Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУЛЯШО́Ў (Аркадзь Аляксандравіч) (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1978),

бел. паэт. Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве нап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст. шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.​Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывід. духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.​Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.​Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.​Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.​Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.​Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.​Пушкіна, Т.​Шаўчэнкі, У.​Маякоўскага, С.​Ясеніна, А.​Твардоўскага, М.​Ісакоўскага, А.​Пракоф’ева, А.​Малышкі, М.​Рыльскага, М.​Нагнібеды, К.​Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.​Лермантава, «Энеіды» І.​Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.​Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1966—67;

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1974—77.

Літ.:

Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;

Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;

Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч. М., 1980. Т. 5;

Бечык В. Шлях да акіяна. Мн., 1981;

Кенька М.П. Майстэрства Аркадзя Куляшова-перакладчыка. Мн., 1983;

Куляшова В.А. З радаводу Аркадзя Куляшова // Роднае слова. 1996. № 1—2, 4—5, 7.

В.​Л.​Бечык.

А.А.Куляшоў.

т. 9, с. 17

КУЛЯШО́Ў (Леў Уладзіміравіч) (13.1.1899, г. Тамбоў, Расія — 29.3.1970),

расійскі кінарэжысёр, тэарэтык кіно, педагог; адзін з пачынальнікаў рас. кінамастацтва. Нар. арт. Расіі (1969). Д-р мастацтвазнаўства (1946). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1939 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. У кіно пачынаў як мастак (1916). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Праект інжынера Прайта» (1918). Стварыў тэорыю мантажу («эфект К.»). Фармальныя і жанравыя пошукі ў фільмах «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924), «Прамень смерці» (1925), «Гарызонт», «Вялікі суцяшальнік» (абодва 1933) і інш. Стужкам К. ўласцівы напружанасць сюжэтаў, востра акрэслены малюнак роляў, высокая выяўл. культура. Аўтар кніг «Мастацтва кіно» (1929), «Асновы кінарэжысуры» (1941) і інш.

Тв.:

Собр. соч.: В 3 т. Т. 1—2. М., 1987—88.

Літ.:

Громов Е.С. Л.​В.​Кулешов. М., 1984.

т. 9, с. 18

КУЛЯШО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 26.6.1941, станіца Ніжнячырская Суравікінскага р-на Валгаградскай вобл., Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выканаўца гераічных і характарных роляў. Яго творчасці ўласцівы аналітычнасць, інтэлектуальнасць, псіхалагізм, тонкае раскрыццё душэўных зрухаў. Стварыў адметныя характары ў нац. драматургіі: Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Казік Жыгоцкі («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), Аскольд («Чатыры крыжы на сонцы» А.​Дзялендзіка), Размысловіч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Кунцэвіч і Каліноўскі («Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча) і інш. У класічным рэпертуары ролі адметныя арыгінальнасцю сцэн. трактоўкі: князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Восіп («ЧП-1» і «ЧП-2» па матывах «Рэвізора» М.​Гогаля), Гаеў («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Эдмунд, Бенядзікт («Кароль Лір», «Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра), Лейстэр («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера). Сярод інш. роляў: Даменіка («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа), Кухар («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта), Анчугін і Шаманаў («Правінцыяльныя анекдоты» і «Летась у Чулімску» А.​Вампілава). Найб. значныя ролі апошніх гадоў: Павел («Хам» паводле Э.​Ажэшкі), Гапон («Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Падкалёсін («Жаніцьба» М.​Гогаля), Немаўля («Шчаслівае здарэнне» С.​Мрожака). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Міравы хлопец», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена», «Паводка», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», «Фруза» і інш.

Т.​Я.​Гаробчанка.

У.А.Куляшоў.
У.Куляшоў у ролі Гаева.

