Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВЕТЛАВЫ́ ЦІСК,

ціск, якім святло дзейнічае на адбівальныя і паглынальныя целы, часціцы, а таксама на асобныя малекулы і атамы; асобны выпадак пандэраматорнага дзеяння святла. Гл. Ціск святла.

т. 14, с. 252

СВЕТЛАГО́РСК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на р. Бярэзіна, чыг. ст. на лініі Жлобін—Калінкавічы, вузел аўтадарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Калінкавічы 73,4 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 16 ст. як в. Шацілкавічы (пазней Шацілкі) у Рэчыцкім пав. ВКЛ У 1639 было 19 двароў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, у Парыцкай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ. З 20.8.1924 мяст. Шацілкі — цэнтр сельсавета ў Парыцкім р-не Бабруйскай акр. (1924—30), з 1938 у Палескай вобл. У жн. 1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 353 чал. Вызвалены 26.11.1943 войскамі 1-га Бел. фронту ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. З вер. 1944 у Бабруйскай, з 1954 у Гомельскай абл. З 30.12.1956 гар. пасёлак, з чэрв. 1960 — цэнтр Парыцкага раёна. З 1961 горад раённага падпарадкавання, 29.7.1961 перайменаваны ў С., а Парыцкі р-н у Светлагорскі. З 1963 — горад абл. падпарадкавання. У 1970—40,3 тыс. ж., у 1973—48,7 тыс. жыхароў.

Працуюць: Светлагорскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, з-д жалезабетонных вырабаў і канструкцый, філіял з-да «Гомсельмаш», домабудаўнічы камбінат, масласырзавод, хлебазавод, раённае аб’яднанне сельгастэхнікі, Светлагорская ЦЭЦ. У горадзе Светлагорскі індустрыяльны тэхнікум, ПТУ хімікаў, Дом культуры, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Музей гісторыі горада Светлагорска. Брацкія магілы сав. воінаў, брацкая магіла сав. маракоў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Горад Светлагорск. Забудова мікрараёна Паўднёвы.

т. 14, с. 253

СВЕТЛАГО́РСК,

кліматычны і бальнеагразевы курорт у Расіі (Калінінградская вобл.) на беразе Балтыйскага м. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Асн. лек. фактары: чыстае іанізаванае марское паветра, тарфяныя гразі, гідракарбанатна-натрыевая мінер. вада з павышанай колькасцю арган. рэчываў. Лечаць захворванні сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, органаў апоры і руху, дыхання. Мінер. вада ўжываецца ў якасці пітнога лячэння пры хваробах органаў стрававання. Санаторыі, пансіянаты, турбаза, гразелячэбніца, пясчаны пляж.

т. 14, с. 253

СВЕТЛАГО́РСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 11 км на Пд ад г. Светлагорск, каля р.п. Сасновы Бор. Створана ў 1994. Наліўное. Пл. 14,1 км², даўж. 6,6 км, найб. шыр. 3,2 км, найб. глыб. 5,1 м, аб’ём вады 60 млн. м³. Выкарыстоўваецца для ўвільгатнення с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі, адпачынку.

