Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРУГЛЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1943 у Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Кіраўнікі: П.І.Аляксееў, Я.В.Бендзік, М.З.Казлоў, М.С.Радзько, Л.Н.Ракушаў, С.М.Сухоцкі і інш. Падп. групы (больш за 70 чал.) дзейнічалі ў г. п. Круглае, вёсках Ліхінічы, Пасырава, Радча, Ражкі, Слабодка і інш. У канцы студз. 1942 групы аб’ядналіся ў адзіную круглянскую «Арганізацыю барацьбітоў за вызваленне Радзімы» («АБЗВР»). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з партыз. брыгадамі 8-й Круглянскай, «Чэкіст», магілёўскім патрыят. падполлем і падпольшчыкамі суседніх раёнаў; распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, харчаванне, медыкаменты. звесткі пра ўмацаванні, перадыслакацыю і ўзбраенне ворага, падрыхтоўку акупантаў да карных аперацый. У 1942 у Круглым падпольшчыкі спалілі друкарню, ільнозавод, склад нарыхтаваных для адпраўкі ў Германію збожжа і сена, у 1943 — бензасклад у Круглым, маслазавод у в. Слабодка. Пад уплывам іх агітацыі рабочыя Круглянскага льнозавода псавалі абсталяванне, затрымлівалі зборку машын, сяляне зрывалі пастаўкі харч. прадуктаў для акупац. арміі, салдаты варожага «казацкага батальёна» перайшлі да партызан. Пасля арыштаў уцалелыя падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.

Л.В.Аржаева.

т. 8, с. 483

КРУГЛЯ́НСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1990, адкрыты ў 1994 у г. п. Круглае Магілёўскай вобл. Пл. экспазіцыі 149 м², больш за 5 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў ляпны і ганчарны посуд, жаночыя ўпрыгожанні 11—12 ст. з археал. помнікаў Кругляншчыны, манетны скарб 17 ст., царк. статут, псалтыр, «Жыціе і пакуты св. вялікамучаніцы Варвары» (1897), бел. нар. адзенне, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., матэрыялы жыцця і дзейнасці рус. военачальнікаў І.У.Гуркі (гл. ў арт. Гуркі) і М.Р.Чарняева, рэпрадукцыі карцін мастака-перасоўніка М.В.Неўрава, апошнія гады жыцця якога прайшлі на Кругляншчыне, бел. нар. адзенне, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., дакументы, фотаздымкі і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны, вырабы з саломкі, калекцыя карункаў.

С.В.Каднікава.

т. 8, с. 483

КРУГЛЯ́НСКІ РАЁН,

на ПнЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, двойчы скасаваны (1931, 1951) і адноўлены (1935, 1966). Пл. 0,9 тыс. км². Нас. 19,4 тыс. чал. (1998), гарадскога 42%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. п. Круглае, 152 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Рубежскі, Цяцерынскі, Шапялевіцкі.

Раён размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны і Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня хваліста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвыш. пункт 223 м (каля в. Баканава). Карысныя выкапні: торф. пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -7,6 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 626 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. З Пн на Пд цэнтр. ч. перасякае р. Друць з прытокамі Бярозаўка, Асліўка з Рутай, Каменка, Гнілка, Вабіч; на З р. Можа з Бярозкай. Азёры: Яложынскае, Безыменнае, або Палыкаўскае (на мяжы са Шклоўскім р-нам). На р. Друць Цяцерынскае вадасх. Глебы дзярнова-падзолістыя (60,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28.6%) і інш. Пад лесам 26% тэр. раёна, з іх 19,8% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Асн. лясныя масівы на З, пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Пл. балот 3,8%, найб. балота Шчыток. Заказнікі мясцовага значэння гідралагічныя: Шчыток, Баравуха, Забароўскае, у пойме р. Друць. Помнікі прыроды мясцовага значэння: возера Хатомля каля в. Шапялевічы, крыніцы каля в. Прыгані, Цяцерын.

На 1.1.1998 агульная пл. с.-г. угоддзяў 55,5 тыс. га, з іх асушана 11,3 тыс. га. У раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, 29 фермерскіх гаспадарак, закрытае акц. т-ва «Рыбгас Азёрны», Цяцерынская лесапаляўнічая гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн.-раг. жывёла, свінагадоўля); ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, кукурузу, лён, бульбу, буракі, рапс. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў; пач. апрацоўкі лёну, харч. прам-сці, Цяцерынская ГЭС. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Магілёвам, Талачыном, Шкловам, Бялынічамі. У раёне 6 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пач. школы, тэрытарыяльна-школьны комплекс у в. Філатава (сярэдняя школа, дзіцячы сад, філіял дзіцячай школы мастацтваў, аддзяленне раённай юнацка-дзіцячай спарт. школы). 3 комплексы з сярэдняй школай і дзіцячым садам, 4 комплексы з пач. школай і дзіцячым садам, цэнтр пазаўрочнай дзейнасці вучняў, школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця, 11 дзіцячых садоў, 8 дамоў культуры, 22 клубы, 23 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, 2 амбулаторыі, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры — цэрквы: Пакроўская (2-я пал. 19 ст.) у в. Дудаковічы, Мікалаеўская (1833) у в. Тубушкі. Выдаецца газ. «Сельскае жыццё».

