Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КРЭМПАВЕ́ЦКІ ((Krępowiecki) Тадэвуш Шыман) (1798, Варшава — 5.1.1847),

польскі рэв. дзеяч. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (1819—20) удзельнічаў у патрыят. гуртках. У час паўстання 1830—31 лідэр левага крыла Патрыятычнага таварыства; выступаў супраць дыктатуры Ю.Хлапіцкага; патрабаваў вызвалення сялян ад прыгону і далучэння іх да рэв. руху. У эміграцыі адзін з заснавальнікаў (1832) Польскага дэмакратычнага таварыства (ПДТ). У 1833—35 кіраваў т-вам польскіх карбанарыяў; абвінавачваў шляхту ў паражэнні паўстання і эксплуатацыі сялян, выступаў за спалучэнне нац. вызвалення з агр. рэвалюцыяй. У 1833 выключаны з ПДТ у выніку канфлікту з яго кіраўніцтвам. Адзін з арганізатараў (1835) і гал. ідэолаг рэв.-дэмакр. арг-цыі «Люд польскі», чл. Аб’яднання польскай эміграцыі. З 1846 зноў у ПДТ.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 540

КРЭН (ад галанд. krengen класці судна на бок),

нахіл набок судна або лятальнага апарата. У судна К. узнікае пры несіметрычнай загрузцы і ўздзеянні хваль у час бартавой качкі, вымяраецца крэнометрам; у лятальнага апарата К. узнікае пры разваротах і інш. манеўрах, вымяраецца авіягарызонтам.

т. 8, с. 540

КРЭ́НКЕЛЬ (Эрнст Тэадоравіч) (24.12.1903, г. Тарту, Эстонія — 8.12.1971),

савецкі палярнік. Д-р геагр. навук (1938). Герой Сав. Саюза (1938). З 1969 дырэктар НДІ гідраметэаралагічнага прыладабудавання. Радыст на палярных станцыях Матаччын Шар (1924—25, 1927—28), бухта Ціхая (1929—30), мыс Алавяны (1935—36), в-аў Дамашні (1936). Удзельнік арктычных экспедыцый на дырыжаблі «Граф Цэпелін» (1931), суднах «Сібіракоў» (1932), «Чэлюскін» 1933—34); радыст першай дрэйфуючай станцыі «Паўночны полюс» (1937—38). У 1927 здзейсніў радыёсувязь на кароткіх хвалях, устанавіў сусв. рэкорд далёкай радыёсувязі паміж Зямлёй Франца-Іосіфа і Антарктыдай.

т. 8, с. 540

КРЭ́ПАВЫЯ ТКАНІ́НЫ, крэп,

група тканін з дробнай шурпатасцю на паверхні. Вырабляюць з нітак вялікай (крэпавай) круткі палатняным, дробнаўзорыстым ці спец. (крэпавымі) перапляценнямі. Найб. пашыраны шаўковыя К.т. — крэпдэшын, крэп-шыфон, крэп-жаржэт, крэп-сацін. Бываюць таксама шарсцяныя, баваўняныя, са штучных і сінт. нітак. Крэп добра драпіруецца і мала змінаецца. Выкарыстоўваюць для шыцця жаночых сукенак і касцюмаў.

т. 8, с. 540

Крэпак Барыс Аляксеевіч

т. 18, кн. 1, с. 412

КРЭ́ПАСЦЬ,

умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой доўгатэрміновай абароны ва ўмовах аблогі. Асн. абарончыя элементы К.: земляныя валы, равы, драўляныя ці мураваныя сцены і вежы з байніцамі, брамы, барбаканы, бастыёны, равеліны і інш. Падзяляліся на сухапутныя і марскія (прыморскія).

Правобразамі К. былі ўмацаваныя паселішчы першабытнай эпохі. У рабаўладальніцкіх дзяржавах многія гарады былі адначасова і К. (Карфаген, Рым, Канстанцінопаль). Для прыкрыцця граніц К. будавалі ў Стараж. Егіпце, Рыме, Асірыі, Вавілоне, Персіі і інш.

У сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе выгляд К. набылі ўмацаваныя замкі феадалаў, гарады і манастыры. На Русі буд-ва К. пачалося ў 10—11 ст. з мэтай абароны насельніцтва гарадоў і навакольных раёнаў.

