Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КРЭДЭ́НЦА (італьян. credenza літар. давер),

1) савет у сярэдневяковых італьян., пераважна ламбардскіх, гарадах-камунах. Выбіраўся з багатых гараджан у дапамогу кіраўнікам гарадоў (консулам) для вырашэння найб. значных, звычайна сакрэтных, пытанняў паліт. і эканам. жыцця.

2) Саюзы рамеснікаў і дробных гандляроў у канцы 12 — пач. 13 ст. у італьян. гарадах Ламбардыі і Тасканы. Ствараліся з мэтай барацьбы супраць гар. знаці і багатага купецтва. Частка гэтых саюзаў (напр., «К. св. Амвросія» ў Мілане) дамаглася ўдзелу ў кіраванні ў гарадах-камунах.

т. 8, с. 534

КРЭЗ (грэч. Kroisos; 595—546 да н.э.),

апошні цар Лідыі [560—546 да н.э.]. Значна пашырыў тэр. Лідыйскага царства, падпарадкаваў грэч. гарады (Эфес, Мілет і інш.) у М. Азіі, захапіў амаль усю яе зах. частку. Імкнуўся пашырыць у Лідыі грэч. культуру, пасылаў багатыя ахвяраванні грэч. храмам (Дэльфы, Эфес). Стаў першы чаканіць залатую манету. Пра багацці К. складаліся легенды, што зрабіла яго імя назыўным. Разбіты ў вайне з пер. царом Кірам II каля Птэрыі ў Кападокіі, а сталіцу Лідыі Сарды захапілі персы. К. трапіў у палон (546 да н.э.) і паводле адной версіі (Герадот і большасць стараж.-грэч. гісторыкаў) быў прыгавораны да спалення, але памілаваны Кірам, паводле другой (стараж.-ўсх. крыніцы) — пакараны смерцю.

т. 8, с. 534

КРЭЗО́ЛЫ, метылфенолы,

арганічныя злучэнні, CH3C6H4OH.

Існуюць 3 ізамеры: 2-метылфенол (орта-К.; t 30,9 °C, tкіп 191 °C); 3-метылфенол (мета-К.; tпл 11 °C, tкіп 202,8 °C); 4-метылфенол (пара-К.; tпл 31,8 °C, tкіп 201,9 °C). Бясколерныя крышталі або вадкасці. Раствараюцца ў вадзе, растворах асноў, этаноле, эфіры, хлараформе, бензоле, ацэтоне. Сумесь ізамераў вылучаюць з кам.-вуг. ці сланцавай смалы, раздзяляюць дыстыляцыяй. Выкарыстоўваюць у вытв-сці крэзола-альдэгідных смол, дэзінфекцыйных сродкаў; асобныя ізамеры — у вытв-сці азафарбавальнікаў, інсектыцыдаў, гербіцыдаў, антыаксідантаў. К. раздражняюць скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў, выклікаюць кан’юнктывіты. ГДК 0,1—0,5 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 8, с. 535

КРЭ́ЙВАНЦЫ,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км ад горада і 33 км ад чыг. ст. Ашмяны. 245 км ад Гродна. 282 ж., 99 двароў (1998). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 535

КРЭ́ЙДА,

гл. Мел.

т. 8, с. 535

КРЭ́ЙЗЕР (Якаў Рыгоравіч) (4.11.1905, г. Варонеж, Расія —29.11.1969),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1941), ген. арміі (1962). Скончыў паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Сталінградскім, Паўд., 4-м Укр., 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх, Ленінградскім франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага, камандуючы арміямі. У ліп. 1941 у абарончых баях за Барысаў і Оршу 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія на чале з К. затрымала на 2 сутак наступленне праціўніка на р. Бярэзіна, на некалькі сутак — у напрамку р. Дняпро. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі, узначальваў курсы «Выстрап». Дэп. Вярх. Савета СССР у 1962—66.

Я.Р.Крэйзер.

т. 8, с. 535

КРЭЙН ((Crane) Стывен) (1.11.1871, Ньюарк, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 5.6.1900),

амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ва ун-це г. Сіракузы. Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам Л.​Талстога, Э.​Заля, Р.​Кіплінга. Дэбютаваў цыклам замалёвак «Эскізы з жыцця». Супрацьстаяў пашыранаму ў амер. л-ры 19 ст. «ружоваму рэалізму», належаў да т. зв. разграбальнікаў бруду. У творах узнімаў вострыя сац. праблемы: жыццё гар. беднаты, лёс дзіцяці ў жорсткіх жыццёвых абставінах (аповесці «Мэгі, дзіця вуліц», 1893; «Маці Джорджа», 1896, і інш.), грамадз. вайна паміж амер. Поўднем і Поўначчу («Пунсовы знак доблесці», 1895). Майстар псіхал. навелы: «Пачвара», «Смерць і дзіця» і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Трэцяя фіялка» (1897), паэт. кніг «Чорныя вершнікі» (1895) і «Вайна добрая» (1899). Адзін з заснавальнікаў жанру ваен. рэпартажу ў амер. л-ры. Творам К. ўласцівы драматызм калізій, пластычнасць апісанняў, спалучэнне рэаліст. і натуралістычных тэндэнцый з імпрэсіянісцкімі.