Літ.:

Памяць: Круглянскі р-н. Мн., 1996.

Г.С.Смалякоў.

т. 8, с. 483

«КРУГ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ ПРАСВЕ́ТЫ І КУЛЬТУ́РЫ»

Круг беларускі»),

культурна-асветная арг-цыя ў Пецярбургу ў 1902—04. У яе ўваходзілі В.Л.Іваноўскі, браты І.І.Луцкевіч і А.І.Луцкевіч, бел. студэнты ВНУ Пецярбурга. Друкавала і распаўсюджвала бел. выданні, у т. л. тыя, што выдаваліся за мяжой. Займалася пошукам сродкаў для выдання бел. л-ры; фінансавую і інш. падтрымку арг-цыі аказвалі браты К. і А.Кастравіцкія. Мела цесныя сувязі з прыхільнікамі бел. кнігі ў Варшаве і Кракаве. Выдала паэтычны зб. «Вязанка» Я.Лучыны (1903, у цэнзуру быў прадстаўлены як напісаны на балг. мове), на гектографе — зб. «Калядная пісанка на 1904 год» і «Велікодная пісанка» (1904). У 1902 чл. арг-цыі спрабавалі выдаць нелегальную газ. «Свабода».

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;

Turonek J. Wacław Iwanowski i odrodzenie Bialorusi. Warszawa, 1992.

У.Г.Філякоў.

т. 8, с. 479

КРУГ СХІЛЕ́ННЯ,

вялікі круг нябеснай сферы, які праходзіць праз полюсы свету і зададзены пункт сферы (напр., праз зорку). Гл. таксама Нябесныя каардынаты.

т. 8, с. 479

Кружылаў Аляксандр Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 411

КРУ́ЗЕ (Крус) Апалон Якаўлевіч

(15.12.1892, г. Пецярбург — 6.5.1967),

савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейт. (1949). Беларус. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1941). З жн. 1912 у арміі, з ліст. 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1936 камандзір палка, выкладчык Ваен. акадэміі, нач. курсаў удасканалення камсаставу. У Вял. Айч. вайну на Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 3-м Укр. франтах: камандзір стралк. дывізіі, корпуса. Удзельнік вызвалення Украіны, Яска-Кішынёўскай аперацыі, баёў у Венгрыі і Славакіі. У 1945—58 у Мін-ве абароны СССР, нам. нач. Ваен. акадэміі.

т. 8, с. 484

КРУЗЕНШТЭ́РН (Іван Фёдаравіч) (19.11.1770, Хагудзі, Эстонія — 24.8.1846),

расійскі мараплавец. Адмірал (1842). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1806). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1788). Кіраўнік першай рус. кругасветнай экспедыцыі 1803—06 на караблях «Надзея» (камандзір К.) і «Нява» (камандзір Ю.Ф.Лісянскі), у якой удзельнічалі таксама О.Я.Кацэбу і Ф.Ф.Белінсгаўзен. 7.8.1803 караблі выйшлі з Кранштата, у сак. 1804 абагнулі мыс Горн і ўвайшлі ў Ціхі ак. Пасля наведвання Гавайскіх а-воў «Нява» накіравалася ў Сітку (Новаархангельск), а «Надзея» — на Камчатку, потым у Японію. У жн. 1806 экспедыцыя вярнулася ў Кранштат праз Індыйскі і Атлантычны акіяны. У час плавання К. праводзіў акіянаграфічныя, метэаралагічныя і глыбакаводныя даследаванні акіянаў. Апісаў частку Курыльскіх а-воў, узбярэжжы Сахаліна, Камчаткі, некаторых астравоў Японіі. Вынікі акіяналагічных і этнагр. даследаванняў надрукаваны ў трохтомнай працы (1809—12) з атласам (больш за 100 карт і замалёвак). У 1923—26 выдаў «Атлас Паўднёвага мора» ў 2 тамах з тлумачальным тэкстам. Яго імем названы пралівы, астравы, мысы, горы ў Ціхім акіяне.

Тв.:

Путешествие вокруг света в 1803, 1804, 1805 и 1806 гг. на кораблях «Надежде» и «Неве». М., 1950.

Літ.:

Пасецкий В.М. Очарованный надеждой. Л., 1970.

І.Ф.Крузенштэрн.

т. 8, с. 484

КРУЗЕНШТЭ́РНА ПРАЛІ́Ў.

У паўночнай ч. Курыльскіх а-воў, паміж а-вамі Лавушкі на Пн і в-вам Райкоке на Пд. Злучае Ахоцкае м. з Ціхім ак. Шыр. каля 55 км, глыб. да 1764 м. Названы ў гонар рус. мараплаўца І.Ф.Крузенштэрна.

т. 8, с. 484

КРУЗЕНШТЭ́РНА ПРАХО́Д,

тое, што Усходні праход.

т. 8, с. 484