Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУКУРУ́ЗА, маіс (Zea mays),

кветкавая расліна сям. метлюжковых. Радзіма — Цэнтр. і Паўд. Амерыка. Уведзена ў культуру на тэр. сучаснай Мексікі каля 5200 да н.э., у Еўропе — з канца 15 ст. Вырошчваецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. і Усх. Афрыцы.

Аднагадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 6 м. Каранёвая сістэма валасніковістая. Лісце шырокае, лінейна-ланцэтнае, хвалістае па краях. Кветкі аднаполыя. Мужчынскія суквецці — мяцёлкі на верхавінцы сцябла, жаночыя — катахі ў лісцепадобных абгортках у пазухах лісця. Плод — зярняўка. Па будове і марфалогіі насення К. падзяляецца на 9 бат. груп. Зерне, сцёблы, лісце, катахі выкарыстоўваюцца ў вытворчасці прадуктаў і вырабаў (напр., алей, кансервы, крупы, крухмал, кукурузныя шматкі, мёд, мука, папера, пластмаса і інш). Кармавая і харч. расліна.

Літ.:

Грушка Я. Монография о кукурузе: Пер. с чеш. М., 1965;

Шмараев Г.В. Кукуруза: (Филогения, классификация, селекция). М., 1975.

У.​П.​Пярэднеў.

Кукуруза.

т. 8, с. 569

КУКУРУЗАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для ўборкі кукурузы на зерне, сілас і зялёны корм. Зразае сцёблы кукурузы, адрывае ад сцёблаў катахі і ачышчае іх ад абгорткі (або абмалочвае), здрабняе сцёблы з лісцем, выгружае катахі (зерне) і здробненую масу ў трансп. сродкі.

Самаходны К.к. — 6-радковы, забяспечвае ўборку кукурузы ў катахах або з іх абмалотам. Мае жняяркі ручаёвага тыпу, 2 зменныя рабочыя вузлы (пры абмалоце катахоў замест катахаачышчальніка манціруюць малатарню), транспарцёры і інш. Прычапны К.к. — 2-радковы, агрэгатуецца з трактарам, убірае кукурузу ў ачышчаных катахах. можа пераабсталёўвацца для ўборкі кукурузы на сілас. Для ўборкі кукурузы і інш. культур толькі на сілас выкарыстоўваюць сіласаўборачны камбайн.

Самаходны кукурузаўборачны камбайн.

т. 8, с. 570

КУКУРУ́ЗНЫ АЛЕ́Й, маісавы алей,

раслінны тлусты алей з зародкаў кукурузы. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Светла-жоўтая вадкасць, шчыльн. 924 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -10 да -15 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як харч. прадукт, у вытв-сці маргарыну, мыла.

т. 8, с. 570

КУ́КУТА (Cúcuta),

горад на Пн Калумбіі каля граніцы з Венесуэлай. Адм. ц. дэпартамента Паўн. Сантандэр. Засн. ў 1733. 450 тыс. ж. (1992). Гандл. цэнтр на адгалінаванні Панамерыканскай шашы. Прам-сць: паліграф., тэкст., харчасмакавая. Цэнтр раёна вытв-сці кавы і тытуню. Ун-т.

т. 8, с. 570

КУКУЦЕ́НІ (Cucuteni),

энеалітычнае пасяленне ў Румыніі. Выяўлена за 12 км ад г. Ясы. Ранняя фаза датуецца 3380, позняя — 3000 да н.э. Выяўлены рэшткі глінабітных дамоў. Для ранняй фазы К. характэрна кераміка з трохколернай спіральнай размалёўкай і з паглыбленым спіральным арнаментам, грубы кухонны посуд, прылады працы з крэменю, косці, рогу і медзі, гліняныя схематызаваныя жаночыя статуэткі. Позняя фаза адметная керамікай з аднаколернай (чорнай) размалёўкай па аранжава-жоўтай паверхні, грубым кухонным посудам і керамікай са шнуравым арнаментам, глінянымі жаночымі статуэткамі з чорнай размалёўкай, фігуркамі жывёл, меднымі кінжаламі, сякерамі, нажамі, шыламі, бранзалетамі. Тэрмінам «К.» наз. культуру размаляванай керамікі, аналагічную трыпольскай культуры.

т. 8, с. 570

КУКУШЫ́ЛІ,

паўднёвы хрыбет горнай сістэмы Куньлунь на паўн.-ўсх. ускраіне Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Даўж. каля 800 км, выш. да 6000 м. Утварае паласу хаатычна размешчаных плоскавяршынных масіваў, сопак і град з друзаватай паверхняй. Складзены пераважна з сланцаў і вапнякоў. У зах. і цэнтр. ч. — невял. снежнікі і ледавікі. Расліннасць халодных пустынь.

т. 8, с. 570

КУ́КША, ронжа (Perisoreus infaustus, або Cractes infaustus),

птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў хваёвых лясах. На Беларусі трапляецца на Пн восенню і зімой, рэдкі залётны від.

Даўж. да 31 см, маса да 150 г. Апярэнне густое, пушыстае. Верх галавы цёмна-карычневы. Шыя, спіна светла-шэрыя, брушка рыжаватае, хвост з цёмнай палоскай. Корміцца насякомымі, павукамі. дробнымі грызунамі, ягадамі, насеннем хваёвых дрэў. Гнёзды на дрэвах. Нясе 3—5 яец. У Канадзе трапляецца блізкі від К. канадская (P. canadensis), адрозніваецца ад ронжы колерам апярэння.

Э.​Р.​Самусенка.

Кукша.

т. 8, с. 570

КУЛА́ГА,

у беларусаў каша з жытняй або пшанічнай мукі і соладу. Варылі таксама з ягад, дадавалі муку, мёд, цукар. Пашырана пераважна на Палессі.

т. 8, с. 570

КУЛА́ГА (Георгій Вікенцьевіч) (20.7.1919, в. Блячына Клецкага р-на Мінскай вобл. — 25.1.1990),

бел. вучоны-рэўматолаг. Д-р мед. н. (1977), праф. (1978). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1952). У 1961—86 заг. кафедры Гродзенскага мед. ін-та. Навук. працы па лячэнні рэўматызму, сасудзістай паталогіі.

Тв.:

Гипертоническая болезнь как нарушение саморегуляции кровообращения. Мн., 1969 (разам з М.​І.​Арынчыным).

т. 8, с. 570

КУЛА́ГІН (Анатоль Мікалаевіч) (н. 23.1.1947, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, гісторык архітэктуры. Канд. мастацтвазнаўства (1986). Скончыў БПІ (1960). З 1970 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Працы па гісторыі і тэорыі архітэктуры і мастацтва Беларусі: «Архітэктура і мастацтва ракако на Беларусі» (1989), «Адраджэнне готыкі» (1993). Адзін з аўтараў «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 2—3, 1988—89), кн. «Страчаная спадчына» (1998).

Тв.:

Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;

Помнікі Слоніма. Мн., 1983 (разам з В.​Б.​Караткевіч);

Дзержинщина: Прошлое и настоящее. Мн., 1986 (разам з А.​І.​Валахановічам);

Шэдэўры архітэктуры ракако. Мн., 1991. Элітная архітэктура барока Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998;

Ambony rokokowe w kościołach na Białorusi // Biuletyn historii sztuki. 1988. № 1—2.

т. 8, с. 570