Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУІ́НДЖЫ (Архіп Іванавіч) (студзень 1841, г. Марыупаль, Украіна — 24.7.1910),

расійскі жывапісец-пейзажыст. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (з 1893). Жывапісу вучыўся самастойна і ў Пецярбургскай АМ (1868). Чл. Т-ва перасоўных маст. выставак 1875—79 (гл. Перасоўнікі). Ініцыятар стварэння Т-ва мастакоў (1909, пазней Т-ва імя Куінджы). Выкладаў у Пецярбургскай АМ (праф. з 1892, з 1894 праф.-кіраўнік пейзажнай майстэрні, сярод вучняў А.​Рылоў, М.​Рэрых і інш.), адкуль у 1897 звольнены за падтрымку студэнцкіх патрабаванняў. У ранні перыяд зазнаў уплыў І.​Айвазоўскага. У сярэдзіне 1870-х г. стварыў шэраг карцін, у якіх пейзажны матыў разлічаны на канкрэтныя сац. асацыяцыі, што адпавядала канцэпцыі перасоўнікаў («Забытая вёска», «Чумацкі тракт»). У творах сталага перыяду імкнуўся да перадачы найб. выразных па асвятленні станаў прыроды. З дапамогай кампазіцыйных прыёмаў, якія дазвалялі стварыць панарамныя віды (высокі гарызонт і інш.), светлавых эфектаў і інтэнсіўных колераў, зведзеных да некалькіх гал. тонаў, дамагаўся амаль поўнай ілюзіі натуральнага асвятлення: «Украінская ноч» (1876), «Бярозавы гай», «Пасля навальніцы» (абедзве 1879), «Ноч на Дняпры» (1880), «Дняпро раніцай» (1881) і інш. Работам позняга перыяду ўласцівы дэкаратыўнасць і знешняя эфектнасць колеравага ладу («Бярозавы гай», 1901, і інш.).

Літ.:

Марков В. АИ. Куинджи. М., 1969;

Неведомский М.П., Репин И.Е. АИ.​Куинджи. Ростов н/Д., 1997.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Куінджы. Дняпро раніцай. 1881.

т. 8, с. 566

КУЙ,

у старажытнакітайскай міфалогіі пачвара ў выглядзе аднаногага бязрогага попельна-сіняга быка, які мог хадзіць па паверхні мора, выклікаць моцны вецер і лівень. У некаторых помніках К. — аднаногі дракон або дух дрэў і камянёў, што жыве ў гарах. Пазней вобраз пачвары К. злучаны з Куем, што загадваў музыкай пры міфічным правіцелі Шуні.

т. 8, с. 566

КУ́ЙБЫШАЎ (Валяр’ян Уладзіміравіч) (6.6.1888, г. Омск, Расія — 25.1.1935),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1904 у рэв. руху бальшавікоў. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 выключаны з Ваен мед. акадэміі ў Пецярбургу (1906). Неаднаразова быў арыштаваны і ў ссылцы. Адзін з кіраўнікоў Кастр. рэвалюцыі 1917 у г. Самара, удзельнік грамадз. вайны (пераважна як паліт. камісар). З 1921 чл. Прэзідыума, з 1926 старшыня Вышэйшага савета народнай гаспадаркі; кіраваў ажыццяўленнем плана ГОЭЛРО. Чл. ЦК (з 1922) і Палітбюро (з 1927) ЦК ВКП(б), Прэзідыума ЦКК (1923—26). У 1930—34 старшыня Дзярж. планавай камісіі. Паводле афіц. версіі, атручаны; у яго смерці абвінавачваліся падсудныя на т.зв. працэсе 21-го (працэс праватрацкісцкага блока). У 1935—91 яго імем наз. г. Самара.

т. 8, с. 566

КУ́ЙБЫШАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Волга, у Самарскай, Ульянаўскай абласцях, рэспубліках Татарстан, Марый Эл, Чувашскай (Рас. Федэрацыя). Утворана плацінай Волжскай ГЭС. Запоўнена ў 1955—57. Пл. 6450 км², аб’ём 58 км³, даўж. 580 км, найб. шыр. 30 км, глыб. да 39 м. Сезоннае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 7,5 м. Замярзае ў ліст.пач. снеж., крыгалом пачынаецца ў крас.пач. мая. Створана ў мэтах гідраэнергетыкі, воднага транспарту, ірыгацыі і водазабеспячэння. Рыбалоўства. На берагах — гарады Казань, Ульянаўск, Чэбаксары, Тальяці і інш., дамы адпачынку, санаторыі, базы турызму, воднага спорту, рыбнай лоўлі.

т. 8, с. 566

КУ́ЙБЫШАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

назва Самарскай вобласці ў 1935—91.

т. 8, с. 566

КУ́ЙТА,

агульная назва трох азёр (Верхняе К., Сярэдняе К. і Ніжняе К.) на ПнЗ Карэліі, у Рас. Федэрацыі. Агульная пл. каля 600 км². Злучаны пратокамі. Глыб. да 44 м (Верхняе К.). Замярзаюць у ліст., ускрываюцца ў маі. Сцёк праз р. Кем; з пабудовай на ёй лесасплаўнай плаціны (1956) ператвораны ў вадасховішча. Сплаў лесу, рыбалоўства.

т. 8, с. 566

КУК ((Cook) Джэймс) (27.10.1728, Мартан, каля г. Мідлсбра, Вялікабрытанія — 14.2.1779),

англійскі мараплавец.

