Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САМАІНДУ́КЦЫЯ,

з’ява ўзнікнення электрарухальнай сілы індукцыі ў праводным контуры пры зменах сілы току ў ім; асобны выпадак электрамагнітнай індукцыі. Напрамак эрс С. вызначаецца Ленца правілам, г.зн. пры павелічэнні сілы току ў ланцугу эрс С. перашкаджае яго нарастанню, а пры змяншэнні сілы току — яго спаданню.

Эрс С. прапарцыянальная скорасці змены сілы току: ε = -Ldi/dt, дзе L — індуктыўнасць контуру. З С. вынікае, што пры далучэнні контуру да крыніцы пастаяннага току найб. значэнне сілы току ўстанаўліваецца праз некаторы час, а пры адключэнні — эрс, якая ўзнікла, можа ў шмат разоў перавысіць эрс крыніцы току. У ланцугах пераменнага току ў выніку С. сіла току ў ланцугу з індуктыўнасцю адстае па фазе ад напружання на канцах шпулі на π/2. З’ява С. важная ў электра- і радыётэхніцы. Гл. таксама Вагальны контур.

т. 14, с. 129

САМАЙЛЮКО́ВІЧ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 17.4.1931, г. Пружаны Брэсцкай вобл.),

бел. фізік і педагог, адзін з пачынальнікаў эксперым. даследаванняў паўправадніковых лазераў на Беларусі. Канд. фіз.-матэм. н. (1971), дац. (1978). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1954). З 1964 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1975 у БПА (у 1980—95 заг. кафедры). Навук. працы па оптыцы і лазернай фізіцы, даследаванні ўнутр. параметраў і асн. характарыстык інжэкцыйных паўправадніковых лазераў. Аўтар «Руска-беларускага фізічнага слоўніка» (1994; з У.​Пазняком, А.​Сабалеўскім) і навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

т. 14, с. 129

САМАКІРАВА́ННЕ,

самастойнасць якой-н. сац. супольнасці ў кіраванні ўласнымі справамі. С. адм.-тэр. адзінкамі (мясц. С.) ажыццяўляецца насельніцтвам праз прадстаўнічыя органы кіравання (муніцыпальныя сходы, саветы, камітэты і г.д), адпаведныя органы кіравання (мясц. адміністрацыю), сходы грамадзян, мясц. рэферэндумы, інш. тэр. формы непасрэднай дэмакратыі, а таксама органы тэр. грамадскага С. насельніцтва. Органы мясц. С. звычайна не ўваходзяць у сістэму органаў дзярж. улады, але могуць надзяляцца законам асобнымі дзярж. паўнамоцтвамі, рэалізацыя якіх падкантрольная дзяржаве.

Узнікла разам з дзяржавай. Вядома ў рабаўладальніцкім і феад. грамадстве. На Беларусі пашырылася ў гарадах з увядзеннем магдэбургскага права. У дарэв. Расіі органамі С. былі гарадскія думы і земствы. Асаблівае значэнне С. набыло ў сувязі з бурж. рэвалюцыямі 17 ст. ў Англіі і 18 ст. ў Францыі, калі буржуазія ў барацьбе з абсалютызмам побач з інш. дэмакр. патрабаваннямі дамаглася ўдзелу народа ў мясц. кіраванні і права кантролю над ім. Гл. таксама Веча, Муніцыпалітэт, Мясцовае кіраванне і самакіраванне, Мясцовыя Саветы дэпутатаў.

т. 14, с. 129

САМАЛЁТ, аэраплан,

найбольш пашыраны цяжэйшы за паветра лятальны апарат для палётаў у атмасферы; асн. сродак авіяцыі. Адрозніваюць С.: грамадзянскія (пасажырскія, грузавыя і спец. прызначэння — санітарныя, сельскагаспадарчыя, для тушэння лясных пажараў, аэрафотаздымкі і інш.), ваенныя (бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, штурмавікі, разведчыкі, ваенна-транспартныя і інш.), вучэбныя; поршневыя, турбавінтавыя, турбарэактыўныя і ракетныя; сухапутнага базіравання, карабельныя, гідрасамалёты, «амфібіі»; самалёты вертыкальнага ўзлёту, скарочанага і звычайнага ўзлёту і пасадкі; манапланы і біпланы; дагукавыя, звышгукавыя і гіпергукавыя. Найб. вядомыя С.: аэробусы («Боінг» і «Канкорд»), трансп. (грузавыя) «Антэй», «Руслан» і «Мрыя» (Ан-225, для перавозкі грузаў масай да 250 т, далёкасць палёту да 14,7 тыс. км).

