Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЖА́ТЫ,

вялікая група плямён, якія ў пач. н. э. насялялі зах. раёны Пенджаба, пазней склалі этн. аснову пенджабцаў і ўвайшлі ў абшчыну сікхаў. У Індыі значная частка Дж. ператварылася ў земляробчую касту. У 17—18 ст. адбыліся паўстанні Дж. (1669, 1672, 1686—91) супраць Вялікіх Маголаў. У сярэдзіне 18 ст. склалася самаст. джацкае княства, якое ў 1763 распалася. Сучасныя Дж. жывуць на Пн Індыі і ў Пакістане.

т. 6, с. 88

ДЖА́ФНА,

горад у Шры-Ланцы. 129 тыс. ж. (1993). Порт на п-ве Джафна. Праз Дж. праходзяць асн. марскія сувязі з Індыяй і Бірмай. Перапрацоўка с.-г. сыравіны. Ун-т. Рэшткі галандскіх фартыфікацыйных збудаванняў 17 ст. Марскія пляжы.

т. 6, с. 88

ДЖАХАНГІ́Р Салім

(1569, г. Агра, Індыя — 1627),

правіцель Магольскай імперыі [1605—27], 3 дынастыі Вялікіх Маголаў, сын Акбара. Пры ім адменены рэформы Акбара, узмацнілася ўлада феадалаў-джагірдараў (гл. Джагір). У 1613 дазволіў англ. Ост-Індскай кампаніі заснаваць гандл. факторыю ў г. Сурат. Пашырыў межы дзяржавы на Пн Індыі. Знаўца мастацтва і л-ры, мецэнат архітэктуры і мініяцюрнага жывапісу. Аўтар успамінаў.

т. 6, с. 88

ДЖА́Я

(Jaya, Djaja; да 1965 Карстэнс, да 1969 Сукарна),

горная вяршыня ў Інданезіі, на 3 в-ва Новая Гвінея, у гарах Маоке. Выш. 5029 м (самая высокая ў Акіяніі). Складзена з крышт. парод. З выш. 4400 м — вечныя снягі і ледавікі (агульная пл. каля 15 км2). Уваходзіць у склад нац. рэзервата Лорэнц.

т. 6, с. 88