Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЛАЗУНО́Ў Аляксандр Канстанцінавіч

(10.8.1865, С.-Пецярбург — 21.3.1936),

рускі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Нар. арт. Рэспублікі (1922). Вучань М.Рымскага-Корсакава (кампазіцыя). З 1888 выступаў як дырыжор у Расіі і за мяжой. З 1899 праф., у 1905—28 дырэктар Пецярбургскай кансерваторыі. Ганаровы віцэ-прэзідэнт Рус. сімф. т-ва ў Вялікабрытаніі (1906), ганаровы д-р Кембрыджскага і Оксфардскага ун-таў (1907), ганаровы чл. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Рым, 1914), чл. Муз. акадэміі ў Стакгольме (1929). Найб. плённа працаваў у жанрах сімф. музыкі. Паслядоўнік традыцый «Магутнай кучкі» і П.Чайкоўскага, ён аб’яднаў у сваёй творчасці элементы лірыка-эпічнага і лірыка-драм. сімфанізму. Зрабіў істотны ўклад у сімфанізацыю балетнага жанру. Яго творы вылучаюцца рэльефнасцю тэм, поўным і ясным гучаннем аркестра, майстэрскім выкарыстаннем поліфанічнай тэхнікі (адначасовае гучанне розных тэм, спалучэнне імітацыйнага і варыяцыйнага развіцця). Сярод твораў: балеты «Раймонда» (паст. 1898), «Паненка-служанка, або Выпрабаванне Даміса» і «Поры года» (паст. 1900); кантаты; 8 сімфоній (1881—1906), у т. л. 1-я (у скерца выкарыстаны матыў бел. нар. танца «Мікіта»), найб. значныя 4-я, 1893; 5-я, 1895; 6-я, 1896; 7-я, 1902; 8-я, 1906; 7 сюіт, у т. л. «З сярэдніх вякоў» (1902); 5 уверцюр, у т. л. 2 на грэч. тэмы (1882, 1884); сімф. паэма «Сценька Разін» (1885), «Фінская фантазія» (1909); «Руская фантазія» для Велікарус. аркестра (1906); канцэрты з арк. — 2 для фп. (1910, 1917), для скрыпкі (1904), для віяланчэлі (1931), для саксафона (1931); 7 стр. квартэтаў; творы для фп., для аргана; хары а капэла; рамансы і песні; апрацоўкі рус., чэш., грэч. гімнаў і песень; музыка да драм. спектакляў. У 1885—1903 штогод адзначаўся Глінкаўскімі прэміямі.

Літ. тв.: Избранное: Письма, статьи, воспоминания. М., 1958.

Літ.:

Федорова Г.П. Глазунов. 2 изд. М., 1961;

Глазунов: Исследования. Материалы. Публикации. Письма. Т. 1—2. Л., 1959—60;

Ганина М. А.К.Глазунов. Л., 1961;

Крюков А.Н. А.К.Глазунов. М., 1984.

т. 5, с. 285

ГЛАЗУНО́Ў Ілья Сяргеевіч

(н. 10.6.1930, С.-Пецярбург),

рускі жывапісец і графік. Нар. мастак. СССР (1980). Заснавальнік і рэдактар рэктар Рас. акадэміі жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1989). Вучыўся ў Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1951—57) у Б.Іагансона. Аўтар выкананых у графічна стылізаванай манеры твораў, прысвечаных гіст. і сучаснай тэмам (цыклы «Дарогамі вайны», 1955 — 64; «Русь», з 1956; «Містэрыя XX стагоддзя», «Поле Кулікова», «Вечная Русь», «Маё жыццё», усе 1970—90-х г.), партрэтаў (Ф.Феліні, 1963, І.Гандзі, 1973, У.К.Кеканена, 1974, У.Высоцкага, 1984, і інш.), цыкла карцін і малюнкаў на тэмы раманаў Ф.М.Дастаеўскага, Л.М.Талстога і інш. Стварыў пано «Уклад народаў Савецкага Саюза ў сусветную культуру і цывілізацыю» (1980, будынак ЮНЕСКА у Парыжы). Аформіў тэатр. спектакль «Паданне пра нябачны горад Кіцеж і дзеву Фяўронію» М.А.Рымскага-Корсакава ў Вял. т-ры ў Маскве, 1983.

Літ.:

Илья Глазунов: [Альбом]. М., 1986;

Поиск через традиции. Л., 1990.

т. 5, с. 285

ГЛАЗУНО́Ў Пётр Аляксеевіч

(20.2.1920, в. Петрачкі Віцебскага р-на — 8.3.1992),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1938), Адэскую ваен. авіяц. школу (1940), Вышэйшыя лётна-тактычныя курсы (1947), Цэнтр. лётна-тактычныя курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу (1955). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Паўд.-Зах., 3-м Укр., 3-м і 2-м Прыбалт. і Ленінградскім франтах: камандзір эскадрыллі, нам. камандзіра штурмавога авіяпалка. Зрабіў 138 баявых вылетаў. Да 1975 у Сав. Арміі.

