КУК ((Cook) Джэймс) (27.10.1728, Мартан, каля г. Мідлсбра, Вялікабрытанія — 14.2.1779),
англійскі мараплавец.
Узначаліў 3 кругасветныя плаванні. У час першай экспедыцыі (1768—71) на караблі «Індэвар» прыбыў на в-аў Таіці, нанёс на карту а-вы Таварыства, даследаваў Новую Зеландыю і праліў паміж Паўночным і Паўднёвым яе а-вамі, адкрыў Вял. Бар’ерны рыф і ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, якое пад назвай Новы Паўд. Уэльс абвясціў брыт. уладаннем. У час другога плавання (1772—75) на караблі «Рэзальюшэн» у пошуках Паўд. мацерыка дасягнуў шыр. 71°10′, адкрыў і даследаваў а-вы Новая Каледонія, Паўд. Сандвічавы, Паўд. Георгія і інш. У час трэцяй экспедыцыі (1776—79) на караблях «Рэзальюшэн» і «Дыскаверы» даследаваў берагі Канады, Аляскі і Камчаткі, адкрыў Гавайскія а-вы, дзе быў забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам. Яго імем названа больш за 20 геагр. аб’ектаў, у т. л. гара на в-ве Паўднёвым у Новай Зеландыі (гл.Кука гара), праліў паміж Паўночным і Паўднёвым а-вамі Новай Зеландыі (гл.Кука праліў), 2 групы астравоў у Ціхім ак. (гл.Кука астравы), заліў каля берагоў Аляскі (гл.Кука заліў) і інш.