горад абл. падпарадкавання, цэнтр Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на р. Бярэзіна, чыг. ст. на лініі Жлобін—Калінкавічы, вузел аўтадарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Калінкавічы 73,4 тыс.ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. як в. Шацілкавічы (пазней Шацілкі) у Рэчыцкім пав.ВКЛ У 1639 было 19 двароў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, у Парыцкай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ. З 20.8.1924 мяст. Шацілкі — цэнтр сельсавета ў Парыцкім р-не Бабруйскай акр. (1924—30), з 1938 у Палескай вобл. У жн. 1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 353 чал. Вызвалены 26.11.1943 войскамі 1-га Бел. фронту ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. З вер. 1944 у Бабруйскай, з 1954 у Гомельскай абл. З 30.12.1956 гар. пасёлак, з чэрв. 1960 — цэнтр Парыцкага раёна. З 1961 горад раённага падпарадкавання, 29.7.1961 перайменаваны ў С., а Парыцкі р-н у Светлагорскі. З 1963 — горад абл. падпарадкавання. У 1970—40,3 тыс.ж., у 1973—48,7 тыс. жыхароў.
Працуюць: Светлагорскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, з-д жалезабетонных вырабаў і канструкцый, філіял з-да «Гомсельмаш», домабудаўнічы камбінат, масласырзавод, хлебазавод, раённае аб’яднанне сельгастэхнікі, Светлагорская ЦЭЦ. У горадзе Светлагорскі індустрыяльны тэхнікум, ПТУ хімікаў, Дом культуры, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Музей гісторыі горада Светлагорска. Брацкія магілы сав. воінаў, брацкая магіла сав. маракоў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.