т. 5, с. 285

ГЛА́ЗУП

(Gläzups) Рыхард (н. 20.5.1920, Рыга),

латышскі дырыжор. Нар. арт. Латвіі (1976). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Латв. кансерваторыю па класах аргана (1945), сімф. дырыжыравання (1949), кампазіцыі (1952). У 1944—76 у Латв. т-ры оперы і балета (з 1967 гал. дырыжор). Пад яго кіраўніцтвам паст. оперы «Банюта» А.Калніньша, «Залаты конь» А.Жылінскіса, «Паданне пра нябачны горад Кіцеж і дзеву Фяўронію» М.Рымскага-Корсакава, «Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева, «Лаэнгрын» Р.Вагнера, «Фідэліо» Л.Бетховена, «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны, балеты «Навальніца вясной» А.Скултэ, «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева і інш. Аўтар муз. твораў (кантат «Свету—мір!», 1962; тэма і варыяцыі для аргана і інш.).

т. 5, с. 285

ГЛАЗУ́РА,

тое, што паліва.

т. 5, с. 285

ГЛАЗЫ́РЫНА Ларыса Дзмітрыеўна

(н. 1.2.1942, г. Брэст),

бел. педагог. Д-р пед. н. (1993), праф. (1995). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1963). Працавала настаўніцай у школе г. Мінска. З 1969 у Мінскім пед. ін-це, з 1976 у Бел. ін-це фіз. культуры, з 1992 заг. кафедры тэорыі і методыкі фіз. выхавання і спорту. З 1996 гал. спецыяліст аддзела гуманіт. навук дзярж. Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Даследуе тэорыю і методыку фіз. выхавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Аўтар прац «На шляху да фізічнага ўдасканалення» (1987) і інш.

Тв.:

Очарование: Путешествие малышей со взрослыми по природе. Мн., 1996.

т. 5, с. 285

Глаз Аляксандр Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 372

ГЛАКСІ́НІЯ

(Gloxinia),

род кветкавых раслін сям. геснерыевых. 6 відаў. Пашыраны ў Амерыцы ад Мексікі да Бразіліі. Пад назвай глаксінія ў кветкаводстве больш вядомая група гібрыдаў, атрыманых ад відаў блізкага роду сінінгія (Siningia). На Беларусі іх часта вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.

Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом і клубнямі. Лісце эліпсападобнае, чаранковае, цёмна-зялёнае, апушанае, сабранае ў разетку. Кветкі буйныя, яркія, званочкавыя, разнастайныя па колеры. Цвіце ў маі—верасні (за сезон на адной расліне ўтвараецца да 50—100 кветак). Плод — шматнасенная каробачка. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Размнажаюцца насеннем, сцябловымі і ліставымі чаранкамі, дзяленнем клубняў.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 285

ГЛАМЕРЫ́ДЫ

(Glomeridae),

сямейства двухпарнаногіх мнаганожак. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў зонах умеранага клімату. Трапляюцца ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах у глебе, лясным подсціле, трухлявых дрэвах, пад імхом. Найб. вядомыя: гламерыс шасціпалосы (Glomeris hexasticha), G. stellifera, G. ornata. На Беларусі 1 від — гламерыс звязаны (Glomeris connexa); трапляецца ў паўд. і зах. ч., занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 25 мм, цела кароткае і шырокае, укрытае 12 шчыткамі з 17—19 парамі ног. Здольны пры небяспецы скручвацца ў шар. Раздзельнаполыя. Яйцы (па 1—2) адкладваюць у трэшчыны кары дрэў або глебы. Развіццё працягваецца больш за 3 гады, за гэты час адбываецца 9 лінек, якія бываюць і ў дарослым стане. Жывуць 6—7 гадоў. Кормяцца апалым лісцем, гнілой драўнінай, аленевым памётам. Карысныя, абагачаюць глебу гумусам.

т. 5, с. 286

ГЛАСАПТЭ́РЫЕВАЯ ФЛО́РА,

гандванская флора, існавала на мацерыку Гандвана з позняга карбону да ранняга трыясу. Выяўлена па знаходках у Антарктыдзе, Аўстраліі, Еўропе. Узнікненне і развіццё гіпатэтычнага мацерыка Гандвана з пашыраным абледзяненнем вызначылі аднастайны і бедны ў відавых адносінах своеасаблівы склад гласаптэрыевай флоры, для якой было характэрна мноства гласаптэрысаў і хвашчоў. На Беларусі магчыма існаванне рэшткаў гласаптэрыевай флоры ў адкладах позняга карбону і ранняй пярмі.

т. 5, с. 286