т. 14, с. 253

СВЕТЛАГО́РСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́» Буд-ва пачата ў 1960 у пас. Шацілкі Гомельскай вобл. як Шацілкаўскага з-да штучнага валакна. У 1961 са зменай назвы пасёлка на г. Светлагорск адпаведна змянілася назва з-да. У 1965 уведзена ў дзеянне 1-я, у 1967—2-я чарга кордавай вытв-сці, у 1969 — вытв-сць серавугляроду, у 1971 — доследна-прамысловая ўстаноўка па вытв-сці корду з розных тыпаў цэлюлозы, на якой у 1976 пасля рэканструкцыі атрымана нітка «Аксалон» для цеплаізаляцыйных вырабаў, у 1980 — участак па вытв-сці вугляродных матэрыялаў. З 1983 — сучасная назва. У 1992 рэканструявана 2-я кордавая вытв-сць, устаноўлены агрэгаты для фармавання віскознай тэкстыльнай ніткі. У 1994 арганізаваны вытв-сці нятканага матэрыялу «Спанбонд», мяшкоў з плёначных поліпрапіленавых нітак, у 1996 — вытв-сць карбаксіметылцэлюлозы. У складзе прадпрыемства з-ды: поліэфірнай тэкстыльнай ніткі, штучнага валакна; вытв-сці: палімерных і вугляродных матэрыялаў, тавараў нар. ўжытку. Асн. прадукцыя (2001): віскозная кордавая тканіна, віскозная і поліэфірная тэкстыльныя ніткі, нятканыя матэрыялы, поліпрапіленавыя мяшкі, тканіна, шпагат; тавары нар. ўжытку (спарт. касцюмы, камплекты для спальні і інш.), вугляродныя матэрыялы, аксалон.

т. 14, с. 253

СВЕТЛАГО́РСКАЯ ЦЭЦ Пабудавана ў 1958 (першая чарга) у г. Светлагорск Гомельскай вобл. як Васілевіцкая ДРЭС. Другая чарга пушчана ў 1965. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю цеплафікацыйных турбін у 1978 ДРЭС атрымала сучасную назву. У 1983—86 усе катлы ЦЭЦ пераведзены на выкарыстанне ў якасці паліва — газу і мазуту. Цяпер асн. паліва — спадарожны гаручы газ нафтавых радовішчаў з Беларускага газаперапрацоўчага завода і прыродны газ (з Расіі). ЦЭЦ мае 4 цеплафікацыйныя турбіны, 9 паравых катлоў і 1 воданагравальны кацёл. Магутнасць ЦЭЦ — 260 МВт/гадз электраэнергіі і 841 Гкал/гадз цеплаэнергіі. Забяспечвае цепла- і электраэнергетычныя патрэбы прадпрыемстваў і жыллёва-камунальнага сектара г. Светлагорск.

т. 14, с. 253

СВЕТЛАГО́РСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ «Светлагорсккорммаш». Засн. ў 1978 у р.п. Сасновы Бор Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. на базе торфапрадпрыемства «Светлагорскае». З 1978 у ВА «Гомсельмаш». Прадпрыемства складаецца з гал. вытв. механазборачнага цэха і дапаможных (дрэваапр. цэха, рамонтна-інструментальнага, рамонтна-мех., транспартнага і энергацепласілавога ўчасткаў). Асн. прадукцыя (2001): запчасткі да кормаўборачных і збожжаўборачных камбайнаў, сталярныя вырабы.

т. 14, с. 253

СВЕТЛАГО́РСКІ ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1960 у г. Светлагорск Гомельскай вобл. як філіял Маладзечанскага палітэхнікума. З 1965 Светлагорскі вячэрні індустр. тэхнікум, З 1966 Светлагорскі індустр. тэхнікум, з 2001 Светлагорскі дзярж. індустр. тэхнікум. Рыхтуе бухгалтараў, тэхнікаў-будаўнікоў, тэхнікаў-электрыкаў, тэхнікаў суднамеханікаў-суднавадзіцеляў, тэхнікаў водных шляхоў, мадэльераў-канструктараў, тэхнікаў-тэхнолагаў хім. вытв-сці. Спецыяльнасці (2000/01 навуч. г.): бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; прамысл. і грамадз. буд-ва; электраэнергетыка; суднаваджэнне і эксплуатацыя рачнога флоту; эксплуатацыя ўнутр. водных шляхоў; тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў; тэхналогія вытв-сці хім. валокнаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае.