Асн. часткі С.: планер (крыло, фюзеляж, апярэнне, шасі), сілавая ўстаноўка (складаецца з авіяцыйных рухавікоў, уваходных і выхадных устройстваў, сістэм кіравання, паліўнай і інш.), а таксама (для ваенных) узбраенне (пушачнае, ракетнае, бамбардзіровачнае). Сілавая ўстаноўка стварае цягу, а крыло пры наяўнасці паступальнай скорасці — пад’ёмную сілу. Для кіравання С. выкарыстоўваюць штурвальныя калонкі, ручкі кіравання, разнастайныя навігацыйныя прылады (у т. л. авіягарызонты, аўтапілоты, аўташтурманы, вышынямеры). У навігацыі паветранай і ў самім працэсе ваджэння С. (самалётаваджэнні) выкарыстоўваюцца сучасныя навігацыйныя комплексы, якія аб’ядноўваюць з дапамогай ЭВМ прылады і сістэмы С. з наземнымі навігацыйнымі сістэмамі. У ваен. С. выкарыстоўваецца прыцэльна-навігацыйная сістэма (складаецца з прыцэльнай, навігацыйнай, індыкатарнай і дальнамернай падсістэм). Для ўзлёту, пасадкі і абслугоўвання С. будуюць аэрадромы (звычайна ў складзе аэрапорта). Вытв-сцю С., авіяц. рухавікоў, абсталявання, бартавых сістэм і інш. займаецца авіяцыйная прамысловасць. Для палётаў на малой вышыні з выкарыстаннем экрануючага эфекту паверхні існуюць экранапланы, для заняткаў самалётным спортам — спец спартыўныя С.

Канцэпцыю С. з раздзеленымі функцыямі нясучай паверхні (крыла) і рухальніка (вінта) прапанаваў у 1799 англ. вучоны і вынаходнік Дж.​Кейлі. Патэнт на С. з парасілавой устаноўкай атрымаў у 1881 А.​Ф.​Мажайскі, паставілі на С. рухавік унутр. згарання і ажыццявілі на ім першыя палёты ў 1903 браты Райт (гісторыю развіцця самалётабудавання гл. ў арт. Авіяцыя). Да канца 20 ст. створаны С. з макс. скорасцю больш за 3000 км/гадз, найб. вышынёй палёту больш за 30 км, далёкасцю палёту больш за 10 тыс. км, грузападымальнасцю да 250 т, пасажыраўмяшчальнасцю да 550 чал.

Літ.:

История техники. М., 1962;

Шульженко М.Н. Конструкция самолетов. 3 изд. М., 1971;

Яковлев А.С. Советские самолеты. 4 изд. М., 1982;

Андреев И. Боевые самолеты. М., 1981;

Пономарев А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;

Житомирский Г.И. Конструкция самолетов. М., 1991.

С.​М.​Кузьменка, У.​М.​Сацута.

Самалёт: а — «Тып XI» Л.​Блерыо, які зрабіў першы пералёт з Барака (Францыя) у англійскі Дуўр (1 — рухавік, 2 — цыліндры паветранага ахаладжэння, 3 — паліўны бак, 4 — бак для павелічэння пад’ёмнай сілы); б — «Боінг-747» (1 — кабіна экіпажа, 2, 4 — перадкрылкі, 3 — турбавентылятарныя рухавікі, 5 — закрылкі, 6 — пасажырскія месцы на 330—490 чал., 7 — стабілізатар са зменным вуглом устаноўкі, 8 — гідраўлічнае шасі, 9 — патрубак для запраўкі палівам).

т. 14, с. 129

САМАЛЁТАВАДЖЭ́ННЕ,

комплекс аперацый па кіраванні самалётам. Забяспечвае дакладнасць, надзейнасць і бяспеку палёту. Непасрэднае пілатаванне самалёта ажыццяўляецца чалавекам або комплексам бартавых аўтам. прыстасаванняў; бывае ручное, паўаўтаматычнае і аўтаматычнае. Манеўраванне самалётам у розных плоскасцях для выканання пэўных фігур наз. пілатажам. Метады, спосабы і сродкі С. распрацоўвае навігацыя паветраная. С. ажыццяўляецца па зямных арыенцірах, картах, з дапамогай компасаў, паказчыкаў скорасці, вышынямераў і інш. прылад, наземных навігацыйных сістэм і бартавых навігацыйных комплексаў, сродкаў радыёнавігацыі і астранамічнай навігацыі.

