ВА́ЛЬНЫ СЕЙМ,
агульны сейм ВКЛ, на якім выбіраўся вял. князь і вырашаліся інш. важныя дзярж. справы. Гл. ў арт. Сейм.
т. 3, с. 493
ВАЛЬПАРАІ́СА
(Valparaíso),
горад у цэнтр. ч. Чылі. Адм. ц. вобл. Аканкагуа. Засн. ў 1536. 301,7 тыс. ж. (1993). Гал. порт краіны на Ціхім ак. Пачатковая станцыя Трансандыйскай чыг. (Вальпараіса — Буэнас-Айрэс), вузел шашэйных дарог. Машынабудаванне, металаапр., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, хім., лёгкая, харчасмакавая (у т. л. рыбаперапрацоўчая, малочная, маслаапрацоўчая, тытунёвая) прам-сць. 2 ун-ты. Музей натуральнай гісторыі. Часта цярпеў ад землетрасенняў (1730, 1817, 1906, 1928, 1960). Гал. ваен.-марская база Чылі.
т. 3, с. 493
ВАЛЬПУ́РГІЕВА НОЧ,
у сярэдневяковай германскай міфалогіі свята пачатку вясны ў ноч на 1 мая (дзень св. Вальпургіі, адсюль назва); паводле ням. нар. павер’я з 8 ст. свята ведзьмаў («вялікі шабаш») на гары Брокен у Германіі. Напярэдадні вальпургіевай ночы праводзілі магічныя цырымоніі выгнання ведзьмаў. Лічылі, што травы ў гэтую ноч набываюць цудадзейную сілу.
т. 3, с. 493
ВАЛЬРА́С, Вальра (Walras) Мары Эспры Леон (16.12.1834, г. Эўрэ, Францыя — 5.1.1910), швейцарскі эканаміст, заснавальнік і буйнейшы прадстаўнік матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Праф. Лазанскага ун-та (1870—92). Родапачынальнік (з К.Менгерам і У.Джэвансам) гранічнай карыснасці тэорыі. Асн. твор — «Элементы чыстай палітычнай эканоміі» (ч. 1—2, 1883). Вальрас — стваральнік агульнай стат. мадэлі нар. гаспадаркі, вядомай пад назвай «сістэма агульнай эканамічнай раўнавагі», якая ахоплівала сферу вытв-сці, абмену, капіталу і грошай. У рэгуляванні працэсаў вытв-сці і спажывання адводзіў вял. ролю дзяржаве. У 1950—60-я г. мадэль Вальраса была пераўтворана сродкамі лінейнага праграмавання. Рацыянальны элемент яго мадэлі — пастаноўка экстрэмальнай задачы для нар. гаспадаркі (дасягненне макс. эфекту пры найменшых выдатках) і падыход да цэн як да састаўнога элемента пры адшуканні агульнага оптымуму. Ён лічыў, што «рэдкасць» таксама з’яўляецца элементам вартасці. Паслядоўнікі Вальраса — Г.Касель, А.Афтальён, І.Шумпетэр, В.Парэта.
Тв.:
Théorie mathématique de la richesse sociale. Lausanne, 1883;
Théorie de la monnaie. Paris, 1886;
Etude d’economie sociale, ou Théorie de la réparation de la richesse sociale. Lausanne;
Paris, 1896;
Etudes d’économie politique appliquée. Lausanne, 1896.
т. 3, с. 493
ВА́ЛЬРАФ (Wallraff) Гюнтэр
(н. 1.10.1942, г. Буршайд, Германія),
нямецкі пісьменнік, публіцыст. Стаў шырока вядомы дзякуючы сваім палітычна завостраным рэпартажам, у аснове якіх — уласныя назіранні за жыццём рабочых (у т. л. замежных у ФРГ, а таксама за метадамі работы «бульварнай» прэсы («Ты нам патрэбны», 1966; «Трынаццаць непажаданых рэпартажаў», 1969; «Новыя рэпартажы», 1972; «Вы там, уверсе, мы тут, унізе», 1973, сумесна з Б.Энгельманам; «Нараджэнне сенсацыі. Чалавек, які ў Більдзе быў Гансам Эсэрам», 1977; «На самым дне», 1985; «Позірк у паперы», 1987, і інш.). Аўтар шэрагу тэле- і радыёп’ес.
