́НІН Васіль Васілевіч

(13.1.1898, г. Тамбоў, Расія — 12.5.1951),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1949). Скончыў драм. студыю ў Тамбове (1920). Працаваў у т-рах Тамбова, Петраграда. У 1924—49 вядучы акцёр Т-ра імя МГСПС (з 1938 імя Массавета). У 1944—51 кіраўнік акцёрскай майстэрні Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі, праф. (з 1949). З 1950 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя А.Пушкіна. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. Сярод роляў: Чапаеў (аднайм. п’еса паводле аповесці Дз.Фурманава), Фаюнін («Нашэсце» Л.Лявонава), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна; і рэжысёр). З 1927 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1949.

т. 3, с. 503

ВАНІТАВА́ННЕ,

гл. Ірвота.

т. 3, с. 503

ВАНКАРЭ́М,

мыс на ПнЗ Чукоцкага п-ва, у Чукоцкім моры (тэр. Расійскай Федэрацыі). На Ванкарэме нас. пункт Ванкарэм. Палярная станцыя (з 1934).

т. 3, с. 503

Ванкевіч Алена Васілеўна

т. 18, кн. 1, с. 360

ВАНКУ́ВЕР (Vancouver) Джордж

(22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),

англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.

т. 3, с. 503

ВАНКУ́ВЕР

(Vancouver),

востраў у Ціхім ак., самы вял. каля зах. берагоў Паўн. Амерыкі, у складзе Канады. Пл. 32,2 тыс. км². Рэльеф гарысты, выш. да 2200 м. Берагі фіёрдавыя. Клімат умераны марскі, вільготны. Хвойныя лясы. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Здабыча вугалю і жал. руды. Нац. парк Пасіфік-Рым. Гал. горад і порт — Вікторыя. Названы ў гонар Дж.Ванкувера.

т. 3, с. 503

ВАНКУ́ВЕР

(Vancouver),

горад на ПнЗ ЗША, штат Вашынгтон; паўн. прыгарад Портленда (штат Арэгон). Засн. Ў 1824. 46,4 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 200 тыс. ж. (1990). Порт на р. Калумбія (даступны для марскіх суднаў). Каляровая металургія (выплаўка алюмінію), дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, электронная, харч. (вытв-сць пладовых і рыбных кансерваў) прам-сць. Рыбалоўства. Вулканалагічная абсерваторыя. У 1937 у Ванкуверы завяршылі пералёт праз Паўн. полюс В.П.Чкалаў, Г.П.Байдукоў і А.В.Белякоў.

т. 3, с. 503