Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НОВАЧАРКА́СК,

горад у Расіі, у Растоўскай вобл., на рэках Тузлаў і Аксай (правы прыток р. Дона). 189 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд. (электравозы, станкі), хім., харчасмакавая. 2 ВНУ. Тэатр. Музей Данскога казацтва. Каля Н. — Новачаркаская ГРЭС.

Засн. ў 1805 атаманам М.І.Платавым як новы адм. цэнтр Зямлі (з 1870 вобласці) Войска Данскога замест Чаркаска (цяпер станіца Старачаркаская). У 19 ст. паліт. цэнтр данскога казацтва. У 1870-я г. злучаны чыгункай з Растовам-на-Доне і пачаў хутка развівацца. У пач. 20 ст. важны цэнтр адукацыі і культуры Дона. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі (1942—43), моцна пашкоджаны. У Н. адбыліся Новачаркаскія падзеі 1962.

Літ.:

Молчанов П.И., Репников И.Г Новочеркасск: Ист.-краевед. очерк. 3 изд. Ростов н/Д., 1985.

т. 11, с. 362

НОВАЧАРКА́СКІЯ ПАДЗЕ́І 1962, Новачаркаскі расстрэл,

узброенае задушэнне 2 чэрв. стыхійных мітынгаў і дэманстрацый (1—3 чэрв.) рабочых г. Новачаркаск Растоўскай вобл. (Расія). Рабочыя пратэставалі супраць павышэння цэн на прадукты харчавання (мяса, малако, масла і інш.) на 25—30%, абвешчанага 31.5.1962 пры амаль адначасовым зніжэнні расцэнак аплаты працы. У ходзе аперацыі па «навядзенні парадку» з удзелам войск Паўн.-Каўк. ваен. акругі забіты 23 чал., 39 паранены. Потым адбыліся масавыя арышты. Па Н.п. было ўзбуджана 57 крымін. спраў, па якіх асуджана 114 чал. Вярх. суд РСФСР 14 чал. прызнаў арганізатарамі хваляванняў; 7 чал. прыгавораны да расстрэлу, астатнія да пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў. Выступленні супраць павышэння цэн адбыліся ў шэрагу інш. прамысл. цэнтраў СССР.

Літ.:

Мардарь И. Хроника необъявленного убийства. Новочеркасск, 1992.

т. 11, с. 362

НОВАЧАРКА́СКІ СКАРБ Выяўлены ў 1864 у пахавальным кургане Хахлач каля г. Новачаркаск (Расія). Датуецца 1—2 ст. н.э. Ювелірныя вырабы Н.с. належалі сармацкай царыцы. Сярод упрыгожанняў залатая дыядэма з выявамі аленяў, птушак і дрэў, аздобленая залатымі прывескамі, рознакаляровымі камянямі і жэмчугам, а таксама пагруднай выявай жанчыны з аметысту; залатыя каралі, бранзалеты, флаконы для духмяных рэчываў, кубкі, нашыўныя бляхі для адзення і інш. Усе знаходкі належаць да сармацкага мастацтва, у якім спалучаюцца скіфскі «звярыны стыль» і паліхромнае мастацтва. Вырабы розных ант. цэнтраў, у т.л. італійскіх, прадстаўлены залатой статуэткай Эрота, сярэбранымі і бронзавымі пасудзінамі і інш.

І.М.Язэпенка.

т. 11, с. 362

НОВАЧЭБАКСА́РСК,

горад у Чувашыі, у Расіі. Размешчаны на схілах Прыволжскага ўзв., на правым беразе р. Волга, за 5 км ніжэй г. Чэбаксары (бліжэйшая чыг. станцыя). Горад з 1965. 123,8 тыс. ж. (1996). Порт. Аэрапорт. Прам-сць: буд. матэрыялаў, хім., лёгкая (бавоўнапрадзільная ф-ка) і харчовая. Чэбаксарская ГЭС.

т. 11, с. 362

НО́ВАШ (Уладзімір Іванавіч) (н. 29.3.1924, Мінск),

бел. вучоны ў галіне электраэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1976). Засл. дз. нав. Беларусі (1989). Скончыў БПІ (1950). З 1953 у БПА (у 1973—89 заг. кафедры). Навук. працы па аўтаматызацыі і рэлейнай ахове электраэнергет. установак.

Тв.:

Управление, сигнализация и защита электрических установок. Мн., 1961;

Информационное обеспечение вычислительного эксперимента в релейной защите и автоматике энергосистем. Мн., 1998 (разам з Ф.А.Раманюком).