Тв.:
Ganz unten. 3. Aufl. Berlin;
Weimar, 1987;
Рус. пер. — Нежелательные репортажи. М., 1982;
Репортер обвиняет: Худож. публицистика. М., 1988.
Літ.:
История немецкой литературы: Пер. с нем. М., 1983. Т. 3. С. 247, 149—250, 271.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 3, с. 493
ВАЛЬС
(франц. valse, ням. Walzer ад walzen кружыцца),
парны танец, засн. на плаўным кружэнні ў спалучэнні з паступальным рухам. Муз. памер , радзей 3/8, 6/8. Тэмп вар’іруецца ад павольнага да ўмерана хуткага. Паходзіць ад ням., аўстр., чэшскіх нар. танцаў тыпу лендлера. Узнік у 2-й пал. 18 ст., на пач. 19 ст. пашырыўся па ўсёй Еўропе, стаў адным з самых папулярных танцаў. Найб. вядомы т.зв. венскі вальс (І.Ланер, І.Штраус-бацька, І.Штраус-сын). Разнавіднасць вальса — павольны вальс-бастон. Як сцэн. форма выкарыстоўваецца ў оперы, балеце, аперэце, музыцы да драм. спектакляў, стаў самаст. формай арк., фп. музыкі, асновай песень, рамансаў, цыклічных твораў (сюіты, сімфоніі). На Беларусі вядомы з 2-й пал. 19 ст. ў гарадскім і сял. побыце. У наш час — неад’емная частка нар. танц. і муз.-інстр. рэпертуару. У жанр вальса значны ўклад зрабілі бел. кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, Я.Глебаў, В.Залатароў, І.Лучанок,С.Картэс, Р.Пукст, Дз.Смольскі, Э.Ханок і інш.
І.Дз.Назіна.
т. 3, с. 493
ВА́ЛЬТАР Віктар Бенядзіктавіч
(28.7.1902, г. Даўгаўпілс, Латвія — 14.4.1931),
бел. пісьменнік. У 1922—26 студэнт каморніцкага ф-та Чэшскага вышэйшага тэхнікума (Прага). Захварэўшы на туберкулёз, перапыніў вучобу, вярнуўся ў Латвію. Настаўнічаў у бел. школах. Друкаваўся з 1923. Пісаў вершы, апавяданні, нарысы (псеўданім Янка Палын). Раман «Роджаныя пад Сатурнам» (апубл. 1991, газ. «Голас Радзімы») грунтуецца на ўспамінах аб студэнцкім жыцці.
Тв.:
Леснікова сена: Апавяданне. Рыга, 1932.
Літ.:
Езавітаў К. В.Б.Вальтар // Бел. школа ў Латвіі. 1932. № 7.
т. 3, с. 493
ВАЛЬТМЕ́ТР,
прылада для вымярэння электрычнага напружання ў ланцугах пастаяннага і пераменнага току. Уключаецца паралельна да той часткі ланцуга, дзе вымяраюць напружанне. Бываюць аналагавыя (са стрэлачным або светлавым паказальнікам) і лічбавыя, паводле сістэм вымярэння — эл.-статычныя, эл.-магн., магнітаэл. і электронныя. Пашырэнне межаў вымярэння дасягаецца з дапамогай дадатковых рэзістараў, дзялільнікаў і трансфарматараў напружання. Можа спалучацца ў больш складаных прыборах з інш. электрычнымі вымяральнымі прыладамі (напр., ампервальтомметр).
т. 3, с. 493
ВАЛЬТЫЖЫРО́ЎКА
(ад франц. voltiger пырхаць, лётаць),
1) від коннага спорту і коннага цырка. Складаецца з практыкаванняў на кані, які асядланы спец. вальтыжыровачным сядлом і бяжыць па крузе на кордзе (доўгай вяроўцы) рыссю ці галопам.
2) Від дынамічнай акрабатыкі (з перакідваннем партнёра) і гімнастыкі (пералёты з трапецыі на трапецыю). У цырку вальтыжыроўка на кані, акрабатычная і гімнастычная — самастойныя нумары.
т. 3, с. 493