Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛЮ́ТНЫЯ АБМЕЖАВА́ННІ,

сістэма мерапрыемстваў і нарматыўных правіл, устаноўленых у заканадаўчым ці адміністрацыйным парадку з мэтай абмежавання аперацый з замежнай валютай і інш. валютнымі каштоўнасцямі; элемент валютнай палітыкі. Ажыццяўляюцца для рэгулявання плацежнага балансу краіны, падтрымання валютнага курсу, канцэнтрацыі валюты ў дзярж. структурах і фарміравання ўстойлівай валютнай сістэмы. Да валютных абмежаванняў адносяцца: ліцэнзаванне валютных аперацый, поўнае ці частковае блакіраванне валютных рахункаў, абмежаванне канверсаванасці валют, абавязковы (поўны ці частковы) продаж экспарцёрамі валютнай выручкі цэнтр. банку ці інш. упаўнаважаным на гэта органам, асобы рэжым увозу-вывазу валюты (у т. л. і нац.), жорсткі кантроль за дзейнасцю валютнага рынку і інш. Могуць пашырацца на бягучыя валютныя аперацыі і аперацыі, звязаныя з рухам капіталу.

т. 3, с. 498

ВАЛЮ́ТНЫЯ АБ’ЯДНА́ННІ,

блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв. эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб. буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.

В.Ф.Дашкевіч.

т. 3, с. 498

ВАЛЮ́ТНЫЯ АПЕРА́ЦЫІ,

від банкаўскай дзейнасці па куплі-продажу замежнай валюты і каштоўных папер, выражаных у замежнай валюце, а таксама па ажыццяўленні інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі. Уключае аперацыі, звязаныя з пераходам права ўласнасці на валютныя каштоўнасці (замежную валюту, каштоўныя паперы ў замежнай валюце, каштоўныя металы, прыродныя камяні і інш.), выкарыстаннем у якасці сродку плацяжу замежнай валюты ў знешнеэканам. дзейнасці, увозам і перасылкай валютных каштоўнасцей, ажыццяўленнем міжнар. грашовых пераводаў. Валютныя аперацыі бываюць бягучыя і звязаныя з рухам капіталу. Да бягучых адносяцца: аперацыі па куплі-продажу валютных каштоўнасцей, тавараў і паслуг, рэалізацыі права на інтэлектуальную ўласнасць, разлікі за якія ажыццяўляюцца без адтэрміноўкі плацяжу і не маюць на мэце давання і залучэння пазыковых сродкаў; пераводы сродкаў за мяжу і з-за мяжы, працэнтаў, дывідэндаў і інш. даходаў ад банкаўскіх фін. аперацый; пераводы сродкаў негандл. характару. Валютныя аперацыі, звязаныя з рухам капіталу, уключаюць: інвестыцыі, у т. л. набыццё і продаж каштоўных папер; даванне і атрыманне крэдытаў, залучэнне сродкаў і размяшчэнне іх на рахунках і ўкладах; рух капіталу ў таварнай форме па экспартна-імпартных аперацыях; фін. аперацыі, выкананне якіх праз пэўны тэрмін прадугледжвае плацяжы ці пераход права ўласнасці на валютныя каштоўнасці. Адрозніваюць валютныя аперацыі наяўныя («своп»: разлік ажыццяўляецца ў момант заключэння здзелкі ці праз мінімальна кароткі тэрмін па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі) і тэрміновыя («форвард»: маюць на мэце плацяжы ў тэрмін і па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі).

Г.І.Краўцова.

т. 3, с. 498

ВАЛЮ́ТНЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВЫ , парушэнні ўстаноўленых правіл аб здзелках і аперацыях з валютнымі каштоўнасцямі. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь валютнымі злачынствамі лічацца незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі, а таксама скупка, продаж, абмен замежнай валюты або выкарыстанне плацежных дакументаў у замежнай валюце і інш. замежных грашовых дакументах, адкрыццё рахункаў за мяжой і вядзенне па іх аперацый службовай асобай суб’екта гаспадарання без спец. дазволу (ліцэнзіі), якія здзейснены на працягу года пасля накладання адм. спагнання за такія ж парушэнні (арт. 85, 85​1, 85​2).

т. 3, с. 498

ВАЛЮ́ТНЫЯ КАШТО́ЎНАСЦІ , сукупнасць грашовых знакаў замежных дзяржаў, крэдытных і плацежных дакументаў, выражаных у замежных грашовых адзінках, якія выкарыстоўваюцца ў міжнар. разліках. Могуць уключаць: наяўную замежную валюту, плацежныя дакументы (чэкі, вэксалі, траты, акрэдытывы і інш.), замежныя фондавыя каштоўнасці (акцыі, аблігацыі), каштоўныя металы (золата, серабро, плаціна і металы плацінавай групы) у манеце, злітках, ломе і сырым выглядзе, вырабы з каштоўных металаў, жэмчуг, каштоўныя камяні і вырабы з іх. Валютнае заканадаўства ўстанаўлівае для валютных каштоўнасцей спец. абмежаваны рэжым абарачэння на тэр. краіны.

