КУЛЯШО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 26.6.1941, станіца Ніжнячырская Суравікінскага р-на Валгаградскай вобл., Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выканаўца гераічных і характарных роляў. Яго творчасці ўласцівы аналітычнасць, інтэлектуальнасць, псіхалагізм, тонкае раскрыццё душэўных зрухаў. Стварыў адметныя характары ў нац. драматургіі: Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Казік Жыгоцкі («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), Аскольд («Чатыры крыжы на сонцы» А.​Дзялендзіка), Размысловіч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Кунцэвіч і Каліноўскі («Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча) і інш. У класічным рэпертуары ролі адметныя арыгінальнасцю сцэн. трактоўкі: князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Восіп («ЧП-1» і «ЧП-2» па матывах «Рэвізора» М.​Гогаля), Гаеў («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Эдмунд, Бенядзікт («Кароль Лір», «Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра), Лейстэр («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера). Сярод інш. роляў: Даменіка («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа), Кухар («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта), Анчугін і Шаманаў («Правінцыяльныя анекдоты» і «Летась у Чулімску» А.​Вампілава). Найб. значныя ролі апошніх гадоў: Павел («Хам» паводле Э.​Ажэшкі), Гапон («Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Падкалёсін («Жаніцьба» М.​Гогаля), Немаўля («Шчаслівае здарэнне» С.​Мрожака). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Міравы хлопец», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена», «Паводка», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», «Фруза» і інш.

Т.​Я.​Гаробчанка.

У.А.Куляшоў.
У.Куляшоў у ролі Гаева.

т. 9, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)