Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУРАНЁЎ (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 5.9.1947, г. Савецкая Гавань Хабараўскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі. Д-р тэхн. н. (1998), праф. (1999). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітна-ракетнае вучылішча (1969). З 1987 у Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па прасторава размеркаваных інфарм. сістэмах са структурнай і параметрычнай адаптацыяй. Распрацаваў шэраг шматпазіцыйных вымяральнікаў каардынат, адаптыўных да выпадковых змен паветраных умоў.

М.​П.​Савік.

т. 9, с. 41

КУРАНЁЎ (Рыгор Самойлавіч) (1.2.1921, г. Нікапаль Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 12.8.1985),

расійскі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1950). Друкаваўся з 1950. Аўтар зб. вершаў «Разведка боем» (1957), паэм «Самалёты выходзяць у поле» (1951), «На беразе Палаты» (1964), асн. тэма якіх патрыятызм, жыццё сучаснікаў. На рус. мову пераклаў вершы М.​Танка (зб. «Каб дайсці да казкі...», 1966), А.​Вярцінскага (зб. «Вяртанне», 1969), Г.​Бураўкіна (зб. «Жаваранак над праспектам», 1972), С.​Грахоўскага (зб. «Зазімак», 1978), паэму Р.​Барадуліна «Балада Брэсцкай крэпасці» (1975), асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, П.​Глебкі, П.​Панчанкі, Е.​Лось і інш. На бел. мову яго вершы пераклалі У.​Паўлаў, А.​Пысін, С.​Шушкевіч.

т. 9, с. 41

КУ́РАНТ ((Courant) Рыхард) (8.1.1888, г. Люблінец, Польшча — 27.1.1972),

амерыканскі матэматык. Замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Гётынгенскі ун-т (1910), дзе і працаваў у 1920—33. З 1934 праф. Нью-Йоркскага ун-та. Навук. працы па тэорыі канформных адлюстраванняў, краявых задачах матэм. фізікі, варыяцыйным злічэнні. Аўтар многіх манаграфій і падручнікаў.

Тв.:

Рус. пер. — Курс дифференциального и интегрального исчисления. Т. 1. 4 изд. М., 1967;

Т. 2. 2 изд. М., 1970;

Методы математической физики. Т. 2. Уравнения с частными производными. М., 1964.

т. 9, с. 41

КУРА́НТА (франц. courante літар. бягучая),

прыдворны танец італьян. паходжання. Найб. пашыраны на мяжы 16—17 ст. Муз. памер ​2/4, рытм пункцірны. Пазней узніклі 2 віды К. — франц. (тэмп умераны, памер ​3/2 або ​6/4, частая змена рытму, урачысты характар) і італьянская (тэмп хуткі, пастаянны муз. памер ​3/4 або ​3/8). У прафес. музыцы існавала да 1-й пал. 18 ст. як 2-я частка інстр. сюіты (І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль). Вядомы рукапісны зб. «Куранты», у якім змешчаны шэраг кантаў і псальмаў з акрэсленымі бел. рысамі.

т. 9, с. 41

КУРА́НТЫ (ад франц. coürant цякучы, бягучы),

старадаўняя назва вежавых або вял. пакаёвых гадзіннікаў з музычным механізмам, якія б’юць з пэўнай меладычнай паслядоўнасцю ці выконваюць невял. музычныя п’есы. З найб. вядомых — К. Маскоўскага Крамля.

т. 9, с. 41

«КУРА́НТЫ»,

першыя рас. рукапісныя газеты ў 1600—1701. Складаліся ў невял. колькасці ў Пасольскім прыказе для інфармавання цара і Баярскай думы пра падзеі ў замежных краінах (дыпламат. зносіны, ваен. і ўнутрыдзярж. падзеі, копіі мірных дагавораў, прамовы каралёў, звесткі пра рэдкія прыродныя з’явы і інш.). Крыніцамі для іх складання былі замежныя друкаваныя матэрыялы, паведамленні рас. і замежных агентаў. Папярэднік рас. друкаванай газ. «Ведомости».