П.​В.​Мішанін.

т. 14, с. 130

САМАЛЁТНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы на самалётах; адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае спаборніцтвы на самалётах розных катэгорый з поршневымі, турбавінтавымі і рэактыўнымі рухавікамі на ўстанаўленне рэкордаў скорасці, вышыні, далёкасці, працягласці, хуткаўздымнасці і грузападымальнасці; спаборніцтвы на 1-месных спарт. і 2-месных вучэбных самалётах з поршневымі і рэактыўнымі рухавікамі па выкананні фігур вышэйшага пілатажу (у т. л. паветраная акрабатыка) у палётах прамым, абернутым, па крузе; у самалётаваджэнні па маршруце, удзень і ўначы.

Узнік у пач. 20 ст. Міжнар. авіяц. федэрацыя засн. ў 1905 (Парыж), Усерасійскі аэраклуб — у 1908 (Пецярбург). Чэмпіянаты свету па вышэйшым пілатажы праводзяцца з 1960 раз у 2 гады. Найб. развіты С.с. у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Расіі, Францыі, Швейцарыі і інш.

На Беларусі спаборніцтвы па С.с. праводзяцца штогод з 1949. Зборная каманда — сярэбраны прызёр 19-га асабіста-каманднага чэмпіянату СССР (1972). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся В.​Аўсянкін, Т.​Перасекіна, Я.​Фралоў, В.​Яікава і інш.

т. 14, с. 130

САМА́ЛІ́,

паўвостраў на У Афрыкі. Пл. каля 750 тыс. км². Абмываецца на Пн Адэнскім зал., на У і ПдУ Індыйскім ак. Большая ч. паверхні — ступеньчатыя плато (выш. 1000—1500 м), на Пн — горы (г. Шымбірыс, выш. 2416 м). Клімат субэкватарыяльны, на Пн — трапічны, засушлівы, у цэнтр. ч. — пустынны. Ападкаў 250—500 мм за год. На ПнЗ ва ўзвышанай ч. колькасць ападкаў павялічваецца (больш за 1000 мм за год). Рэкі — пераважна часовыя патокі, акрамя рэк Джуба і Уэбі-Шабеле. У далінах рэк галерэйныя рэдкалессі, на ўнутр. плато — тыповыя і апустыненыя саванны, а па схілах — лясы з дрэвападобных ядлоўцаў, на ўзбярэжжы акацыевыя паўпустыні. Качавая жывёлагадоўля, у аазісах вырошчваюць кукурузу, бананы, арахіс і інш. На тэр. паўвострава — дзяржавы Самалі, Джыбуці, усх. раёны Эфіопіі. Важнейшыя гарады і порты — Магадыша (Самалі), Джыбуці (Джыбуці).

М.​В.​Лаўрыновіч.

Да арт. Самалі. Узбярэжжа Індыйскага акіяна.

т. 14, с. 130

САМА́ЛІ́ (Soomaaliya),

Самалійская Дэмакратычная Рэспубліка (Jamhuuriyadda Dimoqraadiga ee Soomaaliya), дзяржава на У Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Джыбуці, на З з Эфіопіяй, на ПдЗ з Кеніяй. На Пн абмываецца Адэнскім зал., на У — Індыйскім акіянам. Пл. 627,7 тыс. км². Нас. 9,7 млн. чал. (2000). Дзярж. мовы — самалійская і арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Магадыша. Краіна падзяляецца на 18 абласцей. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Канстытуцыя 1960 ва ўмовах грамадз. вайны не выконваецца. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. орган — аднапалатны Нар. сход.

Прырода. Краіна займае большую ч. п-ва Самалі. У рэльефе пераважаюць ступеньчатыя плато (выш. 500—1500 м). На Пн асобныя горныя масівы, дзе ў масіве Суруд знаходзіцца г. Шымбірыс (2416 м). Карысныя выкапні: жал., уранавыя, ванадыевыя, тытанавыя, ніобіевыя, алавяныя руды, прыродны газ, соль і інш. Клімат субэкватарыяльны, сухі, на Пн трапічны. Сярэдняя т-ра ўсіх месяцаў 25—32 °C. Ападкаў ад 40 да 500 мм за год, выпадаюць пераважна ў крас.чэрв., кастр.—снежні. Бываюць шматгадовыя засухі. Рэкі — часовыя вадацёкі (акрамя Джубы і Уэбі-Шабеле). Больш за 90% тэр. — пустыня і паўпустыня з рэдкімі травамі і калючымі хмызнякамі; у аазісах фінікавыя пальмы. Ёсць участкі саваннаў, па берагах рэк — галерэйныя лясы. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — антылопы, зебры, буйвалы, жырафы; паўсюдна — грызуны, змеі, яшчаркі і інш. Рэзерваты — Уэбі-Шабеле, Страусавы і інш.

