САЛЬПУ́ГІ, біхоркі,

фалангі (Solifugae),

атрад членістаногіх кл. павукападобных. Каля 10 сям., да 30 родаў, каля 800 відаў. Найб. пашыраны ў тропіках і субтропіках (акрамя Аўстраліі і астравоў Ціхага ак.). Жывуць у норах, пад камянямі. Большасць відаў актыўныя ўначы; вельмі рухавыя.

Даўж. да 7 см Афарбоўка бура-жоўтая, радзей стракатая або цёмная. На галавагрудзях 2 пары вачэй (бакавыя недаразвітыя). Галавагрудзі расчлянёны на пярэдні аддзел і сегменты 3 задніх пар канечнасцей. Канечнасцей 6 пар, у т. л. буйныя клюшнепадобныя хеліцэры. Масіўнае брушка мае 10 сегментаў. Цела і канечнасці густа ўкрыты валаскамі і шчацінкамі. Дыхаюць трахеямі. Драпежнікі. Раздзельнаполыя, адкладваюць яйцы; развіццё без метамарфозу.

Сальпугі: 1 — звычайная; 2 — рыючая.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)