Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РЫ́СВІКСКІ МІР 1697.

Завяршыў вайну 1688—97 (гл. Пфальцкая спадчына) паміж Францыяй і Аўсбургскай лігай (саюз паміж Галандыяй, імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі», Іспаніяй, Швецыяй, Баварыяй, Пфальцам, Саксоніяй, Вялікабрытаніяй), заключаны ў в. Рысвік (Рэйсвейк, каля Гаагі). Складаўся з серыі дагавораў Францыі з Вялікабрытаніяй, Галандыяй, Іспаніяй (усе 20 вер.), імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» і асобнымі герм. княствамі (30 кастр.). Паводле Р.м. Францыя адмаўлялася ад большасці тэрыторый, захопленых ёю пасля Німвегенскага міру 1678—79, але захавала за сабой Страсбург і інш. землі ў Эльзасе. Умовы Р.м. парушаны ў 1701 вайной за Іспанскую спадчыну.

т. 13, с. 519

РЫСІ́НСКІ ((Rysiński) Саламон) (каля 1560, в. Рысін Себежскага р-на Пскоўскай вобл. — 13.11.1625),

польскі і бел. паэт-лацініст, парэміёлаг. Вучыўся ў Альтдорфскім ун-це (1586, Германія). У пач. 17 ст. прыдворны паэт кн. Радзівілаў. Выдаў «Дзве кнігі пісьмаў Саламона Пантэра» (1587, у адным з пісьмаў пераклаў на лац. мову вершы А.​Рымшы). Аўтар «Кароткага пераказу спраў, здзейсненых святлейшым князем Крыштофам Радзівілам...» (1614), куды ўключана вершаванае апісанне падзей Лівонскай вайны (1558—83). Гал. яго праца — зб. «Тысяча восемсот польскіх прыказак...» (1618, 8-е выд. 1854), які быў вынікам амаль 30-гадовай збіральніцкай дзейнасці (мясц. бел. прыказкі Р. параўнаў з лац., ням., італьян. і інш.). Абедзве кнігі выдадзены ў Любчанскай друкарні. Аўтар «Кнігі заўваг і тлумачэнняў «Пісьмаў Л.​А.​Сенекі...» (1620, Нюрнберг). З ням. юрыстам і паэтам К.​Рытэрсгузіусам падрыхтаваў каментарыі да творчасці познарым. паэта Аўзонія (рукапіс).

Літ.:

Порецкий Я. Соломон Рысинский = Solomo Pantherus eucorussus: Конец XVI — нач. XVII вв. Мн., 1983.

Я.​І.​Парэцкі.

т. 13, с. 519

РЫСІ́НСКІ ((Rysiński) Францішак) (? — 1830?),

польскі і бел. паэт. Старшыня Цывільнай палаты ў Віцебску. Пісаў эпіграмы, лірычна-філасофскія і гумарыст. вершы на польскай, бел. і рус. мовах. Пераадольваючы класіцыстычную версіфікатарскую нарматыўнасць, набліжаўся да рамант. лірызацыі зместу. Яго творы распаўсюджваліся на Віцебшчыне ў спісах і вусна (частка была ў архіве Ф.​Карпінскага і полацкага маршалка С.​Грабніцкага), публікаваліся ў час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік», 1819), «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік», 1830), «Rocznik literacki» («Літаратурны штогоднік», 1844). Р., магчыма, аўтар макаранічных бел.-польскіх мініяцюр «Плач пакінутага каханай» і «За пекнай паненкай аж душа сумуе...», апубл. А.​Рыпінскім у кн. «Беларусь» (Парыж, 1840).

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 268.

У.​І.​Мархель.

т. 13, с. 519

РЫ́СКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ (ад ням Riß — назва прытока Дуная),

рыс, эпоха максімальнага сярэднеплейстацэнавага зледзянення вобласці Альпаў. На раўнінах Зах. Еўропы ёй адпавядае эпоха заальскага, на Беларусі — дняпроўскага зледзянення, у Паўн. Амерыцы — ілінойскага зледзянення. Доўжылася ад канца міндэль-рыскага (александрыйскага) да пачатку рыс-вюрмскага (муравінскага) міжледавікоўяў. Скончылася каля 130 тыс. г. назад. Складалася з дзвюх стадый — рыс I і рыс II (варта, сож). У часы першай з іх ледавік укрываў усю тэр. Беларусі, а другой — дасягаў паўн. краю Палесся.

А.​Ф.​Санько.