Насельніцтва. С. — этнічна аднародная краіна, самалійцы складаюць 98—99%, падзяляюцца на плямёны. Жывуць невял. групы суахілі, арабаў, італьянцаў, англічан. Сярэднегадавы прырост больш за 4% за год. Сярэдняя шчыльн. 15,5 чал. на 1 км², на Пд месцамі да 50 чал. на 1 км², на Пн у пустынях і паўпустынях — 1—2 чал. на 1 км². Каля 70% насельніцтва — качэўнікі і паўкачэўнікі. У гарадах 26% насельніцтва, найб. Магадыша (больш за 700 тыс. ж. з прыгарадамі, 2000), Кісмайо, Харгейса, Бербера, Марка. У сельскай гаспадарцы (пераважна пашавая жывёлагадоўля) заняты 71% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 29%. У сувязі з грамадз. вайной каля 1 млн. чал. сталі бежанцамі, жывуць у лагерах, часткова на тэр. суседніх краін.

Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. С. з часоў палеаліту. З 7 ст. н.э. С. ў зоне ўплыву араба-мусульм. цывілізацыі, паступова тут пашыраўся іслам. На ўзбярэжжы ўзніклі буйныя гарады Барбара (Бербера), Магадыша, Бараўэ (Брава), Марка і інш. Унутр. раёны насялялі шматлікія плямёны самалі, якія не мелі ўстойлівых дзярж. утварэнняў. З канца 15 ст. ў С. пранікалі партугальцы, якія падпарадкавалі прыбярэжныя гарады. У 17 ст. іх выгналі туркі, якія сталі кантраляваць гарады на Пн С ; Пд С. ўвайшоў у сферу ўплыву Амана. У выніку калан. экспансіі ў канцы 19 ст. тэр. рассялення самалійскіх плямён падзелена на некалькі частак: паўн. раёны адышлі да Вялікабрытаніі як пратэктарат Самалілэнд, паўд. і ўсх. — да Італіі як Італьян. С., зах. раёны (Агадэн) — да Эфіопіі. У 2-ю сусв. вайну Італьян. С. ў 1941 занята брыт. войскамі. У 1949 ААН перадала б. Італьян. С. пад апеку Італіі на 10 гадоў. 21.6.1960 абвешчана незалежнасць Самалілэнда, 1.7.1960 — Італьян. С.; у той жа дзень абое С. аб’яднаны ў адзіную Самалійскую Рэспубліку. Унутр. становішча дзяржавы было нестабільнае. Пасля забойства першага прэзідэнта А.​А.​Шэрмарка (1969) уладу захапілі ваенныя на чале з ген. М.​С.​Барэ, які ўзначаліў Вярх. рэв. савет; была абвешчана Самалійская Дэмакр. Рэспубліка. Урад Барэ абвясціў курс на пабудову сацыялізму: нацыяналізаваны банкі, буйныя прадпрыемствы, праведзены інш. захады сацыяліст. характару, наладжаны цесныя сувязі з СССР. Адзінай дазволенай партыяй стала створаная ў 1976 Самалійская рэв. сацыяліст. партыя на чале з Барэ. Вайна 1977—78 з Эфіопіяй за прав. Агадэн, у якой СССР падтрымаў Эфіопію, прывяла да разрыву з СССР і пераарыентацыі С. на ЗША.

Пагаршэнне эканам. становішча С. разам з абвастрэннем міжплемянных супярэчнасцей прывяло ў канцы 1980-х г. да ўзбр. выступленняў супраць рэжыму Барэ, які ў 1991 быў вымушаны пакінуць краіну. С. стала арэнай барацьбы ўзбр. груповак (Самалійскі нац. альянс, Самалійскі альянс выратавання і інш.) за ўладу. Некат. раёны (у прыватнасці, б. Самалілэнд) абвясцілі сябе незалежнымі дзяржавамі. У 1992—95 узбр. сілы ЗША і іх саюзнікаў па НАТО правялі ў С. пад эгідай ААН 2 спец. аперацыі з мэтай выратавання насельніцтва ад голаду і пошуку шляхоў унутрыпаліт. ўрэгулявання, якія мелі частковы поспех. У 2000 у Джыбуці праведзена канферэнцыя асн. паліт. сіл С., на якой створаны часовы парламент краіны; часовым прэзідэнтам С. выбраны А.​С.​Хасан. Аднак іх улада прызнаецца толькі на ч. тэр. краіны, аднаўленне дзярж. адзінства застаецца актуальным пытаннем. С. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963).

