РЫСІ́НСКІ ((Rysiński) Саламон) (каля 1560, в. Рысін Себежскага р-на Пскоўскай вобл. — 13.11.1625),

польскі і бел. паэт-лацініст, парэміёлаг. Вучыўся ў Альтдорфскім ун-це (1586, Германія). У пач. 17 ст. прыдворны паэт кн. Радзівілаў. Выдаў «Дзве кнігі пісьмаў Саламона Пантэра» (1587, у адным з пісьмаў пераклаў на лац. мову вершы А.​Рымшы). Аўтар «Кароткага пераказу спраў, здзейсненых святлейшым князем Крыштофам Радзівілам...» (1614), куды ўключана вершаванае апісанне падзей Лівонскай вайны (1558—83). Гал. яго праца — зб. «Тысяча восемсот польскіх прыказак...» (1618, 8-е выд. 1854), які быў вынікам амаль 30-гадовай збіральніцкай дзейнасці (мясц. бел. прыказкі Р. параўнаў з лац., ням., італьян. і інш.). Абедзве кнігі выдадзены ў Любчанскай друкарні. Аўтар «Кнігі заўваг і тлумачэнняў «Пісьмаў Л.​А.​Сенекі...» (1620, Нюрнберг). З ням. юрыстам і паэтам К.​Рытэрсгузіусам падрыхтаваў каментарыі да творчасці познарым. паэта Аўзонія (рукапіс).

Літ.:

Порецкий Я. Соломон Рысинский = Solomo Pantherus eucorussus: Конец XVI — нач. XVII вв. Мн., 1983.

Я.​І.​Парэцкі.

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)