ДАРО́НІНА Таццяна Васілеўна
(н. 12.9.1933, С.-Пецярбург),
руская актрыса, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1981). Скончыла Школу-студыю МХАТ (1956). З 1959 у Ленінградскім Вял. драм. т-ры, у 1972—83 у Маск. драм. т-ры імя У.Маякоўскага, у 1966—72 і з 1983 у МХАТ імя М.Горкага. З 1987 маст. кіраўнік сцэны на Цвярскім бульвары (з 1989 самаст. т-р, які захаваў назву МХАТ імя М.Горкага) — дырэктар, гал. рэжысёр, маст. кіраўнік. Актрыса моцнага, глыбокага тэмпераменту. Сярод роляў: Надзея («Мая старэйшая сястра» А.Валодзіна; і ў кіно), Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава), лэдзі Макбет («Макбет» У.Шэкспіра; і рэжысёр). З 1956 здымаецца ў кіно: «Тры таполі на Плюшчысе», «Яшчэ раз пра каханне», «Мачаха» і інш.
т. 6, с. 57
ДАРО́ХІН Уладзімір Васілевіч
(н. 1.1.1948, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1973). З 1978 адказны сакратар, з 1986 нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі.
З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1991 дацэнт). Найб. значныя дасягненні Д. ў галіне сімф. музыкі. З пач. 1980-х г. творчасць набыла неарамант. кірунак. Сярод твораў: араторыя «Зямля Беларусі» на вершы П.Броўкі (1981), кантата «Арабскія прытчы» на вершы Абу Нуваса (1996); сімфоніі (1976, 1979; «Францыск Скарына: жыццё і бессмяротнасць», 1990), канцэрт для фп. з аркестрам (1983), сюіта «Мемарыял» для камернага арк. (1984), сімф. паэмы, у т.л. «Уяўленне і плач аб пакінутай вёсцы» (1992), «Пастараль» для габоя і камернага арк. (1988), «Музыка» для флейты і камернага ансамбля (1994); камерна-інстр. творы, вак. цыклы на вершы А.Блока і І.Буніна; музыка да драм. спектакляў.
Р.М.Аладава.
т. 6, с. 57
ДАРО́ШКА Пятро Ануфрыевіч
(24.12.1910, с. Тупічаў Чарнігаўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1933). Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Перад навальніцай» (1935), «Жывыя крыніцы» (1960), «След» (1971) і інш. арганічна спалучаны публіцыстычны пафас і мяккі лірызм, паэтызуюцца краса роднай зямлі і чысціня пачуццяў. У аповесці «Лясная Гута» (1964), рамане «Не паўтары маю долю» (1968) вострыя маральна-этычныя праблемы. Аўтар паэм-прысвячэнняў М.Чарнышэўскаму «Вілюйскі вязень» (1955) і Т.Шаўчэнку «Спалох уначы» (1965), кніг твораў для дзяцей, зб. апавяданняў і ўспамінаў «Ад зары да зары» (1987). Пераклаў на ўкр. мову творы П.Броўкі, Я.Коласа, Я.Купалы, П.Панчанкі. На бел. мову яго творы пераклалі М.Аўрамчык, М.Гамолка, К.Кірэенка.
Тв.:
Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1980;
Бел. пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія. Мн., 1975. Т. 1.
В.А.Чабаненка.
т. 6, с. 58
ДАРСАНВАЛІЗА́ЦЫЯ,
метад лек. выкарыстання пераменнага імпульснага току высокай частаты (110—140 кГц), напружання (дзесяткі тысяч вольт) і малой сілы (100—200 мА); адзін з метадаў электралячэння. Прапанаваны франц. вучоным Ж.А.Д’Арсанвалем у 1891.
Адрозніваюць Д. мясцовую і агульную. Пры мясц. Д. ўздзейнічаюць на асобныя ўчасткі цела хворага пры неўралгіі, галаўных болях, вагінізме, гемароі, варыкозным расшырэнні вен галёнкі, незагойванні ран і язваў, абмаражэнні, скурным свербе, пачатку аблітэруючых захворванняў сасудаў і ў касметычных мэтах. Агульная Д. — уздзеянне на ўвесь арганізм хворага пры гіпертанічнай хваробе, неўрастэніі, парушэннях сну, некат. хваробах абмену рэчываў. Д. мае заспакаяльнае дзеянне, стымулюе абмен рэчываў, паніжае высокі артэрыяльны крывяны ціск.
т. 6, с. 58
ДАРУЧЭ́ННЕ,
цывільна-прававое пагадненне, паводле якога адзін бок (давераны) абавязваецца здзейсніць ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўныя юрыд. дзеянні (набыццё або адчужэнне маёмасці, правядзенне плацяжоў і да т.п.). Давераны абавязаны выканаць Д. асабіста. Ён можа перадаць выкананне Д. інш. асобе толькі ў тым выпадку, калі гэта абумоўлена пагадненнем або калі да гэтага вымушаюць абставіны абароны інтарэсаў даверніка. Давернік абавязаны аплаціць даверанаму ўзнагароджанне, калі гэта прадугледжана законам або дагаворам. Парадак выканання Д., правы і абавязкі яго ўдзельнікаў рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 6, с. 58
ДАРФУ́Р,
плато ў зах. ч. Судана, водападзел паміж бас. воз. Чад і р. Белы Ніл. Пераважаюць цокальныя раўніны выш. 1000—1500 м, над якімі ўзвышаюцца астраўныя горы выш. да 3088 м (патухлы вулкан Мара). Клімат экватарыяльна-мусонны. Ландшафты тыповых і апустыненых саваннаў.
т. 6, с. 58
ДАРЫГА́НГА,
вулканічная вобласць на У Манголіі. Патухлыя вулканы (выш. да 1778 м), палі базальтавых лаў, буйныя масівы пяскоў. Расліннасць паўпустынная і стэпавая.
т. 6, с. 58
ДАРЫЕ́НКА Дамнікія Цімафееўна
(н. 15.1.1919, с. Далінскае Адэскай вобл., Украіна),
малдаўская актрыса. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Адэскае тэатр. вучылішча (1937). Працавала ў Малд. т-ры ў Тыраспалі (цяпер Муз.-драм. т-р імя Пушкіна ў Кішынёве). Сярод лепшых роляў: Васілуца («Каса маре» І.Друцэ), Стэха («Назар Стадоля» Т.Шаўчэнкі), Хрысціна («Патомкі» Ю.Яноўскага), Маўра («Дзяўчына шчасце шукала» паводле В.Кабылянскай), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Таццяна («Ворагі» М.Горкага), Эльміра («Тарцюф» Мальера).
т. 6, с. 58
ДАРЫЕ́НКА Пётр Сцяпанавіч
(16.4.1923, с. Далінскае Адэскай вобл., Украіна — 9.7.1976),
малдаўскі паэт. У 1963—67 міністр культуры Малдавіі. У лірычных зб-ках «Светлыя дарогі» (1951), «Раскажы мне, Днестр!» (1955), «Сляды чалавека» (1964), «Лёс кахання» (1977), «Станцыя адпраўлення» (1977, на рус. мове) і інш. апаэтызаваў гераізм сав. людзей у Вял. Айч. вайну, іх працу ў гады мірнага буд-ва. Аўтар драм. твораў «Калі спее вінаград» (1961), «Перад адпачынкам» (1973), кніг нарысаў, эсэ «Новыя знаёмствы: Пуцявыя нататкі» (1973), «Людзі маёй біяграфіі» (1979) і інш.
т. 6, с. 58