Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КРАСВО́РД (англ. cross-word ад cross крыж + word слова),

крыжаванка, гульня-задача, у якой фігуру з перакрыжаванымі радамі клетак патрэбна запоўніць літарамі так, каб па вертыкалях і гарызанталях атрымаліся словы зададзенага значэння.

т. 8, с. 455

КРА́СЕЎ (Міхаіл Іванавіч) (16.3.1897, Масква — 24.1.1954),

расійскі кампазітар. Вучыўся ў А.Грачанінава і інш. Адыграў прыкметную ролю ў развіцці бел. муз. культуры 1930—40-х г.; падтрымліваў творчы кантакт з БДТ-2 (т-р імя Я.​Коласа), пісаў музыку да яго першых спектакляў, у якой выкарыстаў бел. нар. песні і танцы, у т. л. «Вечар беларускіх вадэвіляў» («Паўлінка» і «Прымакі» Я.​Купалы, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, 1936), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.​Коласа (1937). Аўтар оперы «Дума пра Апанаса» (паводле Э.​Багрыцкага, 1937), 10 опер для дзяцей, у т. л. «Казка аб мёртвай царэўне і сямі асілках» (паводле А.​Пушкіна, 1924), «Церамок» (1942), «Марозка» (паст. 1950, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1951), аперэт, кантат, фп. п’ес, вак. і хар. твораў, песень для дзяцей, апрацовак нар. песень, у т. л. бел., для розных складаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Н.​А.​Юўчанка.

т. 8, с. 455

КРАСІ́ЛЬНІКАЎ (Аляксей Пятровіч) (19.2.1918, в. Макачава, Карэлія — 21.7.1998),

бел. вучоны-мікрабіёлаг. Д-р мед. н., праф. (1967). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953), дзе і працаваў (у 1962—89 заг. кафедры). Навук. працы па мікрабіялогіі, імуналогіі, эпідэміялогіі і прафілактыцы лептаспірозаў, склеромы і сіб. язвы. Распрацаваў антрапозную тэорыю эпідэміялогіі склеромы, удасканаліў метады бактэрыял. і сералагічнай дыягностыкі клебсіялёзаў, вывучаў крыніцы лептаспірозаў на Беларусі.

Тв.:

Склерома. Мн., 1971 (разам з Н.​А.​Ізраіцель);

Озена: Этиология, иммунология, патогенез. Мн., 1974 (разам з М.​В.​Мякіннікавай, І.​А.​Крыловым).

т. 8, с. 455

КРАСІ́ЛЬНІКАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (18.12.1896, в. Падваскі Калужскай вобл., Расія — 11.7.1973),

расійскі мікрабіёлаг. Чл.-кар. АН СССР (1946). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1926). З 1929 у Ін-це мікрабіялогіі АН СССР, з 1953 адначасова ў Маскоўскім ун-це. Навук. працы па антаганізме мікраарганізмаў, узаемаадносінах мікраарганізмаў і раслін, сістэматыцы і класіфікацыі актынаміцэтаў і бактэрый. Стварыў антыбіётык міцэцін. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1972.

Тв.:

Антагонизм микробов и антибиотические вещества. М., 1958;

Микроорганизмы почвы и высшие растения. М., 1958.

т. 8, с. 455

КРА́СІН (Андрэй Капітонавіч) (21.5.1911, г. Томск, Расія — 28.3.1981),

бел. вучоны ў галіне атамнай энергетыкі. Акад. АН Беларусі (1960), д-р фіз.-матэм. н. (1955), праф. (1957). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1968). Скончыў Томскі ун-т (1934). У 1945 працаваў у лабараторыі І.В.Курчатава, з 1946 у Обнінскім фіз.-энергет. ін-це. З 1961 у Ін-це энергетыкі, у 1965—77 дырэктар Ін-та ядз. энергетыкі, адначасова ў 1962—69 акад. сакратар Аддз. фіз.-тэхн. навук, з 1977 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі. Навук. даследаванні па распрацоўцы і буд-ве атамных электрастанцый, вадароднай энергетыцы. Удзельнічаў у стварэнні першай у свеце Обнінскай, Белаярскай і рухомай атамных электрастанцый. Ленінская прэмія 1957.

Тв.:

Атомные электростанции. М., 1959;

Реакторы атомных электростанций. Мн., 1971;

Мирное использование ядерной энергии. Мн., 1982 (разам з Р.​Ф.​Красінай).

т. 8, с. 455

КРА́СІН (Леанід Барысавіч) (15.7.1870, г. Курган, Расія — 24.11.1926),

савецкі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т (1900). У 1903—07 чл. ЦК РСДРП. З 1908 у эміграцыі. У 1918 чл. прэзідыума ВСНГ, нарком гандлю і прам-сці, у 1919 нарком шляхоў зносін. З 1918 на дыпламат. рабоце, удзельнічаў у перагаворах з Германіяй у Брэст-Літоўску і Берліне. У 1921—23 гандл. прадстаўнік у Вялікабрытаніі, адначасова нарком знешняга гандлю (1921—24), з 1924 паўпрэд у Францыі, з 1925 у Вялікабрытаніі.