Н.К.Мазоўка.

т. 3, с. 498

ВАЛЮ́ТНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,

цэнтралізаваныя запасы золата і замежнай валюты, што знаходзяцца ў цэнтр. (нац.) банках і фін. органах краіны ці ў міжнар. валютна-крэдытных арг-цыях. Выкарыстоўваюцца пераважна для рэгулявання знешніх разлікаў, пакрыцця дэфіцыту плацежнага балансу, стабілізацыі валютнага курсу на валютных рынках, у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі.

т. 3, с. 498

ВАЛЮ́ТНЫ ДЭ́МПІНГ,

гл. ў арт. Дэмпінг.

т. 3, с. 497

ВАЛЮ́ТНЫ КО́ШЫК,

метад вымярэння сярэднеўзважанага курсу адной валюты ў адносінах да пэўнага набору інш. валют. Выкарыстоўваецца ў сувязі з увядзеннем у 1973 плаваючых валютных курсаў. Неабходны для разліку курсаў нац, валют, стварэння міжнар. грашовых адзінак (тыпу СДР, ЭКЮ і інш.), індэксацыі валюты цаны і валюты пазыкі ў міжнар. эканам. адносінах. Для разліку валютнага курса бяруць валюту некалькіх краін, вызначаюць удз. вагу дадзенай краіны ў сукупным валавым нац. прадукце і знешнегандл. абароце гэтых краін. Напр., для «пабудовы» СДР выкарыстана 5 нац. валют (долар ЗША, ням. марка, яп. іена, франц. франк, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі) і ЭКЮ.

т. 3, с. 497

ВАЛЮ́ТНЫ КРЫ́ЗІС,

рэзкае абвастрэнне супярэчнасцей у валютнай сферы, глыбокае і зацяжное яе разладжванне. Выяўляецца ў рэзкіх ваганнях валютных курсаў, хуткіх і значных па маштабах перамяшчэннях валютных рэзерваў, дэвальвацыях і рэвальвацыях валют, пагаршэнні міжнар. валютнай ліквіднасці. Звычайна ахоплівае нац. валютныя (грашовыя) сістэмы, а таксама міжнар. разлікі, суправаджаецца інфляцыяй.

т. 3, с. 497

ВАЛЮ́ТНЫ КУРС,

цана грашовай адзінкі (валюты) адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках інш. краін ці міжнар. валютных адзінках (СДР, ЭКЮ). Фактычна гэта прапорцыя абмену валют ці каэфіцыент пераліку адной валюты ў другую. Валютны курс неабходны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталаў, параўнання цэн на сусв. і нац. рынках, вартасных паказчыкаў развіцця краін, пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Адрозніваюць валютны курс: фіксаваны, плаваючы і зменлівы. Пры фіксаваным валютным курсе афіцыйна ўстанаўліваюцца суадносіны нац. валют на аснове валютнага парытэту; гэта характэрна для краін — членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія ўстанавілі залатую вартасць сваёй нац. валюты, яе парытэт адносна долара ЗША і не дапускалі ваганняў ад яго больш як на 1%. Аднак большасць краін — членаў МВФ вымушаны былі дэвальвіраваць свае валюты, і валютны курс фактычна вагаўся пад уплывам попыту і прапановы (зменлівы валютны курс). У 1973 уведзены плаваючы валютны курс, які прадугледжвае свабоду выбару рэжыму валютнага курсу пры ўвязцы яго змен з дынамікай курсу валют інш. краін ці валютнага кошыка. Напр., краіны — члены Еўрапейскай валютнай сістэмы ў рамках рэжыму плаваючага курсу практыкуюць узгадненне адносных ваганняў валютнага курса. Для афіц. ўстанаўлення курсу замежных валют нац. ці буйныя камерцыйныя банкі краіны праводзяць каціроўку: курс грашовай адзінкі замежнай валюты выражаюць у пэўнай колькасці нац. валюты (прамая каціроўка, прынятая ўсімі краінамі); толькі ў Вялікабрытаніі існуе адваротная валютная каціроўка: за адзінку прыняты фунт стэрлінгаў, які выражаецца ў пэўнай колькасці замежнай валюты. Механізм фарміравання і вагання валютнага курса істотна залежыць ад ступені эканам. развіцця, дзелавой актыўнасці і прынцыпаў валютнай сістэмы краіны. Для стабілізацыі курсу нац. валюты дзяржава прымае адпаведныя загады, у т. л. і валютную інтэрвенцыю.

Г.І.Краўцова.

т. 3, с. 497