ДРА́ЙЗЕР ((Dreiser) Тэадор) (27.8.1871, г. Тэрэ-Хот, ЗША — 28.12.1945),

амерыканскі пісьменнік. У 1888—89 вучыўся ва ун-це г. Блумінгтан. З 1892 пачаў працаваць журналістам, у 1897 апублікаваў першыя нарысы і апавяданні. Найб. вядомасць яму прынеслі раманы «Сястра Керы» (1900), «Джэні Герхарт» (1911), «Трылогія жадання» («Фінансіст», 1912; «Тытан», 1914; «Стоік», 1947, незак.), «Геній» (1915), «Амерыканская трагедыя» (1925). Аўтар зб-каў апавяд. «Вызваленне» і іншыя апавяданні (1918), «Дванаццаць мужчын» (1919), «Фарбы вялікага горада» (1923), кн. публіцыстыкі «Драйзер глядзіць на Расію» (1928; нап. пад уражаннем паездкі ў Расію ў 1927—28), «Трагічная Амерыка» (1931), «Амерыку варта ратаваць» (1941). Адыграў вял. ролю ў развіцці рэалізму ў амерыканскай л-ры. Надаў новае гучанне надзвычай распаўсюджанай у л-ры ЗША тэме «амерыканскай мары»: паказаў яе адваротны бок — «амерыканскую трагедыю», раскрыў механізм уздзеяння грамадства на псіхалогію і лёс як звычайнага чалавека, так і асобы адоранай; паказаў будзённасць і шматлікасць трагедый, выкліканых імкненнем людзей любымі сродкамі дасягнуць поспеху, зрабіць кар’еру. Пасля смерці пісьменніка выйшлі раман «Апірышча» (1946) і яго лісты (т. 1—3, 1959).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—12. М., 1973.

Літ.:

Засурский Я.Н. Теодор Драйзер. М., 1977.

Е.А.Лявонава.

Т.Драйзер.

т. 6, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)