НІКЕЛІ́РАВАННЕ,
нанясенне на паверхню метал. (часам і неметал.) вырабаў слоя нікелю для аховы іх ад карозіі і ў дэкар. мэтах (наданне паверхні бліскуча-серабрыстага колеру). Таўшчыня нікелевага пакрыцця ад дзесятых долей мікраметра да 20—30 мкм і больш. Робіцца пераважна электралітычным спосабам (гл. Гальванатэхніка), а таксама хім. — аднаўленнем іонаў нікелю з яго солей. Каб паменшыць порыстасць пакрыцця, папярэдне робяць латуніраванне, мядненне або наносяць шматслойнае пакрыццё.
т. 11, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)