КУМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. cumulatio павелічэнне, назапашванне),
назапашванне ў арганізме біялагічна актыўнага рэчыва (матэрыяльная К.) або выкліканых ім эфектаў (функцыян. К.). Матэрыяльная К. ўласціва рэчывам, якія запаволена выводзяцца з арганізма ці інактывуюцца ў ім. Паўторнае пападанне іх у арганізм дабаўляецца да той колькасці, якая засталася ад папярэдняга ўвядзення, што можа прывесці да інтаксікацыі. Характэрна для некат. цяжкіх металаў (ртуць), сардэчных, снатворных лекаў і інш.Функцыянальная К. бывае пры паўторным дзеянні рэчываў, якія неабарачальна парушаюць функцыі арганізма (напр., прэпараты свінцу, фосфарарган. злучэнні).
у беларусаў і інш.слав. народаў хросныя бацькі (кум і кума), дзейныя асобы ў радзіннай абраднасці. У далёкім мінулым К. — выканаўцы рытуалу прыняцця нованароджанага ў род. З пашырэннем хрысціянства — тыя, што прымалі дзіця пасля абраду хрышчэння. У адносінах да дзіцяці яны выконвалі патранажныя функцыі. За К. бралі сваякоў і чужых людзей. У беларусаў разам з бабкай кум і кума адыгрывалі вял. ролю на радзінах. К. памагалі адзін аднаму ў с.-г. работах, адзначалі разам святы. Звычайна К. не мянялі за выключэннем, калі дзеці ў сям’і паміралі, тады за К. бралі маладых брата і сястру ці першых стрэчных раніцай на перакрыжаванні дарог. Традыцыі кумаўства захоўваюцца.
ужыванне з лекавымі мэтамі пажыўнага напітку з кабылінага (радзей вярблюджага і каровінага) малака — кумысу. У качавых народаў вядома са стараж. часоў. Навук. абгрунтаванне К. ў Расіі дадзена М.В.Поснікавым (у 1883 пабудаваў кумысалячэбніцу непадалёку ад г. Самара). На Беларусі кумысалячэбніцы ў 2-й пал. 19 ст. існавалі ў г. Дуброўна (Віцебская вобл.) і Ігуменскім пав. (Мінская вобл.). К. пашырана пераважна на курортах паўд. раёнаў Расійскай Федэрацыі, у Казахстане, краінах Сярэдняй Азіі. Найб. дабратворны ўплыў яно аказвае пры туберкулёзе лёгкіх ці перыферычных лімфатычных вузлоў, павялічвае сакрэцыю страўніка, паляпшае састаў крыві; рэкамендуецца пры гастрытах, С-гіпавітамінозе, паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку.
КУН (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 8.3.1936, С.-Пецярбург),
бел. вучоны ў галіне аўтаматыкі. Канд.тэхн.н. (1968); праф. (1991). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча ППА (1963). З 1963 у Ваен. акадэміі Беларусі. Навук. працы па кіраванні беспілотнымі аб’ектамі, выкарыстанні метаду дынамікі момантаў для аналізу ўзаемадзейных працэсаў абслугоўвання. Распрацаваў метады аналізу дынамічных сістэм са стахастычнай нелінейнасцю.
КУН ((Kun) Бела) (20.2.1886, г. Чэху-Сілваніей, Румынія — 30.11.1939?),
дзеяч венгерскага і міжнар.камуніст. руху. З 1902 чл.С.-д. партыі Венгрыі. Удзельнік 1-й сусв. вайны, у 1916 у Расіі трапіў у палон, у 1917 далучыўся да руху бальшавікоў. У 1918 нелегальна вярнуўся ў Венгрыю, заснаваў Камуніст. партыю Венгрыі (24.11.1918). Пасля абвяшчэння Венг.Сав. Рэспублікі нарком замежных, потым і ваен. спраў (21.3—1.8.1919). Пасля падзення рэспублікі эмігрыраваў у Аўстрыю. З жн. 1920 у Расіі. З 1921 чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала. У 1937 арыштаваны, у 1956 рэабілітаваны. Аўтар прац па гісторыі венг. і міжнар.камуніст. руху.
Літ.:
Бела Кун: Избранное. Воспоминания о Б.Куне. М., 1986.
КУН ((Kuhn) Рыхард Іаган) (3.12.1900, Вена — 31.7.1967),
нямецкі хімік і біяхімік. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1922). З 1929 праф. Гайдэльбергскага ун-та і кіраўнік хім.аддз. Ін-та біяхіміі імя М.Планка. Навук. працы па хіміі раслінных пігментаў (пераважна караціноідаў) і вітамінаў. Устанавіў структуру α- і β-ізамераў караціну (1933, незалежна ад П.Карэра) і прапанаваў метад іх сінтэзу (1937). Вылучыў крышталі вітаміну B2 (рыбафлавін) з сыроваткі і бялку яец, вітамін B6 (пірыдаксін) з дражджэй і прапанаваў яго структурную ф-лу. Нобелеўская прэмія 1938.
КУН ((Kuhn) Томас Сэмюэл) (н. 18.7.1922, г. Цынцынаты, ЗША),
амерыканскі філосаф і гісторык навукі, адзін з лідэраў гіст. школы ў метадалогіі і гісторыі навукі. Праф. ун-таў у Берклі (1958) і Прынстане (1964), Масачусецкага тэхнал. ін-та (1979). У яго канцэпцыі гісторыя навукі разглядаецца як чаргаванне эпізодаў барацьбы розных навук. супольнасцей, якія фарміруюцца і функцыянуюць на аснове прыняцця іх членамі пэўнай мадэлі навук. дзейнасці (парадыгмы, або «дысцыплінарнай матрыцы»). Найб. важныя яе эпізоды — «нармальная навука» (перыяд панавання пэўнай парадыгмы) і «навук. рэвалюцыя» (перыяд распаду парадыгмы, канкурэнцыя паміж альтэрнатыўнымі парадыгмамі і, у канчатковым выніку, пераход да новага перыяду «нармальнай навукі»). К. адмаўляе пераемнасць у развіцці навукі; прагрэс, паводле К., — гэта паняцце, якое мае сэнс толькі для «нармальнай навукі», дзе яго крытэрыем выступае колькасць вырашаных праблем.
Тв.:
Рус.пер. — Структура научных революций. 2 изд. М., 1977.
лікавая адзінка ў грашовай сістэме Стараж. Русі. Тэрмін паходзіць ад агульнаслав. «куны» — грошы (першапачатковае значэнне — шкуркі куніцы). У 10—11 ст. колькасць серабра ў К. адпавядала ⅟25 грыўні, у 12 — пач. 14 ст., у т. зв. «безманетны перыяд», К. раўнялася разане і складала 1/50 грыўні. У Расіі тэрмін «К.» ў дачыненні да грошай захаваўся да 17 ст.