Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУНГУ́РСКАЯ ПЯЧО́РА,

карставая пячора на Сярэднім Урале каля г. Кунгур, у Пермскай вобл. Расіі. Агульная даўж. да 5,6 км. 58 гротаў (найб. грот Географаў, даўж. 155 м) і каля 60 азёр. Утварылася ў гіпсах і ангідрытах. Кальцытавыя, гіпсавыя і ледзяныя ўтварэнні: сталактыты, сталагміты, сталагнаты і асобныя крышталі. Гроты Брыльянтавы, Палярны з ледзянымі ўтварэннямі, размешчаны каля ўвахода. Помнік прыроды. Пячора электрыфікавана. Турызм.

т. 9, с. 21

КУНГ-ФУ́, кун-фу (кіт. старанныя заняткі, трэніроўка),

адна з сістэм адзінаборстваў без зброі (практыка псіхафізічнага трэнінгу): аснова кэмпо; частка сістэмы ушу. Сфарміравалася ў Кітаі каля 960—1200. Дала пачатак яп. сістэмам джыу-джыцу і каратэ. У ЗША культывуецца з 1940-х г., у Еўропе — з сярэдзіны 1950-х г. Адметныя рысы стылю — псіхічны трэнінг, загартоўванне цела, развіццё скорасна-сілавых якасцей. Папулярызатар і распаўсюджвальнік К.-ф. — Б.​Лі (ЗША).

т. 9, с. 21

Кундас Сямён Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 415

КУ́НДА КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту, плямёны якой жылі на Пн Беларусі, У Прыбалтыкі, Пн еўрап. ч. Расіі. Назва ад паселішча каля г. Кунда (Эстонія). Паходжанне культуры звязваюць з постсвідэрскім насельніцтвам, на якое ўплывалі носьбіты маглемазэ культуры і інш. Асн. заняткі насельніцтва — паляванне і рыбалоўства. Яно вырабляла крамянёвыя сіметрычныя наканечнікі стрэл з бакавой выемкай, скрабкі з укарочаных загатовак, разцы на зломе загатовак і інш. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у выцягнутым становішчы; пахаванні адзіночныя, калектыўныя, у 1 або 2 ярусы. Пахавальны інвентар — крамянёвыя, каменныя і касцяныя прылады працы. Гіст. лёс насельніцтва К.к. звязаны з нарвенскай культурай. На Беларусі найб. даследаваныя помнікі Замошша (Верхнядзвінскі р-н) і Крумплева (Полацкі р-н).

У.​П.​Ксяндзоў.

т. 9, с. 21

КУ́НДЗЕРА ((Kundera) Мілан) (н. 1.4.1929, г. Брно, Чэхія),

чэшскі пісьменнік. Скончыў Акадэмію муз. мастацтваў у Празе. У 1968 творы К. на радзіме забаронены. З 1975 жыве ў Парыжы. Дэбютаваў паэт. зб-камі «Чалавек — бязмежны сад» (1953), «Апошні май» (1955), «Маналогі» (1957). Тэма кахання і мастацтва ў зб-ках псіхал.-лірычных навел «Смешныя каханні» (1963), «Другі сшытак смешных каханняў» (1965), «Трэці сшытак смешных каханняў» (1968). Аўтар п’ес «Уладары ключоў» (1962; паст. ў СССР пад назвай «Паварот ключа»), «Лухта» (1969), «Якуб і пан» (1970). У раманах «Жарт» (1967), «Жыццё недзе там» (1973), «Развітальны вальсок» (1979), «Нясцерпная лёгкасць быцця» (1985, экранізацыя 1988; аб лёсе інтэлігенцыі, звязанай з паліт. падзеямі Пражскай вясны 1968), «Несмяротнасць» (1990), «Няспешнасць» (1995), «Ідэнтычнасць» (1997) спалучыў філас. змест з займальнай фабулай, узнімаў экзістэнцыяльныя праблемы парушанай камунікатыўнасці сучаснага грамадства. Сваю канцэпцыю рамана распрацаваў у эсэ «Мастацтва рамана» (1960; пашыр. выд. 1986). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.​Вострыкава, А.​Ціхановіч, С.​Сматрычэнка.

