РЫСІ́НСКІ ((Rysiński) Францішак) (? — 1830?),
польскі і бел. паэт. Старшыня Цывільнай палаты ў Віцебску. Пісаў эпіграмы, лірычна-філасофскія і гумарыст. вершы на польскай, бел. і рус. мовах. Пераадольваючы класіцыстычную версіфікатарскую нарматыўнасць, набліжаўся да рамант. лірызацыі зместу. Яго творы распаўсюджваліся на Віцебшчыне ў спісах і вусна (частка была ў архіве Ф.Карпінскага і полацкага маршалка С.Грабніцкага), публікаваліся ў час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік», 1819), «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік», 1830), «Rocznik literacki» («Літаратурны штогоднік», 1844). Р., магчыма, аўтар макаранічных бел.-польскіх мініяцюр «Плач пакінутага каханай» і «За пекнай паненкай аж душа сумуе...», апубл. А.Рыпінскім у кн. «Беларусь» (Парыж, 1840).
Літ.:
Пачынальнікі. Мн., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 268.
У.І.Мархель.
т. 13, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)