САМАЛЁТ, аэраплан,

найбольш пашыраны цяжэйшы за паветра лятальны апарат для палётаў у атмасферы; асн. сродак авіяцыі. Адрозніваюць С.: грамадзянскія (пасажырскія, грузавыя і спец. прызначэння — санітарныя, сельскагаспадарчыя, для тушэння лясных пажараў, аэрафотаздымкі і інш.), ваенныя (бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, штурмавікі, разведчыкі, ваенна-транспартныя і інш.), вучэбныя; поршневыя, турбавінтавыя, турбарэактыўныя і ракетныя; сухапутнага базіравання, карабельныя, гідрасамалёты, «амфібіі»; самалёты вертыкальнага ўзлёту, скарочанага і звычайнага ўзлёту і пасадкі; манапланы і біпланы; дагукавыя, звышгукавыя і гіпергукавыя. Найб. вядомыя С.: аэробусы («Боінг» і «Канкорд»), трансп. (грузавыя) «Антэй», «Руслан» і «Мрыя» (Ан-225, для перавозкі грузаў масай да 250 т, далёкасць палёту да 14,7 тыс. км).

Асн. часткі С.: планер (крыло, фюзеляж, апярэнне, шасі), сілавая ўстаноўка (складаецца з авіяцыйных рухавікоў, уваходных і выхадных устройстваў, сістэм кіравання, паліўнай і інш.), а таксама (для ваенных) узбраенне (пушачнае, ракетнае, бамбардзіровачнае). Сілавая ўстаноўка стварае цягу, а крыло пры наяўнасці паступальнай скорасці — пад’ёмную сілу. Для кіравання С. выкарыстоўваюць штурвальныя калонкі, ручкі кіравання, разнастайныя навігацыйныя прылады (у т. л. авіягарызонты, аўтапілоты, аўташтурманы, вышынямеры). У навігацыі паветранай і ў самім працэсе ваджэння С. (самалётаваджэнні) выкарыстоўваюцца сучасныя навігацыйныя комплексы, якія аб’ядноўваюць з дапамогай ЭВМ прылады і сістэмы С. з наземнымі навігацыйнымі сістэмамі. У ваен. С. выкарыстоўваецца прыцэльна-навігацыйная сістэма (складаецца з прыцэльнай, навігацыйнай, індыкатарнай і дальнамернай падсістэм). Для ўзлёту, пасадкі і абслугоўвання С. будуюць аэрадромы (звычайна ў складзе аэрапорта). Вытв-сцю С., авіяц. рухавікоў, абсталявання, бартавых сістэм і інш. займаецца авіяцыйная прамысловасць. Для палётаў на малой вышыні з выкарыстаннем экрануючага эфекту паверхні існуюць экранапланы, для заняткаў самалётным спортам — спец спартыўныя С.

Канцэпцыю С. з раздзеленымі функцыямі нясучай паверхні (крыла) і рухальніка (вінта) прапанаваў у 1799 англ. вучоны і вынаходнік Дж.​Кейлі. Патэнт на С. з парасілавой устаноўкай атрымаў у 1881 А.​Ф.​Мажайскі, паставілі на С. рухавік унутр. згарання і ажыццявілі на ім першыя палёты ў 1903 браты Райт (гісторыю развіцця самалётабудавання гл. ў арт. Авіяцыя). Да канца 20 ст. створаны С. з макс. скорасцю больш за 3000 км/гадз, найб. вышынёй палёту больш за 30 км, далёкасцю палёту больш за 10 тыс. км, грузападымальнасцю да 250 т, пасажыраўмяшчальнасцю да 550 чал.

Літ.:

История техники. М., 1962;

Шульженко М.Н. Конструкция самолетов. 3 изд. М., 1971;

Яковлев А.С. Советские самолеты. 4 изд. М., 1982;

Андреев И. Боевые самолеты. М., 1981;

Пономарев А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;

Житомирский Г.И. Конструкция самолетов. М., 1991.

С.​М.​Кузьменка, У.​М.​Сацута.

Самалёт: а — «Тып XI» Л.​Блерыо, які зрабіў першы пералёт з Барака (Францыя) у англійскі Дуўр (1 — рухавік, 2 — цыліндры паветранага ахаладжэння, 3 — паліўны бак, 4 — бак для павелічэння пад’ёмнай сілы); б — «Боінг-747» (1 — кабіна экіпажа, 2, 4 — перадкрылкі, 3 — турбавентылятарныя рухавікі, 5 — закрылкі, 6 — пасажырскія месцы на 330—490 чал., 7 — стабілізатар са зменным вуглом устаноўкі, 8 — гідраўлічнае шасі, 9 — патрубак для запраўкі палівам).

т. 14, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)