Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДРАЗДЫ́,

вадасховішча на паўн.-зах. ускраіне Мінска, у складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Створана ў 1976. Пл. 2,4 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 5,5 м, аб’ём вады 6,17 млн. м³. Катлавіна вадасховішча — забалочаная пойма р. Свіслач. Берагі нізкія, плаўна зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае. 2 астравы (пл. 0,05 км²). Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і воднага добраўпарадкавання горада. На берагах Д. санаторыі, лагеры адпачынку, лодачная станцыя, пляжная зона. Паміж вадасх. Заслаўскае і Дразды пабудаваны канал воднага слалама. Арніталагічны заказнік Лебядзіны.

Г.С.Жукоўская.

Вадасховішча Дразды.

т. 6, с. 195

ДРА́ЙЗЕР ((Dreiser) Тэадор) (27.8.1871, г. Тэрэ-Хот, ЗША — 28.12.1945),

амерыканскі пісьменнік. У 1888—89 вучыўся ва ун-це г. Блумінгтан. З 1892 пачаў працаваць журналістам, у 1897 апублікаваў першыя нарысы і апавяданні. Найб. вядомасць яму прынеслі раманы «Сястра Керы» (1900), «Джэні Герхарт» (1911), «Трылогія жадання» («Фінансіст», 1912; «Тытан», 1914; «Стоік», 1947, незак.), «Геній» (1915), «Амерыканская трагедыя» (1925). Аўтар зб-каў апавяд. «Вызваленне» і іншыя апавяданні (1918), «Дванаццаць мужчын» (1919), «Фарбы вялікага горада» (1923), кн. публіцыстыкі «Драйзер глядзіць на Расію» (1928; нап. пад уражаннем паездкі ў Расію ў 1927—28), «Трагічная Амерыка» (1931), «Амерыку варта ратаваць» (1941). Адыграў вял. ролю ў развіцці рэалізму ў амерыканскай л-ры. Надаў новае гучанне надзвычай распаўсюджанай у л-ры ЗША тэме «амерыканскай мары»: паказаў яе адваротны бок — «амерыканскую трагедыю», раскрыў механізм уздзеяння грамадства на псіхалогію і лёс як звычайнага чалавека, так і асобы адоранай; паказаў будзённасць і шматлікасць трагедый, выкліканых імкненнем людзей любымі сродкамі дасягнуць поспеху, зрабіць кар’еру. Пасля смерці пісьменніка выйшлі раман «Апірышча» (1946) і яго лісты (т. 1—3, 1959).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—12. М., 1973.

Літ.:

Засурский Я.Н. Теодор Драйзер. М., 1977.

Е.А.Лявонава.

Т.Драйзер.

т. 6, с. 195

ДРАЙ-ХМА́РА (Міхайла) (сапр. Драй Міхайла Панасавіч; 10.10.1889, с. Малыя Каніўцы Чаркаскай вобл., Украіна — 19.1.1939),

укр. паэт, перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Кіеўскі ун-т (1913), дзе ў 1926—33 быў прафесарам. У 1935 рэпрэсіраваны. Загінуў на Калыме. Аўтар зб. вершаў «Прорасць» (1926), манаграфіі «Леся Украінка» (1926), даследаванняў па гісторыі ўкр., серб., польск., бел. л-р. Пераклаў на ўкр. мову вершы і паэмы А.Пушкіна, М.Лермантава, А.Міцкевіча, П.Верлена, Ш.Бадлера, карэла-фінскі эпас «Калевала» і інш., зб. М.Багдановіча «Вянок» (1929). Аўтар арт. «Паэт беларускага адраджэння Максім Багдановіч» (1928), «Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча» (1929), «Фрагменты Мінскага пергаментнага апракаса XIV ст.» (1931).

Тв.:

Вибране. Київ, 1989.

Літ.:

Рагойша В. І нясе яна дар... Мн., 1977. С. 141—146.

В.А.Чабаненка.

т. 6, с. 196

ДРАКАНІ́ДЫ,

метэорны паток з радыянтам у сузор’і Дракона, звязаны з каметай Джакабіні-Цынера. Назіраецца штогод 9—10 кастрычніка. У 1933 і 1946 Д. далі асабліва вял. метэорныя дажджы.

т. 6, с. 196

ДРАКАНІ́ЧНЫ ГОД,

гл. ў арт. Год.

