Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫНІ́ЦЫ ТО́КУ,

устройствы, якія пераўтвараюць розныя віды энергіі ў электрычную (у пераменны ток або пастаянны ток). Умоўна падзяляюцца на хім. К.т., у якіх электраэнергія вырабляецца ў выніку акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі (гл. Акісленне-аднаўленне), і фізічныя, якія пераўтвараюць мех., цеплавую, эл.-магн., светлавую, энергію радыяц. выпрамянення і ядз. распаду ў электрычную.

Хімічныя К.т. складаюцца з аднаго або некалькіх гальванічных элементаў. Падзяляюцца на першасныя (аднаразовага выкарыстання; пераважна марганцава-цынкавыя элементы, выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы сілкавання нязначнай магутнасці), другасныя (абарачальныя; электрычныя акумулятары і акумулятарныя батарэі) і паліўныя элементы. Фізічныя К.т. — гідрагенератары, турбагенератары, тэрмаэлектрычныя генератары, магнітагідрадынамічныя генератары, тэрмаэмісійныя пераўтваральнікі энергіі, сонечныя батарэі, ядзерныя батарэі і інш. Ад хім. і фіз. К.т. адрозніваюць крыніцы другаснага электрасілкавання, якія пераўтвараюць адзін від эл. энергіі або яе параметры ў другія (трансфарматары электрычныя, выпрамнікі току, інвертары і інш.).

В.І.Вараб’ёў.

Крыніцы току і віды энергіі, якія пераўтвараюцца імі ў электрычную энергію: КТ — крыніцы току; МЭ, ЦЭ, ХЭ, СЭ, АЭ — механічная, цеплавая, хімічная, сонечная, атамная энергіі.

т. 8, с. 517

КРЫНІ́ЦЫ Я́ДЗЕРНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

крыніцы радыеактыўных часціц і гама-квантаў. Імі могуць быць радыеактыўныя ізатопы, паскаральнікі зараджаных часціц, ядзерныя рэактары, ядзерны выбух, тэрмаядзерныя рэакцыі і інш. Гл. таксама Радыеактыўныя прэпараты.

т. 8, с. 517

КРЫНІ́ЧНІК (Veronica),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 дзікарослыя і 3 інтрадукаваныя віды. 3 дзікарослых найб. вядомыя К. даўгалісты (V. longifolia, нар. назвы турэчынка, падхлоп, шалфей баравы), дуброўны (V. chamaedrys, нар. назвы палейка, кандрацікі, трыдзевятка), лекавы (V. officinalis, нар. назвы сухотнік лесавы, парушэнец жаночы, раквіца, вароннік). Трапляюцца ў далінах рэк, па канавах, сярод хмызняку.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы і паўкусты выш. 5—150 см. Сцябло голае або апушанае. Лісце супраціўнае, кальчаковае ці чаргаванае. Кветкі няправільныя, сінія, блакітныя, белыя, сабраныя ў гронкі, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны, пустазелле.

Крынічнік: 1 — гарычкавы; 2 — даўгалісты; 3 — дуброўны.

т. 8, с. 517

КРЫНІ́ЧНЫ,

пасёлак у Мазырскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы. За 9 км на ПдУ ад г. Мазыр, 142 км ад Гомеля, 9 км ад чыг. ст. Козенкі. 1260 ж., 403 двары (1998). Палеская с.-г. доследная станцыя, агароднінная ф-ка. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 8, с. 517

КРЫ́НКАЎСКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1864—79 у маёнтку Крынкі Аршанскага пав. (цяпер в. Крынкі ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл.). У 1864 працавала 90 чал., выраблена паперы на 29,2 тыс. руб.; у 1879—201 чал.

т. 8, с. 518

КРЫ́НКАЎСКАЯ ЦУКРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1842—64 спачатку як мануфактура ў маёнтку Крынкі Аршанскага пав. (цяпер в. Крынкі ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл.). Мела вадзяныя, конныя і агнявыя рухавікі (з 1861 — паравы), 14 чанаў, 2 халадзільныя ўстаноўкі. У 1859 працавала 50 чал. Прадукцыя збывалася ў Аршанскім і суседніх паветах.

т. 8, с. 518

КРЫ́НКАЎСКІ РАЁН,

адміністрацыйна-тэр. адзінка ў БССР у 1940—44. Утвораны 15.1.1940 у складзе Беластоцкай вобл. Цэнтр — г. Крынкі. Падзяляўся на 13 сельсаветаў. Пл. раёна 0,9 тыс. км² (1941). 20.9.1944 у сувязі з пераносам цэнтра раёна ў г.п. Вял. Бераставіца перайменаваны ў Бераставіцкі раён і ўключаны ў склад Гродзенскай вобл. 16.8.1945 зах. частка раёна разам з г. Крынкі перададзена Польшчы.

т. 8, с. 518

КРЫ́НКІ,

вёска ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл.; чыг. станцыя на лініі Віцебск—Лёзна. Цэнтр сельсавета. За 27 км на З ад г.п. Лёзна. 27 км ад Віцебска. 891 ж., 394 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў.

т. 8, с. 518

КРЫ́НЧЫК (Павел Сцяпанавіч) (17.9.1898, в. Едначы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.9.1975),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1918. Скончыў Екацярынаслаўскі палітэхнікум шляхоў зносін (1921). З 1927 віцэ-старшыня Слонімскай акр. управы, з мая 1929 чл. Гал. управы Таварыства беларускай школы. З 1928 дэп. польскага сейма. Уваходзіў у зах.-бел. к-т па падрыхтоўцы Еўрап. сялянскага кангрэса ў Берліне. Адзін з арганізатараў і чл. Гал. сакратарыята «Змагання». За рэв. дзейнасць у жн. 1930 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з вер. 1932 у СССР; на гасп. рабоце. 26.11.1935 арыштаваны органамі НКУС БССР. 1.4.1937 паводле пастановы Асобай нарады НКУС СССР прыгавораны да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны Ваен. трыбуналам Бел. ваен. акругі 30.3.1956. Пасля адбыцця тэрміну пакарання жыў у Слоніме. Аўтар успамінаў «Як мы змагаліся за ўдзел у Еўрапейскім сялянскім кангрэсе» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).

П.С.Крынчык.

т. 8, с. 518

Крынчык Георгій Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 412