НІ́КЕ,
персаніфікацыя перамогі ў стараж.-грэч. міфалогіі. Гл. Ніка.
т. 11, с. 339
НІКЕ́ЕВА (Нона Сяргееўна) (н. 19.4.1925, г. Смаленск, Расія),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Вільнюскую кансерваторыю (1950). З 1950 артыстка Літ. філармоніі. З 1953 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1971 педагог Рэсп. вучэбнага комплексу гімназія-каледж пры Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалі добрая вак. школа, голас прыгожага тэмбру, высокая муз. культура. Сярод партый: у нац. операх — Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.Пукста), Святлана («Калючая ружа» Ю.Семянякі); з інш. партый — Марфа, Валхава ( «Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Неда («Паяцы» Р.Леанкавала), Чыо-Чыосан, Мімі («Чыо-Чыо-сан», «Багема» Дж.Пучыні), Манон («Манон» Ж.Маснэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ).
Б.С.Смольскі.
т. 11, с. 339
НІКЕ́ЙСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,
візантыйская дзяржава ў М.Азіі ў 1204—61, якая ўзнікла пасля захопу Канстанцінопаля крыжаносцамі. Сталіца — г. Нікея (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Першым правіцелем быў Феодар I Ласкарыс [1204—22] з тытулам дэспата, з 1208 — імператара. Н.і. вызначылася ў барацьбе з Лацінскай імперыяй, туркамі-сельджукамі і Трапезундскай імперыяй. У 1214 Феодар І адваяваў частку чарнаморскага ўзбярэжжа ў Трапезундскай дынастыі і падпісаў Німфейскі дагавор, які замацаваў межы паміж Н.і. і Лац. імперыяй. Н.і. гандлявала з Генуяй, Канійскім султанатам, Руссю. Нікейскі імператар Іаан III Дука Ватац адваяваў у лацінян іх уладанні ў М.Азіі, у 1235 замацаваўся ў Фракіі, у 1246 захапіў Фесалонікі. Імператар Міхаіл VIII Палеалог [1258—61] у 1259 разбіў каля Пелагоніі войска антынікейскай кааліцыі (Эпірская дзяржава, Сіцылійскае каралеўства, Ахейскае княства, каралеўства Сербія). У 1261 Н.і. падпісала Німфейскі дагавор з Генуяй, паводле якога ў абмен на ваен. дапамогу супраць венецыянцаў і Лац. імперыі прадастаўляла генуэзскім купцам гандл. прывілеі. У 1261 нікейскія войскі занялі Канстанцінопаль, імператар Міхаіл VIII перанёс сюды сталіцу і аднавіў Візантыю.
т. 11, с. 339
НІ́КЕЛЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы нікелю. Адрозніваюць Н.р. сульфідныя медна-нікелевыя, мыш’яковістыя і сілікатныя нікелевыя. Сульфідныя медна-нікелевыя руды магматычнага, кантактава-метасаматычнага і гідратэрмальнага паходжання, маюць 0,25—4,5% нікелю, а таксама кобальт, медзь, плаціноіды, золата, серабро, селен і тэлур; утвараюць пласты, жылы, лінзы. Гал. мінералы магнетыт, пентландыт, пірацін, халькапірыт. Мыш’яковістыя Н.р. пераважна гідратэрмальнага паходжання, гал. мінералы — нікелін, герсдарфіт, хлаантыт і інш. Сілікатныя Н.р. экзагеннага паходжання, маюць 0,75—4% і больш нікелю, 0,03—0,12% кобальту. Гал. мінералы гарніерыт, непуіт, нантраніт і інш.
т. 11, с. 340
НІ́КЕЛЕВЫЯ СПЛА́ВЫ,
сплавы нікелю з хромам, жалезам, меддзю, марганцам, малібдэнам, кобальтам і інш. элементамі. Найб. пашыраны гарачатрывалыя, каразійнаўстойлівыя, магнітамяккія Н.с. і сплавы з высокім эл. супраціўленнем. Гл. Алюмель, Гарачатрывалыя матэрыялы (сплавы на нікелевай аснове), Ніхром, Пермалой, Храмель.
т. 11, с. 340
НІКЕЛІ́Н,
мінерал класа арсенідаў, арсенід нікелю, NiAs. Мае 43,92% нікелю і 56,08% мыш’яку. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна суцэльныя масы, украпіны, зрэдку ныркападобныя і дэндрытавыя агрэгаты, гексаганальныя таблітчастыя крышталі. Колер медна-чырвоны. Бляск металічны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 7,6—7,8 г/см³. Добры праваднік электрычнасці. Трапляецца ў рудах магматычных і гідратэрмальных медна-нікелева-сярэбраных і урана-вісмутавых радовішчаў. Пры вял. скопішчах выкарыстоўваецца як нікелевая руда.