т. 6, с. 196

ДРАКАХРУ́СТ (Аляксандр Абрамавіч) (н. 7.11.1923, Масква),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскае ваен.-інжынернае вучылішча (1945) і Хабараўскі пед. ін-т (1962). Служыў у арміі (1941—71). Друкуецца з 1939. Першы зб. вершаў «Міру быць на зямлі» (1951). На рус. мову пераклаў асобныя творы Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, С.Гаўрусёва, С.Грахоўскага, Е.Лось, У.Паўлава, П.Прыходзькі, А.Русецкага, Ю.Свіркі і інш.

Тв.:

Мои вы годы-эшелоны...: Избранное. Мн., 1975;

Дальняя связь: Избранное. Мн., 1983;

Сквозное ранение. Мн., 1984;

Крутоворот. Мн., 1986;

Исповедь. Мн., 1990.

т. 6, с. 196

ДРАКО́Н,

у міфалогіі многіх народаў крылаты (часам шматгаловы) вогненны змей, тулава якога складалася з частак цела змяі, кракадзіла, птушкі, рыбы, льва, сабакі і інш. У краінах Усх. Азіі лічыўся бажаством вады, якое прыносіць урадлівасць, пазней — сімвал улады. Д. былі пераможаны Гераклам (Гідра, Ладон), Апалонам (Піфон, Тыфон), Георгіем Пераможцам і інш.

т. 6, с. 196

ДРАКО́Н (лац. Draco),

каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Мае 80 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Ламаны ланцужок слабых зорак Д. агінае сузор’е Малая Мядзведзіца і заканчваецца больш яркай зоркай γ (2-й візуальнай зорнай велічыні), назіраючы за якою англ. астраном Дж.Брадлей адкрыў (1725) аберацыю святла. Адна з зорак Д. — Тубан каля 2,5 тыс. гадоў назад была і праз 20 тыс. гадоў зноў будзе «Палярнай» зоркай. У Д. знаходзіцца яркая планетарная туманнасць 8-й зорнай велічыні, якая пашыраецца. З тэр. Беларусі Д. відаць круглы год.

Сузор’е Дракон.

т. 6, с. 196

ДРАКО́НАВА ДРЭ́ВА (Dracaena draco),

кветкавая расліна з роду драцэна. Эндэмік Канарскіх а-воў.

Шматгадовая дрэвападобная расліна выш. больш за 20 м, дыям. ствала каля асновы да 4 м. Характэрны другасны рост у таўшчыню. Лісце доўгае, скурыстае, шорсткае, размешчана пучкамі на канцах галінак. Кветкі буйныя, двухполыя, сабраны ў пучкі па 2—4. Тэхн., лек. і дэкар. расліна. З надрэзаў кары выцякае чырв. смала (т. зв. «драконава кроў»), з якой атрымліваюць лак. Валокны лістоў выкарыстоўваюць для пляцення. Д.д называюць таксама некаторыя інш. віды драцэны (напр., амбет, ці афрыканскае Д.д, кінаварна-чырвоная, камбаджыйская, расколатае ці самалійскае Д.д.), якія выдзяляюць крывава-чырвоную смалу.

Г.У.Вынаеў.

Драконава дрэва.

т. 6, с. 196

ДРАКО́НАВЫ ГО́РЫ (афрыкаанс Drakensberg),

у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, на ПдУ Афрыкі, ч. Уступу Вялікага. Працягласць каля 900 км. Найвыш. вяршыня Д.г. і Паўд. Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м); пераважаюць вышыні 2000—3000 м. Складзены з пясчанікаў і сланцаў сістэмы Кару (ад верхняга карбону да верхняга трыясу — ніжняй юры) і базальтаў, выліванне якіх адбылося ў пач. мезазойскай эры. Гарызантальнае заляганне адкладаў Кару абумовіла сплошчаныя вяршыні гор, расчлянёныя эрозіяй на стромкія схілавыя плато. З’яўляюцца водападзелам паміж рэкамі Індыйскага ак., якія праразаюць усх. стромкі схіл, і вярхоўямі р. Аранжавай. Клімат і расліннасць усх. і зах. схілаў рэзка адрозніваюцца. На ўсх. вільготных да 1200 м трапічныя дажджавыя лясы, вышэй лісцевыя і хвойныя лясы, калючыя хмызняковыя зараснікі, горныя лугі і каменныя россыпы. На сухіх зах. схілах лясы саступаюць месца саваннам і хмызнякам.

т. 6, с. 196