Гаспадарка. С. — адсталая аграрная краіна са слабаразвітой эканомікай. Шматгадовая грамадз. вайна выклікала заняпад гаспадаркі, памяншэнне пагалоўя жывёлы, скарачэнне пасяўных плошчаў і колькасці прадпрыемстваў, інфраструктура амаль цалкам разбурана. Штогадовы даход на 1 чал. каля 600 дол. (1999). Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць каля 60% прыбыткаў краіны, прам-сць — каля 11%, сфера паслуг — 29%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля. Пад пашай каля 400 тыс. км²тэр. паўпустынь і саваннаў. У краіне каля 3—5 млн. вярблюдаў, 5 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 13 млн. авечак, 12 млн. коз. Птушкагадоўля. Пад пасевамі с.-г. культур каля 1,2 млн. га, з іх 180 тыс. га арашаецца. Земляробчыя гаспадаркі памерам да 3 га, на арашальных землях — да 1 га; ёсць плантацыі экспартных культур. Асн. земляробчы раён на Пд, у далінах і міжрэччы рэк Джуба і Уэбі-Шабеле. Асн. культуры (збор у пач. 1990-х г.): сорга і проса (каля 240 тыс. т), кукуруза (каля 255 тыс. т), цукр. трыснёг (каля 310 тыс. т), рыс (каля 13 тыс. т), бананы (каля 125 тыс. т), бавоўнік, маніёк, батат, арахіс, кунжут, бабовыя. Трапічнае арашальнае садоўніцтва, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў. Рыбалоўства ў прыбярэжных водах (каля 15 тыс. т штогод). Каля 65% сусв. збору араматычных смол (камедзі, міры, ладану) з дзікарослых раслін. Паляўніцтва. Прам-сць развіта слаба. Есць каля 200 прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці, каля палавіны іх знаходзіцца ў Магадыша — нафтаперапр. з-д, харч., гарбарна-абутковыя, метала- і дрэваапр., суднабуд. і суднарамонтныя. Працуюць: цукр. з-д, мясакамбінаты, рыбакансервавыя і малочныя з-ды, тэкст., абутковыя і бавоўнаачышчальныя ф-кі. На Пн здабыча ніобіевых руд і кухоннай солі. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць (цэнтр — г. Кісмайо): ткацтва, разьба па дрэве, кераміка, пляценне, выраб скур і інш. Вытв-сць электраэнергіі 258 млн. кВтгадз (1996) на невял. цеплавых электрастанцыях. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі, ва ўнутр. раёнах — уючны. Даўж. аўтадарог 22,1 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 2,6 тыс. км. Гал. парты Бербера, Кісмайо і Магадыша. У краіне 61 аэрапорт, у т. л. 7 з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. У 1995 экспарт склаў 123 млн. дал., імпарт — 60 млн. дол. У экспарце пераважаюць жывёла і прадукты жывёлагадоўлі (каля 88%), бананы (8%), рыба і рыбапрадукты; у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, нафта і нафтапрадукты. Гал. гандл. партнёры: Саудаўская Аравія, Йемен, Італія, Кенія, Джыбуці. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін (Саудаўскай Аравіі, Вялікабрытаніі, Італіі і інш.). Грашовая адзінка — самалійскі шылінг.

К.​А.​Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Самалі.

т. 14, с. 130

САМАЛІ́ЙСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

паверхневае цячэнне ў паўн.-зах. ч. Індыйскага ак., каля ўсх. берагоў п-ва Самалі (Афрыка). Выклікана мусоннымі вятрамі і мае сезонную змену напрамку. Зімой рухаецца на ПдПдЗ, на Пд ад экватара пераходзіць у Міжпасатнае (экватарыяльнае) супрацьцячэнне; т-ра вады 25—26 °C, скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Летам накіравана на ПнПнУ, з’яўляецца зах. працягам Паўд. пасатнага цячэння; т-ра вады зніжаецца да 21—25 °C, скорасць 1,8—2,7 км/гадз і болей.

т. 14, с. 132

Самаль Аляксандра Барысаўна

т. 18, кн. 1, с. 446