Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЭМ (франц. creme),

1) салодкая ежа звычайна з сумесі ўзбітых вяршкоў, фруктовых сокаў, шакаладу, кавы і інш. 2) Паўфабрыкат для праслойвання і ўпрыгожвання пірожных і тортаў. Робіцца з сумесі цукру, малака, масла, яец і інш. Бывае вішнёвы, лімонны, шакаладны і г.д. 3) Касметычная мазь (напр., ланалінавы К.).

4) Мазь для чысткі скуранога абутку; вакса, гуталін.

т. 8, с. 536

КРЭМ, Крам (Cram) Дональд Джэймс (н. 22.4.1919, г. Чэстэр, штат Вермонт, ЗША), амерыканскі хімік-арганік. Чл. Нац. АН ЗША (1960) і Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1967). Скончыў ун-т штата Небраска (1942) і Гарвардскі ун-т (1947). З 1947 у Каліфарнійскім ун-це (г. Лос-Анджэлес; з 1956 праф.). Навук. працы па стэрэахіміі і хіміі макрагетэрацыклічных злучэнняў (краўн-эфіраў). Даследаваў структуру карбаніёнаў і механізм многіх хім. рэакцый, у якіх яны з’яўляюцца прамежкавымі прадуктамі. Сфармуляваў правіла стэрэахім. накіраванасці рэакцый (правіла К.; 1952). Нобелеўская прэмія 1987 (разам з Ж.М.Ленам, Ч.Педэрсенам).

Д.Дж.Крэм.

т. 8, с. 536

КРЭМАЗІ́ ((Crémazie) Актаў Жазеф) (16.4.1827, г. Квебек, Канада — 16.1.1879),

канадскі паэт; заснавальнік кан. паэзіі на франц. мове. Скончыў Квебекскую семінарыю. Друкаваўся з 1854. З 1861 выдаваў літ. час. «Les Soirées Canadiennes» («Канадскія вечары»). З 1863 у Францыі, дзе напісаў «Дзённік аблогі Парыжа» (выд. 1882) пра падзеі франка-прускай вайны 1870—71 і Парыжскай камуны 1871, лісты пра л-ру — «Лісты і ўрыўкі з лістоў» (выд. 1886). Аўтар патрыят. і філас. вершаў, у якіх адчувальны ўплыў паэтыкі П.Беранжэ і В.Гюго, няскончанай паэмы «Прагулка трох мерцвякоў».

Л.П.Баршчэўскі.

т. 8, с. 536

КРЭМАТО́РЫЙ (новалац. crematorium ад лац. cremare спальваць),

спецыяльна абсталяванае збудаванне для спальвання (крэмацыі) памерлых. Мае крэмацыйныя печы, жалобны зал для пахавальных абрадаў і інш. Першы К. адкрыты ў Мілане ў 1876. У Мінску К. дзейнічае з 1986.

т. 8, с. 536

КРЭМА́ЦЫЯ (ад лац. crematio спальванне),

трупаспаленне. Звычай К. быў шырока распаўсюджаны ў старажытнасці. Існавала мноства яе разнавіднасцей, найчасцей трапляецца змяшчэнне рэшткаў К. ў пахавальную урну. У наш час К. адбываецца ў крэматорыі.

т. 8, с. 536

КРЭМЕНЕВАДАРО́ДЫ,

тое, што сіланы.

т. 8, с. 536

КРЭМЕНЕЗДАБЫЎНЫ́Я ША́ХТЫ,

выпрацоўкі ў тоўшчы вапняковых або мелавых адкладаў, у якіх першабытныя людзі ў неаліце і бронзавым веку здабывалі крэмень — асн. сыравіну для вырабу прылад працы. К.ш. — пераважна вертыкальныя калодзежы дыяметрам 1,5 м, глыбінёй 2,5—3 м, асобныя да 5 м і больш. Па ходзе залягання крамянёвых канкрэцый ад калодзежа адыходзілі падбоі даўжынёй 1—2 м. Суседнія выпрацоўкі часам злучаліся пралазамі-штрэкамі. У Беларусі вядомы ў сярэднім цячэнні р. Рось каля г.п. Краснасельскі (гл. Краснасельскі археалагічны комплекс) і в. Карпаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.

т. 8, с. 536

КРЭМЕНЕФТАРЫ́ДЫ,

тое, што фторасілікаты.

т. 8, с. 536

КРЭМЕНЕФТОРЫСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛАТА́,

моцная двухасноўная кіслата; раствор фтарыду крэмнію ў вадзе ці фторыставадароднай кіслаце, H2SiF6. Утварае солі — фторасілікаты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фторасілікатаў і неарган. фтарыдаў (напр., AlF3, NaF, CaF2), як кампанент раствораў для паліроўкі і траўлення шкла, электралітаў для гальванастэгіі, як кансервант драўніны, сродак для дэзінфекцыі рэзервуараў у вытв-сці піва.

т. 8, с. 536

КРЭ́МЕНЬ,

прыроднае мінер. ўтварэнне; тонкі агрэгат крышт. (кварц, халцэдон) і аморфнага (апал) крэменязёму, часта з прымесямі карбанатаў і гліны. Утварае жаўлакі, канкрэцыі, радзей лінзы і пражылкі ў асадкавых, пераважна карбанатных (вапнякі, мел, мергель) горных пародах. Колер ад жоўта-шэрага да чорнага, трапляецца з малюнкамі. Цв. 7. Звычайна шчыльны. Злом ракавісты. Паводле мінер. саставу адрозніваюць кварцавы, халцэдонавы, апал-халцэдонавы, халцэдонава-кварцавы і інш. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, катагенезе горных парод і выветрыванні. Ідзе на выраб эмаляў, фаянсу, хім. посуду, выкарыстоўваецца як абразіўны матэрыял. На Беларусі пашыраны ў мергельна-мелавых пародах верхняга мелу, зрэдку трапляецца ў дэвонскіх, палеагенавых і інш. адкладах. У каменным веку К. з верхнемелавых адкладаў выкарыстоўваўся для вырабу прылад працы, пазней як крэсіва, у т. л. ў крамянёвых ружжах. На месцы стараж. шахтаў па здабычы К. (неаліт — бронзавы век) каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. створаны Краснасельскі археалагічны комплекс.

У.Я.Бардон.

Крэмень.

т. 8, с. 536