Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́ЛЬНІКАЎ (Уладзімір Валяр’янавіч) (н. 21.5.1960, С.-Пецярбург),

расійскі спартсмен (плаванне). Засл. майстар спорту СССР (1978). Чэмпіён Алімп. гульняў у Маскве (1980) у плаванні вольным стылем на дыстанцыі 400 м, 1500 м і ў эстафеце 4 × 200 м, свету (1978, 1982), Еўропы (1977, 1981, 1983) і СССР (1978—87) на розных дыстанцыях.

т. 14, с. 119

САЛЬПУ́ГІ, біхоркі,

фалангі (Solifugae),

атрад членістаногіх кл. павукападобных. Каля 10 сям., да 30 родаў, каля 800 відаў. Найб. пашыраны ў тропіках і субтропіках (акрамя Аўстраліі і астравоў Ціхага ак.). Жывуць у норах, пад камянямі. Большасць відаў актыўныя ўначы; вельмі рухавыя.

Даўж. да 7 см Афарбоўка бура-жоўтая, радзей стракатая або цёмная. На галавагрудзях 2 пары вачэй (бакавыя недаразвітыя). Галавагрудзі расчлянёны на пярэдні аддзел і сегменты 3 задніх пар канечнасцей. Канечнасцей 6 пар, у т. л. буйныя клюшнепадобныя хеліцэры. Масіўнае брушка мае 10 сегментаў. Цела і канечнасці густа ўкрыты валаскамі і шчацінкамі. Дыхаюць трахеямі. Драпежнікі. Раздзельнаполыя, адкладваюць яйцы; развіццё без метамарфозу.

Сальпугі: 1 — звычайная; 2 — рыючая.

т. 14, с. 119

СА́ЛЬПЫ (Salpae),

клас хордавых жывёл падтыпу абалоннікаў (паводле інш. класіфікацыі — атрад кл. пелагічных абалоннікаў Thaliacea). 2 атр. (падкл.): бачоначнікі (Cyclomyaria) і ўласна С. (Desmomyaria), 25 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, акрамя Паўн. Ледавітага. Свабоднаплаваючыя адзіночныя і каланіяльныя жывёлы. Трымаюцца пераважна паблізу паверхні вады. Здольныя да свячэння (за кошт сімбіятычных бактэрый).

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 33 см. Цела бочачкападобнае, укрыта празрыстай абалонкай (тунікай). Сэрца на брушным баку, крывяносная сістэма незамкнёная. Нерв. сістэма прадстаўлена надглотачным нерв. вузлом, над якім размешчана святлоадчувальнае вочка. Дыхаюць жабрамі. Кормяцца фітапланктонам. Гермафрадыты. Жыццёвы цыкл адбываецца з чаргаваннем палавога і бясполага пакаленняў. Бясполыя асобіны (аазоіды) размнажаюцца пачкаваннем. Развіццё без стадыі лічынкі. У дарослых знікае хорда і хвост. Корм для некат. рыб, марскіх чарапах.

А.​М.​Петрыкаў.

Сальпы: 1 — талія (калонія); 2 — вялікая; 3 — даліёлум; 4 — цыкласальпа (калонія).

т. 14, с. 120

СА́ЛЬТА (ад італьян. salto скачок),

у акрабатыцы, гімнастыцы, фігурным катанні на лёдзе — поўны паварот у паветры цераз галаву (уперад ці назад) пры скачку. Напр., двайное С., трайное С. Асобна вылучаецца С.-мартале — смяротны скачок, які выкарыстоўваецца цыркавымі артыстамі-акрабатамі.

т. 14, с. 120

СА́ЛЬТА (Salta),

горад на Пн Аргенціны. Адм. ц. прав. Сальта. Засн. ў 1582 іспанцамі. Каля 400 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цукр. трыснёг, тытунь, рыс). Прам-сць: харчасмакавая, гал. чынам цукровая і тытунёвая; лёгкая, нафтаперапрацоўчая. 2 ун-ты. Арх. помнікі 17—18 ст. Паблізу здабыча баратаў.

т. 14, с. 120

САЛЬТАНАБА́Д,

другая назва Эрак у зах. ч. Ірана.

т. 14, с. 120

САЛЬТЫ́ЛЬЁ (Saltillo),

горад на ПнУ Мексікі. Адм. ц. штата Кааўіла. Засн. ў 1575 іспанцамі. Каля 500 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Цэнтр раёна здабычы волава і серабра. Прам-сць: каляровая металургія, цяжкое і с.-г. машынабудаванне, хім., тэкст., шарсцяная (выраб пледаў-сарапе), харчовая. Злучаны трубаправодамі з раёнамі нафтагазавай прам-сці на ўзбярэжжы Мексіканскага зал. 2 ун-ты, у т. л. Міжамерыканскі. Арх. помнікі 18 ст.

т. 14, с. 120

САЛЬФАТА́РЫ (ад італьян. solfatara ад solfo сера),

струмені сярністага і серавадароднага газаў (т-ра 100—300 °C) з прымесямі пары вады, вуглякіслага і інш. газаў, якія выдзяляюцца з трэшчын сценак і дна кратэра, на схілах вулканаў. С. называюць таксама вулканы, якія спакойна і другі час выдзяляюць такія газы (напр., вулкан Сальфатара каля г. Неапаль). Гл. таксама Фумаролы.

т. 14, с. 120

САЛЬФЕ́ДЖЫО, сальфеджа (італьян. solfeggio ад назвы муз. гукаў соль і фа),

1) тое, што сальмізацыя.

2) Вучэбная дысцыпліна, прызначаная для развіцця муз. слыху і памяці. Уключае сальфеджыраванне (адна- ці шматгалосыя спевы з вымаўленнем назваў гукаў), муз. дыктант, аналіз на слых; існуюць абсалютная (фіксаваная до), рэлятыўная і лічбавая сістэмы С.

3) Зборнікі практыкаванняў для адна- ці шматгалосага сальфеджыравання ці аналізу на слых.

4) Спец. вак. практыкаванні для развіцця голасу (гл. Вакаліз).

Н.​Г.​Мазурына.

т. 14, с. 120

САЛЬЦІСО́Н,

у беларусаў традыц. мясны выраб. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць ці падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сут прыціскаюць гнётам. Ядуць халодным.

т. 14, с. 120