т. 11, с. 340
НІКЕЛІ́РАВАННЕ,
нанясенне на паверхню метал. (часам і неметал.) вырабаў слоя нікелю для аховы іх ад карозіі і ў дэкар. мэтах (наданне паверхні бліскуча-серабрыстага колеру). Таўшчыня нікелевага пакрыцця ад дзесятых долей мікраметра да 20—30 мкм і больш. Робіцца пераважна электралітычным спосабам (гл. Гальванатэхніка), а таксама хім. — аднаўленнем іонаў нікелю з яго солей. Каб паменшыць порыстасць пакрыцця, папярэдне робяць латуніраванне, мядненне або наносяць шматслойнае пакрыццё.
т. 11, с. 340
НІ́КЕЛЬ (лац. Niccolum),
Ni, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 28, ат. м. 58,69. Прыродны Н. складаецца з 5 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 58, 60—64; найб. пашыраны 58Ni (67,88%) і 60Ni (26,23%). У зямной кары 8∙10−3% па масе (гл. Нікелевыя руды). Мікраэлемент неабходны млекакормячым (у арганізме чалавека 5—13,5 мг Н.) і раслінам. Адкрыты швед. вучоным А.Кронстэтам у 1751 пры даследаванні мінералу купфернікелю (знешне падобнага на медзь). Назва ад ням. Nickel — злы горны дух, які быццам бы ўводзіў у зман гарнякоў, што здабывалі медзь.
Серабрыста-белы коўкі метал, tпл 1455 °C, tкіп 2900 °C, шчыльн. 8900 кг/м³; ферамагнетык (пункт Кюры 631 К). Хімічна малаактыўны; паводле ўласцівасцей падобны да жалеза і кобальту. Кампактны ў паветры, пакрываецца тонкай ахоўнай плёнкай монааксіду NiO. Бязводныя солі мінер. кіслот звычайна жоўтага колеру, гідраты — зялёнага (гл. Нікелю сульфат). Атрымліваюць электролізам раствораў солей і інш. метадамі; чысты парашкападобны — тэрмічным раскладаннем карбанілу Ni(CO)4 (гл. Карбанілы металаў). Выкарыстоўваюць пераважна ў металургіі (гл. Нікелевыя сплавы), а таксама для вырабу акумулятарных электродаў, спец. хім. апаратуры, як матэрыял для антыкаразійных пакрыццяў (гл. Нікеліраванне) і каталізатар многіх хім. працэсаў. Аказвае агульнатаксічнае ўздзеянне; выклікае захворванні насаглоткі, лёгкіх, дэрматыты, экзэмы, злаякасныя новаўтварэнні. ГДК у паветры (сярэднясутачная) для метал. Н., яго аксідаў і сульфату 0,001 мг/м³.
У.С.Камароў.
т. 11, с. 340
НІ́КЕЛЮ СУЛЬФА́Т,
хімічнае злучэнне нікелю з сернай кіслатой, NiSO4. Жоўтае крышт. рэчыва, шчыльн. 3680 кг/м³, пры награванні вышэй за 700 °C раскладаецца. Раствараецца ў вадзе. З водных раствораў крышталізуецца ў выглядзе ізумрудна-зялёнага гептагідрату ці нікелевага купарвасу NiSO4 7H2O; у прыродзе мінерал марэназіт. Атрымліваюць узаемадзеяннем нікелю, яго аксіду NiO, гідраксіду Ni(OH)2 ці гідроксакарбанату з сернай к-той. Выкарыстоўваюць нікелевы купарвас для атрымання чыстага электралітычнага нікелю, інш. злучэнняў нікелю і нікельзмяшчальных каталізатараў, як кампанент электралітаў у гальванатэхніцы (гл. Нікеліраванне), а таксама як фунгіцыд.
т. 11, с. 340
НІ́КІЕЎ МІР (ад імя правадыра партыі міру ў Афінах Нікія),
мірны дагавор, заключаны ў 421 да н.э. паміж Афінскім марскім саюзам і Пелапанескім саюзам на чале са Спартай. Завяршыў 1-ы этап Пелапанескай вайны. Быў заключаны на 50 гадоў на ўмовах вяртання палонных і захопленых тэрыторый. Н.м. не ліквідаваў асн. прычын вайны, выклікаў незадаволенасць спартанскіх саюзнікаў і афінскай партыі вайны на чале з Алківіядам і пастаянна парушаўся. Поўнамаштабныя баявыя дзеянні аднавіліся ў 415 з пачаткам афінскай экспедыцыі на Сіцылію.
Я.У.Новікаў.
т. 11, с. 340