На Беларусі тэрмін «К.» у сучасным яго разуменні вядомы з 18 ст. Раней К. называлі водныя перашкоды, балоты, высокія схілы, якія ахоўвалі паселішчы. У 11—13 ст. функцыі К. адыгрывалі некат. парубежныя гарады (Мінск, Гродна, Камянец, Кукенойс, Герцыке). Асновай іх абароны былі дзядзінцы. Другую лінію абароны складалі ўмацаванні вакольнага горада. Вузлавымі пунктамі абароны гарадоў з’яўляліся замкі, умацаваныя манастыры і кляштары. У 15—17 ст. некат. бел. гарады (Магілёў, Мсціслаў, Віцебск, Полацк) адыгрывалі ролю парубежных К. Іх абарончыя ўмацаванні звычайна складаліся з некалькіх паясоў магутных фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада. У функцыян. адносінах значна бліжэй да К. былі ўмацаваныя гарадкі-астрогі Туроўля, Сітна, Суша, Сокал, Казьян і інш., пабудаваныя ў 16 ст. на Полаччыне. Пад уплывам італьян. і галандскай фартыфікацыі з 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася буд-ва бастыённай сістэмы ўмацаванняў. Сярод К. новага тыпу вылучаліся Магілёў, Быхаў, Ляхавічы, Нясвіж, асабліва Слуцк, які да канца 18 ст. называлі «бастыёнам Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі крапаснымі збудаваннямі былі таксама многія цэрквы, у т. л. Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць, жылыя дамы — Гайцюнішскі дом-крэпасць, Гродзенскі новы замак. Традыц. драўляна-земляныя збудаванні паступова трацілі сваё стратэг. значэнне. Павелічэнне далёкасці і магутнасці агню артылерыі прывяло да ўзнікнення ў 19 ст. фортавай К., якая складалася з т. зв. ядра (звычайна старой К.) і вынесеных уперад на 2—3 км асобных фортаў на адлегласці 1,5—2 км адзін ад аднаго. Такія ўмацаванні мелі Бабруйская крэпасць і Брэсцкая крэпасць. У 1914 на тэр. Еўропы было больш за 150 разнастайных К. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, з развіццём узбраення і ваен. тэхнікі, усе краіны адмовіліся ад фортавых К. і пачалі ствараць умацаваныя раёны і палосы. Гл. таксама Абарончыя збудаванні.

Літ.:

Rogalski M., Zaborowski M. Fortyfikacja wczoraj i dziś. Warszawa, 1975;

гл. таксама пры арт. Абарончыя збудаванні.

М.​А.​Ткачоў.

Схема Брэсцкай крэпасці. 1941.
Крэпасць Туроўля. 1566—67.

т. 8, с. 540

КРЭ́СІВА, красала,

металічная прылада для высякання агню з крэменю. Бытавала з эпохі жал. веку. Найб. старажытнае К. на тэр. Беларусі датуецца 2—5 ст. Паводле формы вылучаюць абаранкападобнае, 2-лязовае авальнае, 2-лязовае прамавугольнае, санкападобнае, у выглядзе прамавугольнай пласцінкі з адагнутымі ўгару канцамі і інш. Высечаная з крэменю іскра падпальвала цэру (маса з вываранага і высушанага дрэвавага грыба накшталт ваты). Крэмень, К. і цэру насілі звычайна ў магалайцы — скураным мяшэчку каля пояса з левага боку. Са з’яўленнем у 19 ст. запалак бытаванне К. заняпала спачатку ў горадзе, а потым і ў вёсцы.

С.​Ф.​Цярохін.

Крэсіва: 1 — абаранкападобнае; 2 — двухлязовае авальнае.

т. 8, с. 541

«КРЭ́СЫ ЎСХО́ДНЕ»

(ад польск. kres вобласць, мяжа, кардон),

назва, якую ўжывалі афіц. польскія ўлады ў дачыненні да Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, калі яны ўваходзілі ў склад Польшчы (1921—39).

т. 8, с. 541

КРЭС-САЛА́ТА,

гл. ў арт. Клапоўнік.

т. 8, с. 541

КРЭ́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў бас. Зах. Бярэзіны. Існавала ў 14 ст. Цэнтр — Крэва. Каля 1338 вял. князь ВКЛ Гедзімін аддаў К.к. свайму сыну Альгерду. Пазней належала сыну Альгерда Ягайлу. Верагодна, ужо ў 14 ст. страціла значэнне ўдзела, пазней пераўтворана ў староства ў Віленскім ваяв. У навук. л-ры часам сцвярджаецца, што ў 1387—91 К.к. належала брату Ягайлы кн. Вігунду (Аляксандру), на самай справе той валодаў г. Кернаў у Літве.

т. 8, с. 541