т. 11, с. 362

НО́ВАЯ БЕ́ЛІЦА, Нова-Беліца, Навабеліца,

былы павятовы цэнтр і прадмесце г. Гомеля, цяпер адм. раён г. Гомеля. Засн. паводле ўказаў Кацярыны II ад 28.3 і 7.10.1785 у сувязі з пераносам пав. цэнтра з Беліцы (цяпер в. Старая Беліца) бліжэй да Гомеля. 10.3.1791 Сенат даручыў магілёўскаму намесніку П.Пасеку перасяліць на пасад Н.Б. 302 сялян с. Прыбыткі і в. Дуянаўка. У 1786—1852 Н.Б. — цэнтр Беліцкага павета. У 1854 Н.Б. далучана да Гомеля як прадмесце. У 1880 у Н.Б. 1646 ж., 305 дамоў. Сувязь з Гомелем ажыццяўлялася па драўляным мосце цераз Сож. У 1897 у Н.Б. 2957 ж., 405 двароў, 2 чыг. станцыі на лініі Лібава-Роменскай і Палескай чыг., 2 царквы, 2 малітоўныя стараверскія дамы, прыходскае вучылішча (з жаночай зменай), 3 яўр. малітоўныя школы, крупадзёрка, вятрак, Навабеліцкая запалкавая фабрыка, канатны з-д, пенькатрапальня, пякарня, 26 крам, 6 корчмаў, Навабеліцкі спіртаачышчальны завод і інш. У пач. 20 ст. існавалі Навабеліцкая лесапільная фабрыка і Навабеліцкі лесапільна-бандарны завод. У 1940 утвораны Навабеліцкі р-н г. Гомеля (у 1948 скасаваны, у 1951 адноўлены).

т. 11, с. 362

НО́ВАЯ БРЫТА́НІЯ (New Britain),

вулканічны востраў у Ціхім ак., самы вялікі ў Бісмарка архіпелагу. Уваходзіць у склад дзярж. Папуа — Новая Гвінея. 36,6 тыс. км2. Нас. 312 тыс. чал. (1990). Рэльеф горны, выш. да 2300 м (дзеючы вулкан Улавун). Клімат экватарыяльны вільготны. Вільготныя экватарыяльныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы, какавы, кавы. Гал. горад і порт — Рабаул.

т. 11, с. 363

«НО́ВАЯ ВА́РТА»

(«Novaja varta»),

грамадска-навуковы і літ. часопіс бел. студэнцкай моладзі Віленскага ун-та, аб’яднанай у арг-цыю «Скарынія». Выдаваўся ў 1931—32 і 1934 у Вільні на бел. мове лацінкай. Выходзіў неперыядычна. Рэдактары-выдаўцы К.Глінскі, Т.Грышкевіч (з 3-га нумара). Асвятляў грамадскую і культ.-асв. дзейнасць бел. студэнтаў, узнімаў пытанні нац.-вызв. руху, супрацоўніцтва з польск. студэнцкімі арг-цыямі (арт. «Абавязак хвіліны» Я.Зенюка, «Адно з пытанняў» А.Бартуля, «Чвэрць веку існавання беларускай прэсы»). Змяшчаў дыскусійныя матэрыялы па розных паліт. кірунках развіцця сусв. грамадства, даследаванні па бел. гісторыі і л-ры («Леў Сапега — вялікі канцлер літоўскі» пад крыптанімам «Ш.», «Крытычныя моманты з жыцця Купалы і Коласа — паводле іх твораў» Ант. Навіны), творы Х.Ільяшэвіча, В.Багдановіча (Віцябляніна), Бартуля, Дж.Свіфта, хроніку культ-грамадскага жыцця моладзі Зах, Беларусі. Выйшлі 3 нумары. Выданне спынена ў сувязі з самаліквідацыяй арг-цыі «Скарынія».

С.І.Ёрш, А.С.Ліс.

т. 11, с. 363

НО́ВАЯ ВЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА, нававенская школа, другая венская школа,

творчая садружнасць кампазітара А.Шонберга і яго венскіх вучняў. Склалася ў 1900-я г. Сярод найб. відных прадстаўнікоў А.Берг, А.Веберн. Творчасці кампазітараў школы ўласцівы тэндэнцыі экспрэсіянізму (манадрама «Чаканне» Шонберга), пафас трагедыі «маленькага чалавека», сац. спачуванне (опера «Воцак» Берга), антыфаш. пратэст (кантата «Уцалелы з Варшавы» Шонберга). Кампазітары школы прадоўжылі традыцыю позняга аўстра-ням. рамантызму, выявілі новае адчуванне муз. часу, унутр. рэарганізацыю муз. цэлага, што паўплывала на музыку 20 ст. Радыкальнае абнаўленне маст. мовы і стылю, звязанае з адмаўленнем ад мажору і мінору, ад традыц. танальных планаў і мадуляцыйнага развіцця, прывяло да ўзнікнення атанальнасці («Лірычная сюіта» і канцэрт для скрыпкі з арк. Берга, 3-і квартэт Шонберга, канцэрт для 9 інструментаў ор. 24 Веберна), метаду дадэкафоніі. Гістарычна Н.в.ш. — адзін з кірункаў «новай музыкі» (гл. Авангард, Мадэрнізм у музыцы).

Літ.:

Друскин М. Австрийский экспрессионизм // Друскин М. О западно-европейской музыке XX в. М, 1973;

Веберн А. Лекции о музыке. Письма: Пер. с нем. М., 1975;

Музыка XX в. Ч. 2, кн. 4. М. 1984.

т. 11, с. 363

НО́ВАЯ ВЁСКА,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Баранавічы. Цэнтр Варацішчанскага с/с і калгаса. За 20 км на ПдЗ ад г. Стоўбцы, 98 км ад Мінска, 4 км ад чыг. ст. Гарадзея. 368 ж., 169 двароў (2000). Сярэдняя школа, аддз. сувязі.

т. 11, с. 363