Узначаліў 3 кругасветныя плаванні. У час першай экспедыцыі (1768—71) на караблі «Індэвар» прыбыў на в-аў Таіці, нанёс на карту а-вы Таварыства, даследаваў Новую Зеландыю і праліў паміж Паўночным і Паўднёвым яе а-вамі, адкрыў Вял. Бар’ерны рыф і ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, якое пад назвай Новы Паўд. Уэльс абвясціў брыт. уладаннем. У час другога плавання (1772—75) на караблі «Рэзальюшэн» у пошуках Паўд. мацерыка дасягнуў шыр. 71°10, адкрыў і даследаваў а-вы Новая Каледонія, Паўд. Сандвічавы, Паўд. Георгія і інш. У час трэцяй экспедыцыі (1776—79) на караблях «Рэзальюшэн» і «Дыскаверы» даследаваў берагі Канады, Аляскі і Камчаткі, адкрыў Гавайскія а-вы, дзе быў забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам. Яго імем названа больш за 20 геагр. аб’ектаў, у т. л. гара на в-ве Паўднёвым у Новай Зеландыі (гл. Кука гара), праліў паміж Паўночным і Паўднёвым а-вамі Новай Зеландыі (гл. Кука праліў), 2 групы астравоў у Ціхім ак. (гл. Кука астравы), заліў каля берагоў Аляскі (гл. Кука заліў) і інш.

Дж.Кук.

т. 8, с. 566

КУ́КАЛКА,

1) прамежкавая стадыя ў развіцці насякомага з поўным ператварэннем (гл. Метамарфоз), у час якой знікаюць лічынкавыя органы і развіваюцца органы дарослай асобіны (імага).

2) Арганізм па пэўнай стадыі развіцця. Адрозніваюць 3 тыпы К.: свабодная (адкрытая) — у сеткакрылых, перапончатакрылых, большасці жукоў; пакрытая — у матылёў, даўгавусых і прамашоўных караткавусых двухкрылых; скрытая (несапр. кокан, пупарый) — у мух, галіц. К. не корміцца і звычайна нерухомая. Працягласць стадыі К. ад 6—10 сут (у некаторых мух) да многіх месяцаў.

т. 8, с. 567

КУ́КАЛЬНІК (Нестар Васілевіч) (20.9.1809, С.-Пецярбург — 20.12.1868),

рускі пісьменнік. Брат П.В.Кукальніка. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1829), у якой вучыўся з М.​Гогалем. Выкладаў у 1-й і 2-й віленскіх гімназіях (да 1831), служыў чыноўнікам у Пецярбургу. У 1832 сакратар камісіі па заснаванні Віленскай мед.-хірург. акадэміі. У 1836—41 у Пецярбургу выдаваў «Художественную газету» — адно з першых перыяд. выданняў Расіі, прысвечаных жывапісу, час. «Дагерротип» (1842), «Иллюстрация» (1845—47).

Друкаваўся з 1833 (п’еса «Тарціні»). Драм. творчасць умоўна падзяляюць на «драм. фантазіі» ў вершах і прозе пра лёс мастака («Тарквата Таса», паст. 1835; «Джакоба Саназар», 1834; «Мейстар Мінд», 1839; «Імправізатар», 1844, і інш.) і гіст. трагедыі, у якіх адлюстраваны моманты рус. гісторыі, што найб. ярка дэманструюць працэсы нац. яднання і самасвядомасці («Рука Усявышняга айчыну выратавала», паст. 1834; «Князь Данііл Дзмітрыевіч Холмскі», 1840, муз. М.​Глінкі, і інш.). Гіст. аповесці і апавяданні 1830—40-х г. прысвечаны пераважна эпосе Пятра I («Сяржант Іван Іванавіч Іваноў, ці Усе заадно», «Два Іваны, два Сцяпанычы, два Кастыльковы» і інш.). На словы К. напісаны рамансы Глінкі «Сумненне», цыкл з 12 рамансаў «Развітанне з Пецярбургам» і інш. Удзельнічаў у напісанні лібрэта опер Глінкі «Руслан і Людміла» і «Жыццё за цара» («Іван Сусанін»). Аўтар «Практычнага курса рускай граматыкі» (Вільня, 1830).

А.​В.​Спрынчан.

т. 8, с. 567

КУ́КАЛЬНІК (Павел Васілевіч) (1795, г. Замасць, Польшча — 1884),

гісторык, пісьменнік. Д-р права (1815). Брат М.В.Кукальніка. Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію (1815). У 1825—32 заг. кафедры ўсеаг. гісторыі Віленскага ун-та, у 1832—42 выкладаў у Мед.-хірургічнай і Духоўнай акадэміях у Вільні, потым у каталіцкай семінарыі. Адначасова з 1829 цэнзар, у 1863—65 старшыня цэнзурнага к-та. У 1860-я г. старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Пад яго рэдакцыяй выдадзены 1-ы т. «Актаў Віленскай камісіі» (1865). Аўтар прац па гісторыі ВКЛ. Яго буйнейшая праца «Гістарычныя нататкі пра Літву» (1864), як і іншыя, кампілятыўная, заснавана на даследаваннях Ю.​Ярашэвіча, Е.​С.​Бантке, Ю.​І.​Крашэўскага, М.​Стрыйкоўскага, М.​М.​Бантыш-Каменскага. Ідэйна-паліт. погляды К. грунтаваліся на заходнерусізме. Аўтар успамінаў, апублікаваных у «Русском архиве» (1873—74).

Д.​У.​Караў.

т. 8, с. 567