т. 9, с. 18

КУЛЯШО́Ў (Фёдар Іванавіч) (18.6.1913, в. Вял. Стралкі Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.12.1993),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Ленінградскі пед. ін-т (1935). У 1938 рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў пад Варкутой. Вызвалены ў 1943. З 1944 выкладаў у ВНУ, у 1951—55 і з 1961 — у БДУ. Даследаваў гісторыю рус. л-ры 19 — пач. 20 ст., сучасную бел. л-ру. Аўтар кніг «Жыццё і творчасць Л.​М.​Талстога» (1953), «Сатырычная паэзія М.​А.​Някрасава» (1954), «Міхась Лынькоў» (1961), «Іван Мележ» (1968), «Сучасная беларуская проза» (1970), «Лекцыі па гісторыі рускай літаратуры канца XIX — пачатку XX ст.» (ч. 1—2, 1976—80), «Літаратурныя партрэты» (1983), артыкулаў пра творчасць Я.​Брыля, І.​Шамякіна, І.​Навуменкі, ГІ.​Пестрака, М.​Лобана, Б.​Сачанкі, І.​Чыгрынава і інш. Складальнік зб. «Максім Горкі і Беларусь» (1968), «А.​І.​Купрын пра літаратуру» (1969), «Леў Талстой і Беларусь» (1981) і інш.

Тв.:

Міхась Лынькоў: Семінарыст. Мн., 1963;

Эцюды аб прозе. Мн., 1964;

Подвиг художника: Лит. путь И.​Мележа. 2 изд. Мн., 1982;

Творческий путь А.​И.​Куприна. [Т. 1—2]. 2 изд. Мн., 1983—87;

У дарозе. Мн., 1988.

т. 9, с. 18

Куляшоў Георгій Данілавіч

т. 18, кн. 1, с. 414

Куляшоў Мікалай Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 414

КУЛ-ДЖАЗ (ад англ. cool jazz халодны джаз),

стыль сучаснага джаза. Склаўся ў ЗША на мяжы 1940—50-х г. у процівагу бібопу. Для яго характэрны эмацыянальная стрыманасць, тэндэнцыя да збліжэння віртуознай імправізатарскай тэхнікі з традыц. сродкамі кампазіцыі, увядзенне інструментаў сімф. аркестра. Найб. значныя прадстаўнікі М.​Дэйвіс і Д.​Брубек.

т. 8, с. 573

КУМ,

горад у цэнтр. ч. Ірана, на Пд ад Тэгерана. Вядомы з 5 ст. Каля 600 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч. і харчасмакавая, тэкст., керамічная, дыванаткацтва. Арх. помнікі: Саборная мячэць (11—12 ст.), маўзалей Фатымы (16 ст.). Месца паломніцтва мусульман-шыітаў.

т. 9, с. 19

КУМА́,

рака на Паўн. Каўказе ў Расіі. Даўж. 802 км, пл. басейна 33,5 тыс. км². Вытокі на паўн. схілах Скалістага хр. У вярхоўі цячэ ў высокіх і стромкіх берагах, сярэдняе цячэнне ў шырокай даліне. Пасля выхаду на Прыкаспійскую нізіну рэчышча падзяляецца на рукавы, воды якіх звычайна не дасягаюць Каспійскага м. Гал. прыток — Падкумак. Высокія веснавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады ў сярэднім цячэнні 11,9 м³/с. Воды вызначаюцца высокай мутнасцю. Выкарыстоўваецца для арашэння (Церска-Кумскі і Кума-Маныцкі каналы). Адказненскае вадасховішча. На К. гарады Мінеральныя Воды, Зеленакумск, Будзёнаўск.

т. 9, с. 19

КУМАВА́ННЕ, кумленне,

старадаўні бел. абрад устанаўлення прыязных сяброўскіх адносін. Спраўлялі яго пераважна на «зялёныя святкі» (Сёмуху) ва ўсх. і цэнтр. частках Беларусі. Дзяўчаты ішлі ў лес, звязвалі галінкі бярозак («завівалі» іх), праходзілі парамі 3 разы ўзад і ўперад пад завітымі ў вянок бярозкамі, спяваючы песню пра ўслаўленне сяброўскіх адносін, пасля елі абрадавую страву (яечню). Абрад выконвалі пасля заканчэння сяўбы. Ён сімвалізаваў пажаданне добрага ўраджаю. Як традыц. гульня-забава трапляецца і ў наш час.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 9, с. 19