Тв.:

Рус. пер. — Алый знак доблести. М., 1989;

Полн. собр. стихотворений. Чебоксары, 1994.

Літ.:

Васильевская О.В. Творчество Стивена Крейна. М., 1967.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 535

КРЭ́ЙСЕР (галанд. kruiser ад kruisen плаваць морам),

баявы карабель для пошуку і знішчэння падводных лодак, надводных караблёў (суднаў), берагавых аб’ектаў праціўніка, вядзення бою ў складзе злучэнняў, забеспячэння высадкі марскіх дэсантаў, устаноўкі мінных загарод і інш. Быстраходны і добра ўзброены, большы за эскадраны мінаносец, але меншы за авіяносец. Водазмяшчэнне сучасных К. да 28 тыс. т.

Развіўся з ветразевых фрэгатаў і карветаў. Як клас караблёў ваенных упершыню з’явіўся ў 1860-я г. ў Вялікабрытаніі (з 1870-х г. у Расіі і інш. марскіх дзяржавах). У канцы 19 — пач. 20 ст. быў падобны на браняносец. У 2-ю сусв. вайну падзяляліся на лёгкія (водазмяшчэнне да 10—12 тыс. т, калібр гармат да 180 мм) і цяжкія (10—28 тыс. т, да 203 мм). У ВМФ Вялікабрытаніі і ЗША існавалі і лінейныя К., падобныя на лінкоры. Цяпер існуюць К. процілодачныя, авіянясучыя, ракетныя (з 1960-х г., у т. л. ўведзены ў строй у 1998 на рас. Паўночным флоце цяжкі атамны ракетны К. «Пётр Вялікі» з экіпажам 600 чал.) з атамнымі, газатурбіннымі і інш. энергет. ўстаноўкамі. Некат. К. могуць несці карабельныя верталёты і самалёты. Сярод найб. вядомых К. — «Алабама», «Аўрора», «Ачакаў», «Вараг».

Літ.:

Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994;

Энциклопедия кораблей. СПб., М., 1997.

У.​Я.​Калаткоў.

Авіянясучы процілодачны крэйсер «Мінск» (у складзе Ціхаакіянскага флоту ВМФ СССР у 2-й пал. 1970 — пач. 1990-х г.).

т. 8, с. 535

КРЭ́ЙСЛЕР, Крайслер (Kreisler) Фрыц (2.2.1875, Вена — 29.1.1962), аўстрыйскі скрыпач-віртуоз, кампазітар. Скончыў Венскую (1885) і Парыжскую (1887) кансерваторыі, вучыўся ў Л.Дэліба (кампазіцыя). Жыў пераважна ў ЗША (1914—24 і з 1939), Берліне (1924—34), Парыжы (1933—39). Выступаў да 1948. Садзейнічаў фарміраванню сучаснага выканальніцкага стылю, увёў новыя выразныя і тэхн. прыёмы выканання. Майстар скрыпічнай мініяцюры («Венскі капрыс»). Аўтар транскрыпцый, у т. л. твораў В.​А.​Моцарта, Ф.​Шуберта, Р.​Шумана, канцэртных кадэнцый, апрацовак, стылізацый («Класічныя манускрыпты», 1905), аперэт («Кветкі яблыні», 1920), вальсаў («Радасць кахання», «Пакуты кахання») і інш.

Літ.:

Ямпольский И. Ф.​Крейслер: Жизнь и творчество. М., 1975.

т. 8, с. 535

КРЭ́ЙЦАР (ням. Kreuzer),

дробная нямецкая манета ў 15—19 ст. Выраб яе з серабра пачаўся ў Аўстрыі ў 1458—60. З 16 ст. К. — білонная манета, з 18 ст. — медная. На працягу 16 ст. чаканка К. пашырылася на Пд і часткова на Пн Германіі. У абарачэнні да канца 19 ст. У Рэчы Паспалітай ў 1615—18 для гандлю з Сілезіяй выпускалі трайны К., т. зв. «бём» (ад ням. Böhm грош).

т. 8, с. 535