Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЖА́РМА,

шматпластавое паселішча эпохі неаліту (каля 6,5—5 тыс. г. да н.э.) у Паўн. Іраку. Выяўлены глінабітныя прамавугольныя жытлы, часам на каменных падмурках. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства (пшаніца, ячмень) і жывёлагадоўля (козы). Знойдзены каменныя прылады працы, гліняныя статуэткі жывёлін і жанчын, керамічны посуд толькі ў верхніх культ. пластах. Дж. — адзін з найб. стараж. у свеце помнікаў вытворнай гаспадаркі.

А.В.Іоў.

т. 6, с. 88

ДЖА́ТЫ,

вялікая група плямён, якія ў пач. н. э. насялялі зах. раёны Пенджаба, пазней склалі этн. аснову пенджабцаў і ўвайшлі ў абшчыну сікхаў. У Індыі значная частка Дж. ператварылася ў земляробчую касту. У 17—18 ст. адбыліся паўстанні Дж. (1669, 1672, 1686—91) супраць Вялікіх Маголаў. У сярэдзіне 18 ст. склалася самаст. джацкае княства, якое ў 1763 распалася. Сучасныя Дж. жывуць на Пн Індыі і ў Пакістане.

т. 6, с. 88

ДЖА́ФНА,

горад у Шры-Ланцы. 129 тыс. ж. (1993). Порт на п-ве Джафна. Праз Дж. праходзяць асн. марскія сувязі з Індыяй і Бірмай. Перапрацоўка с.-г. сыравіны. Ун-т. Рэшткі галандскіх фартыфікацыйных збудаванняў 17 ст. Марскія пляжы.

т. 6, с. 88

ДЖАХАНГІ́Р Салім

(1569, г. Агра, Індыя — 1627),

правіцель Магольскай імперыі [1605—27], 3 дынастыі Вялікіх Маголаў, сын Акбара. Пры ім адменены рэформы Акбара, узмацнілася ўлада феадалаў-джагірдараў (гл. Джагір). У 1613 дазволіў англ. Ост-Індскай кампаніі заснаваць гандл. факторыю ў г. Сурат. Пашырыў межы дзяржавы на Пн Індыі. Знаўца мастацтва і л-ры, мецэнат архітэктуры і мініяцюрнага жывапісу. Аўтар успамінаў.

т. 6, с. 88

ДЖА́Я

(Jaya, Djaja; да 1965 Карстэнс, да 1969 Сукарна),

горная вяршыня ў Інданезіі, на 3 в-ва Новая Гвінея, у гарах Маоке. Выш. 5029 м (самая высокая ў Акіяніі). Складзена з крышт. парод. З выш. 4400 м — вечныя снягі і ледавікі (агульная пл. каля 15 км2). Уваходзіць у склад нац. рэзервата Лорэнц.

т. 6, с. 88

ДЖВА́РЫ,

храм на вяршыні гары, каля сутокаў Куры і Арагві, непадалёку ад г. Мцхета (Грузія); помнік сярэдневяковай груз. архітэктуры. Пабудаваны ў 586/587—604. Вызначаецца гарманічнасцю прапорцый. У аснове плана цэнтрычнага тыпу храма — крыж (22 м × 18 м), канцы якога завершаны паўкруглымі апсідамі. Цэнтр. прастора перакрыта купалам на 8-гранным барабане. Усх. і паўд. фасады ўпрыгожаны фігурнымі рэльефамі і разьбой. Да храма прымыкае крыжападобная малая царква (6 ст., захавалася ў руінах).

Храм Джвары Усходні фасад.

т. 6, с. 88

ДЖГІРЫ́, яршы (Gymnocephalus),

род рыб сям. акунёвых. 4 віды: Дж., або ёрш звычайны (G. cernua); Дж., або ёрш-насар, або біручок (G. acerina); Дж., або ёрш паласаты (G. schraetser); Дж., або ёрш Балона (G. baloni). Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, акрамя Крайняй Поўначы, Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі і бас. Ціхага ак. На Беларусі 3 віды: звычайны (мясц. назва ёрш, ажгур, яжгур) жыве ў рэках, азёрах і інш. вадаёмах, насар (мясц. назвы біручок, бабыр, ваўчок, чыранос) трапляецца ў Дняпры, Балона знойдзены ў Прыпяці.

Даўж. да 30 см, маса да 200 г (зрэдку да 600 г). Цела сціснутае з бакоў. На галаве вял. поласці сенсорных каналаў. Рот невялікі, высоўны, паўніжні. Пераднакрыўка з некалькімі шыпамі. На накрыўцы моцны шып. Спінны плаўнік адзін, калючая частка зліта з разгалінаванай. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі рыб. Аб’екты лоўлі.

Л.В.Кірыленка.

Джгіры: 1 — насар; 2 — звычайны; 3 — Балона; 4 — паласаты.

т. 6, с. 88

ДЖГІР БАЛО́НА, ёрш Балона (Gymnocephalus baloni),

рыба сям. акунёвых атр. акунепадобных. Выяўлены ў 1970 у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Дунай і некат. яго прытоках. На Беларусі ёсць у р. Прыпяць ніжэй г. Пінск (1984).

Даўж. да 13 см, маса да 41 г. Цела кароткае, высокае. Афарбоўка жаўтавата-карычневая. На нізе галавы, шчэлепных накрыўках і брушку дробныя карычневыя плямкі. На баках цела 4—6 цёмных папярочных палос. На спінным, хваставым і анальных плаўніках цёмныя плямы. Галава кароткая, тупая, крута пераходзіць у цела. У большых асобін ёсць характэрны горб.

Т.М.Шаўцова.

т. 6, с. 88

ДЖО́БЕР

(англ. jobber),

1) гістарычна — прадпрымальнік, які даваў напракат коней з экіпажамі.

2) Біржавы маклер, камісіянер (першапачаткова член Лонданскай фондавай біржы), які ажыццяўляе аперацыі за ўласны кошт (пры нефіксаваным даходзе), уступае ў здзелкі з брокерамі і інш. дзелавымі людзьмі.

т. 6, с. 88

ДЖО́ЗЕФСАН (Josephson) Браян Дэйвід

(н. 4.1.1940, г. Кардыф, Вялікабрытанія),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1970). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1960), дзе і працуе (з 1974 праф.). Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і звышправаднікоў. Прадказаў (1960) праходжанне звышправоднага току праз тонкі слой дыэлектрыка, які раздзяляе 2 звышправаднікі (гл. Джозефсана эфект). Нобелеўская прэмія 1973 (разам з А.Джаеверам і Л.Эсакі).

Б.Джозефсан.

т. 6, с. 89