т. 14, с. 253

СВЕТЛАГО́РСКІ РАЁН Размешчаны на Пн Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,8 тыс. км². Нас. 23,9 тыс. чал. (2001), гарадскога 21%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Светлагорск. Уключае г.п. Парычы, р.п. Сасновы Бор, 101 сельскі нас. пункт, 9 сельсаветаў: Асташкавіцкі, Баравікоўскі, Давыдаўскі, Казлоўскі, Краснаўскі, Мікалаеўскі, Палескі, Печышчанскі, Чыркавіцкі.

Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Гомельскага Палесся, паўн. ч.Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая, 95% яе на выш. 130—140 м, найвыш пункт 160 м (на ПнЗ раёна каля в. Крукі) Агульны нахіл да даліны р. Бярэзіна. Карысныя выкапні: нафта, каменная соль, торф, буд. і сілікатныя пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. р. Бярэзіна з прытокамі Ала і Сведзь, Іпа з прытокам Віша. Меліярац. каналы: Пажыхарскі, Баравікоўскі, Яланскі, Нізавы канал (ч.). Светлагорскае вадасх. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: тарфяна-балотныя (32,7%), дзярнова-падзолістыя (29,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,2%). Пад лесам 53,7% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя, яловыя; 25% з іх штучныя насаджэнні, у асн. хваёвыя. Найб. лясныя масівы на Пн. Пад балотамі 1,4% тэрыторыі. У межах раёна заказнікі рэсп. значэння: біял. — Чыркавіцкі, ландшафтны — Выдрыца (часткова); біял. мікразаказнік мясц. значэння — Светлагорскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: дубы чарэшчатыя ў Гарохавіцкім і Коўчыцкім лясніцтвах.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 68,7 тыс. га, з іх асушаных 31,5 тыс. га. На 1.1.2001 у раёне 6 калгасаў, 10 с.-г. камунальных унітарных прадпрыемстваў (саўгасаў), 29 фермерскіх гаспадарак, міжгасп. прадпрыемства «Прудок», 5 падсобных гаспадарак вытв. прадпрыемстваў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы, агародніны і насенняводстве збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы мэблевай, металаапр. (запасныя часткі для збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў — Светлагорскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання), буд. матэрыялаў (цэгла, вырабы з драўніны), харч. (пладова-агароднінныя кансервы, сметанковае масла, цэльнамалочныя прадукты, сухое малако) прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Жлобін—Калінкавічы, аўтадарогі Бабруйск—Мазыр, Жлобін—Светлагорск, Акцябрскі—Парычы—Рэчыца. У раёне 17 сярэдніх, 3 базавыя, 1 пач., 2 спарт., 3 дзіцячыя муз. школы, Цэнтр пазашкольнай працы, дзіцячы прытулак, абласны дзіцячы дом, 22 дашкольныя ўстановы, 43 клубы, 35 б-к, 2 бальніцы, 3 амбулаторыі, 29 фельч.-ак. пунктаў, 1 санаторый. Выдаецца газ. «Светлагорскія навіны».

Г.​Я.​Будрэвіч, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 14, с. 254

СВЕТЛАГО́РСКІ ЦЭЛЮЛО́ЗНА-КАРДО́ННЫ КАМБІНА́Т Пабудаваны ў г. Светлагорск Гомельскай вобл. ў 1968

(1-я чарга па выпуску гафрыраванага кардону і вырабу з яго тары). У складзе камбіната паступова ўведзены ў эксплуатацыю: з-д бісульфітнай цэлюлозы на магніевай аснове, кардонна-папяровая ф-ка, ф-ка фільтравальнага кардону для харч. вадкасцей, вытв-сці — суцэльнага склеенага кардону, папяровых мяшкоў, папяровых сотаў і вырабаў з іх. З 1993 — адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (2001): 2-, 3-, 5- і 8-слойны гафракардон і скрынкі з яго розных памераў і канфігурацый; кардон каробачны склеены, кардон для фільтрацыі харч. вадкасцей (сокаў, віна, каньяку, шампанскага, піва і інш.),

папяровыя мяшкі, пакеты, шпагат, соты і вырабы з іх.

т. 14, с. 254