А.К.Красін.

т. 8, с. 455

КРАСІ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га агульнадзяржаўнага бел.-літ. летапіснага зводу 1-й, кароткай рэдакцыі. Дайшоў у рукапісе 2-й пал. 16 ст. бел. паходжання, які зберагаўся ў б-цы графаў Красінскіх у Варшаве і загінуў у час 2-й сусв. вайны. Рукапіс без пачатку і канца. Апрача бел.-літ. хронікі ў ім змешчаны «Александрыя», «Хаджэнне ігумена Данііла», бел. пераклады біблейскай кнігі Товіт, «Аповесць пра Таўдала», «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і інш. свецкія і рэліг. творы. К.л. складаецца з 2 частак: легендарнай гісторыі Літвы — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая названа «Летапісцам», і «Кройники о великих князех литовских». У 1-й частцы выкладзена легенда пра паходжанне літ. князёў і шляхты ад рымскіх арыстакратаў (абрываецца на княжанні Трайдзена). 2-я частка складам блізкая да арыгінальнай часткі Слуцкага спіса 1-га агульнадзярж. бел.-літ. зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Яна ўключае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвалу Вітаўту» і шэраг апавяданняў па гісторыі ВКЛ канца 14—1-й пал. 15 ст. К.л. апісаны Я.​Карскім у працы «Пра мову так званых літоўскіх летапісаў» (Варшава, 1894). Упершыню апубл. А.​Бычковым у 1893.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 8, с. 455

КРАСІ́НСКІ (Анатоль Віктаравіч) (н. 25.11.1930, в. Круглае Круглянскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. кіназнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1985). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1955). У 1955—57 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1960 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі (з 1970 заг. сектара). У 1994—97 старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Даследуе праблемы сучаснага кінапрацэсу, гісторыю бел. кіно. Аўтар раздзелаў у кн. «Беларускае кіно» (1962), «Гісторыя беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70), «Гісторыя савецкага кіно» (т. 2, 1973), «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Экран і культура» (1988).

Тв.:

Юрий Тарич. Мн., 1971;

Беларускія акцёры ў кіно. Мн., 1973;

Экран земли белорусской. М., 1973;

Фильмы. Герои. Время. Мн., 1975;

Кино: Игровое плюс документальное. Мн., 1987.

А.В.Красінскі.

т. 8, с. 455

КРАСІ́НСКІ ((Krasiński) Зыгмунт) (19.2. 1812, Парыж — 23.2.1859),

польскі пісьменнік, драматург; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1827—29). Дэбютаваў гіст. аповесцямі. Найб. значны твор — драма «Нябоская камедыя» (1835), у якой адлюстраваны канфлікт паміж паэт. асобай і будзённасцю прыватнага жыцця, асуджанасць старога свету і гіст. бесперспектыўнасць рэвалюцыі як разбуральнай сілы. Месіянізм, вера ў прагрэс чалавецтва праз пакуты, ахвяры, маральнае ўдасканаленне ў драме «Ірыдыён» (1836), паэмах «Тры думкі Генрыка Лігэнзы» (1840), «Напярэдадні» (1843), цыкле «Псалмы будучыні» (1845—48). У лістах К. каштоўная інфармацыя пра л-ру, мастацтва. філасофію эпохі.

Тв.:

Dzieła literackie. T. 1—3. Warszawa, 1973;

Listy do Delfiny Potockiei. Warszawa 1975.

Літ.:

Janion M. Zygmunt Krasiński: Debiut i dojrzalość. Warszawa, 1962;

Sudolski Z. Korespondencja Zygmunta Krasińskiego. Warszawa, 1968;

Śliwiński M. Ańtyk i chrześcijaństwo w twórczości Zygmunta Krasińskiego. Słupsk, 1986.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 8, с. 455

КРАСІ́НСКІ (Мікалай Фаміч) (1891, г. Вілейка Мінскай вобл. — 23.11.1938),

бел. тэатр. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. У 1922—24 настаўнік Бел. гімназіі ў Вільні. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай драматычнай майстроўні, дзе ў 1922 паставіў спектаклі «У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі і «Лес шуміць» паводле У.​Караленкі.

Працаваў у Наркамасветы БССР. З 1925 нам. старшыні секцыі мастацтва і старшыня тэатр. падсекцыі Інбелкульта. У 1926—28 дырэктар БДТ-2, з 1928 — Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ. Для зб. «Беларускае мастацтва» падрыхтаваў артыкул па праблемах мастацтва Зах. Беларусі. У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў г. Шадрынск (Расія). У 1938 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1960.

Літ.:

Лабовіч А. Тэатр змагання. Мн., 1969.

У.​В.​Мальцаў.

т. 8, с. 455