т. 9, с. 41

«КУРА́НТЫ»,

рукапісны зборнік (альбом) кантаў і псальмаў, датаваны 1733. Уключае 31 тэкст з нотамі на 1, 2, 3 галасы. Акрэслена бел. або бел.-ўкр. рысы маюць канты «А гды ж тая голубенка сама полетела», «Гой, гой, сядем в коло», «А ў поли речка, через речку кладка», «В неделенку рано», «Ганнусенька коханная, вечер была румяная», «Межу горами разшумела речка», «Тяжкая моя бедонка» і інш., вядомыя па інш. рукапісных зборніках. Таму можна меркаваць, што «К.» складаліся шляхам перапісвання з больш ранніх крыніц. Паводле запісу на форзацы можна меркаваць, што зборнік створаны ў г. Яраслаўль і належаў мясц. купчысе Пратапопавай. Зберагаецца ў рукапісным аддзеле Ін-та рус. л-ры (Пушкінскі дом). На матэрыялах «К.» В.​Капыцько пабудаваў аднайм. араторыю з элементамі дзейства для голасу, хору і інстр. ансамбля (1990).

Публ.:

McMillin A.B., Drage C.L. Curanty: an unpublished Russian Song-Book of 1733 // Oxford Slavonic Papers. 1970. Vol. 3.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. C. 95—96.

Л.​П.​Касцюкавец, А.​В.​Мальдзіс.

т. 9, с. 42

КУРАПАДО́БНЫЯ (Galliformes),

атрад птушак. Вядомы з ніжняга эацэну. 2 падатр.: гаацыны і ўласна К., 7 сям. (6 сучасных: веліканогія куры, фазанавыя, індычыя, краксавыя, або гока, цецеруковыя, цацаркавыя), 108 выкапнёвых і 283 сучасныя віды. Наземныя або наземна-дрэвавыя птушкі. На Беларусі 7 відаў: глушэц, курапаткі белая і шэрая, перапёлка, рабчык, цецярук, фазан. У Чырв. кнізе МСАП — 26 відаў, 11 падвідаў. У Чырв. кнізе Беларусі — курапатка белая.

Даўж. ад 12 см (карлікавая перапёлка) да 235 см (чубаты аргус), маса ад 45 г (карлікавая перапёлка) да 10 кг (дзікі індык). Самцы буйнейшыя за самак. Палавы дымарфізм добра выражаны. Дзюба кароткая, моцная. Крылы шырокія. Ногі моцныя. Добра ходзяць, бегаюць, палёт непрацяглы. Кормяцца пладамі, насеннем, травой, лісцем, насякомымі, малюскамі, чарвямі. Пераважна палігамы, такуюць. Гнёзды на зямлі (акрамя гаацына і гока). Нясуць да 25 яец. Вывадкавыя птушкі. Банкіўскія куры (гл. Банкіўскі певень), індычыя і цацаркавыя — продкі свойскіх парод. Аб’ект промыслу і развядзення.

т. 9, с. 42

КУРАПА́ТКІ,

птушкі сям. цецеруковых і фазанавых атр. курападобных. Пашыраны ўсюды, ад тундры да трапічных лясоў і высакагор’яў. На Беларусі 2 віды: К. белая (Lagopus lagopus) і К. шэрая (Perdix perdix). Жывуць на палях, балотах, лугах, у драбналессі. К. белая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 46 см, маса да 900 г. Афарбоўка шэра-бурая, рыжа-бурая, у К. белай зімой белая. Кормяцца парасткамі, пупышкамі, насеннем траў, зернем, насякомымі (у т. л. каларадскімі жукамі). Нясуць да 24 яец. Аб’ект палявання. Гл. таксама Белыя курапаткі.

т. 9, с. 42

КУРАПА́ТКІН (Аляксей Мікалаевіч) (29.3.1848, б. маёнтак Шашурына, Таропецкі р-н Цвярской вобл., Расія — 16.1.1925),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1901). Скончыў Акадэмію Генштаба (1874). Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78 і заваявання Сярэдняй Азіі, адзін з памочнікаў ген. М.​Дз.Скобелева. У 1890—97 нач. Закаспійскай вобл. У 1898—1904 ваен. міністр. У руска-японскую вайну 1904—05 камандаваў Маньчжурскай арміяй і ўсімі рас. войскамі на Д. Усходзе; пасля няўдалай Мукдэнскай бітвы 1905 зняты з пасады і прызначаны камандуючым 1-й арміяй. Чл. Дзярж. савета (з 1906). У 1-ю сусв. вайну камандаваў корпусам, 5-й арміяй, Паўн. фронтам; у 1916—17 туркестанскі ген.-губернатар. З 1917 на радзіме, настаўнічаў у сярэдняй і заснаванай ім с.-г. школах. Аўтар прац «Алжырыя» (1877), «Дзеянні атрадаў генерала Скобелева ў Руска-турэцкую вайну 1877—78 гадоў. Лоўча і Плеўна» (ч. 1—2, 1885), дзённіка (1923) і інш.

т. 9, с. 42