Тв.:

Бел. пер. — Трагедыя Цэнтральнай Эўропы // Фрагмэнты... 1996. № 1.

Літ.:

Вострыкава А. Жыццяпіс. Жыццёвае крэда — раманіст;

Шаблоўская І. Запрашэнне да няспешнасці // Крыніца. 1998. № 10 (47).

І.​В.​Шаблоўская.

т. 9, с. 21

КУНЕ́НЕ (Cunene, Kunene),

рака ў Паўд. Афрыцы, у Анголе, часткова на мяжы э Намібіяй. Даўж. 945 км, пл. басейна больш за 100 тыс. км². Вытокі на пласкагор’і Біе. У вярхоўі цячэ ў скалістых цяснінах, утварае парогі і вадаспады, сярэдняе цячэнне — у шырокай даліне, у ніжнім — шэраг парогаў і вадаспадаў. Упадае ў Атлантычны ак. У сухі сезон месцамі перасыхае. ГЭС. На асобных участках суднаходная.

т. 9, с. 22

КУНЖУ́Т, сезам (Sesamum),

род кветкавых раслін сям. кунжутавых (сезамавых). Каля 20 відаў. Пашыраны ў трапічнай і Паўд. Афрыцы. Стараж. культ. алейную расліну К. індыйскі (S. indicum) вырошчваюць у Грэцыі, Егіпце, Закаўказзі, Індыі, Іране, Мексіцы, Сярэдняй Азіі.

К. індыйскі — аднагадовая травяністая расліна выш. да 2 м з галінастым прамастойным сцяблом, пакрытым жалезістымі валаскамі. Лісце ланцэтнае або рассечанае на долі. Кветкі буйныя, белыя, ружовыя ці фіялетавыя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. У насенні — да 65% харч. алею, які ўжываюць непасрэдна ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама ў кандытарскай, кансервавай, маргарынавай прам-сці, медыцыне, тэхніцы Макуха — корм для жывёл.

У.​П.​Пярэднеў.

Кунжут.

т. 9, с. 22

КУНЖУ́ТНЫ АЛЕ́Й, сезамавы алей,

раслінны тлусты алей з насення кунжуту. Атрымліваюць прасаваннем. Вадкі, колер ад жоўтага да рудога, шчыльн. 922 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання -7 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць у вытв-сці маргарыну, кансерваў, а таксама мыла і фарбаў.

т. 9, с. 22

КУНІЛІ́НГУС (ад лац. cunnus вонкавыя жаночыя палавыя органы + lingo лізаць),

кумбітмака, выкліканне палавога ўзбуджэння ў жанчыны ўздзеяннем на яе вонкавыя палавыя органы (найчасцей на клітар) губамі і языком. Адна з форм нармальнага палавога жыцця чалавека. У любоўнай гульні К. дазваляе эфектыўна правесці перыяд папярэдніх ласкаў, давесці ўзбуджэнне жанчыны да аргазму, К. іншы раз дасягаецца аргазм пасля коітуса.

т. 9, с. 22

КУНІ́ЦА,

1) апрацаваная шкурка куніцы, якая ў ВКЛ да 16 ст. выкарыстоўвалася як сродак плацяжу; агульная назва грошай.

2) Адзін з пашыраных відаў аброку (чыншу) у 15—17 ст., які плацілі кунічнікі за ўзятую ў арэнду зямлю, пчальнікі, права карыстання вадаёмамі і інш. Называлася таксама кунічная плата, кунічныя пенязі. Плата ў велікакняжацкі скарб за карыстанне мясц. насельніцтвам паляўнічымі ўгоддзямі на У Беларусі наз. кунічная даніна. К. спаганялася ў натуральным выглядзе («шэрсцю»), а з 16 ст. пералічвалася на грошы, звычайна адпавядала 12 грошам.

3) Плата нявесты-сялянкі, якая выходзіла замуж у чужую воласць. Выплачвалася грашамі, збожжам, палатном і інш. 4) Малаўжывальная назва валокі ў 16 ст.

В.​С.​Пазднякоў.

Куніца лясная.

т. 9, с. 22