КРЭ́ЙСЛЕР, Крайслер (Kreisler) Фрыц (2.2.1875, Вена — 29.1.1962), аўстрыйскі скрыпач-віртуоз, кампазітар. Скончыў Венскую (1885) і Парыжскую (1887) кансерваторыі, вучыўся ў Л.Дэліба (кампазіцыя). Жыў пераважна ў ЗША (1914—24 і з 1939), Берліне (1924—34), Парыжы (1933—39). Выступаў да 1948. Садзейнічаў фарміраванню сучаснага выканальніцкага стылю, увёў новыя выразныя і тэхн. прыёмы выканання. Майстар скрыпічнай мініяцюры («Венскі капрыс»). Аўтар транскрыпцый, у т. л. твораў В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, Р.Шумана, канцэртных кадэнцый, апрацовак, стылізацый («Класічныя манускрыпты», 1905), аперэт («Кветкі яблыні», 1920), вальсаў («Радасць кахання», «Пакуты кахання») і інш.
Літ.:
Ямпольский И. Ф.Крейслер: Жизнь и творчество. М., 1975.
т. 8, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)