т. 13, с. 519

РЫСКУ́ЛАЎ (Муратбек) (23.11.1909, с. Чаек Нарынскай вобл., Кыргызстан — 1.2.1974),

кіргізскі акцёр. Нар. арт. СССР (1958). З 1936 у трупе Кірг. муз.-драм. т-ра, з 1941 у Кірг. драм. т-ры ў г. Фрунзе. Сярод лепшых роляў: Тэйітбек, Каныбек («Курманбек», «Каныбек» К.​Джантошава), Акылбек («Лёс бацькі» Б.​Джакіева), Шэрмат («Хто смяецца апошнім» Т.​Абдумамунава), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Атэла, кароль Лір (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра). Здымаўся ў кіно: «Салтанат», «Песня табуншчыка», «Тактагул», «Неба нашага дзяцінства» і інш. Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1969.

Літ.:

Иманкулов Д. Наш Муратбек. Фрунзе, 1970;

Брудный Д. Муратбек Рыскулов. М., 1974.

т. 13, с. 519

РЫСО́РА (ад франц. ressort пругкасць),

пругкі элемент падвескі трансп. машын і павозак. Змякчае штуршкі і ўдары на няроўнасцях дарогі і ўспрымае нагрузку ад кузава без астаткавай дэфармацыі. Бываюць метал. (ці з інш. сціскальных матэрыялаў), гідраўл. і пнеўматычныя. Найб. пашыраны метал. ліставыя, тарсіённыя і шрубавыя, якія гасяць ваганні за кошт дэфармацыі. Амартызавальнае дзеянне гідраўл. і пнеўматычных Р. забяспечваецца за кошт пругкіх уласцівасцей вадкасці, газу ці паветра. Выкарыстоўваюцца таксама камбінаваныя Р (напр., гумава-метал., пнеўма-гідраўлічныя).

т. 13, с. 519

РЫСТО́РЫ ((Ristori) Адэлаіда) (29.1.1822, г. Чывідале-дэль-Фрыулі, Італія — 8.10.1906),

італьянская актрыса. Прафес. дзейнасць пачала ў 1837. Лепшыя ролі: Мірандаліна і Памела («Гаспадыня гасцініцы», «Памела» К.​Гальдоні), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера). Стварыла вобразы моцных, мяцежных жанчын, якія гінуць, але не пакараюцца: Франчэска («Франчэска да Рыміні» С.​Пеліка), Юдзіф («Юдзіф» П.​Джакамеці), Медэя («Медэя» Э.​Легуве), лэдзі Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра) і інш. Сцвердзіла на італьян. сцэне традыцыі гераічнага стылю выканання, першая дамаглася сусв. прызнання італьян. т-ра. У 1856—85 гастраліравала ў краінах Амерыкі і Еўропы. Аўтар кн. «Эцюды і ўспаміны» (1887).

т. 13, с. 520

РЫСУ́НАЧНАЕ ПІСЬМО́,

гл. Піктаграфічнае пісьмо.

т. 13, с. 520

РЫ́СЦІЧ (Іован) (13.2.1831, г. Крагуевац, Сербія — 5.9.1899),

сербскі дзярж. і паліт. дзеяч, гісторык. Д-р філасофіі (1852). Вучыўся ў Францыі і Германіі. У 1861—67 сербскі пасланнік у Турцыі. У 1868—72 адзін з рэгентаў пры кн. Мілане Абрэнавічу, у 1884—1893 — пры каралі Аляксандру Абрэнавічу (гл. Абрэнавічы). У 1873, 1878—1880, 1887 прэм’ер-міністр, у 1872—1873, 1875, 1876—1878 міністр замежных спраў Сербіі. Выступаў супраць прааўстр. арыентацыі Мілана Абрэнавіча. Быў прадстаўніком Сербіі на Берлінскім кангрэсе 1878, аўтар «Дыпламатычнай гісторыі Сербіі...» (кн. 1—2, 1896—98).

т. 13, с. 520

РЫ́СЦІЧ (Мілан) (31.8.1908, Бялград — 1982),

югаслаўскі кампазітар; буйнейшы югасл. сімфаніст. Чл. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (1961). Вучань М.Мілоевіча і Е.Славенскага. У 1930-я г. адзін з прадстаўнікоў авангардызму, выкарыстоўваў чвэрцьтонавую сістэму, дадэкафонію, адчувальны ўплыў экспрэсіянізму, пазней — неакласіцызму. У творах 1940-х г. — імкненне да грамадз. і героіка-патрыят. тэматыкі, прадаўжэння нац. муз. традыцый. Сярод твораў: балеты «Папялушка» (паст. 1943), «Тыран» (паст. 1945); 9 сімфоній (1941—77), арк. п’есы, канцэрты для інстр, з арк., кам.-інстр. ансамблі, вак. творы, у т. л. «Песня пра сокала», «Песня памерлых пралетарыяў».

т. 13, с. 520