Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РЫСЬ (Felis lynx, Lynx lynx),

млекакормячая жывёла сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. Некат. сістэматыкі вылучаюць як асобны від Р. чырвоную (F. rufus). Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў глухіх лясах з развітым падлескам. Логава робіць у ямах, пад вываратнямі, у старых норах і інш. Актыўная пераважна ноччу. Падвіды Р. іспанская (F. l. pardina) і Р. мексіканская рыжая (F. rufus escuinapae) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. На тэр. Беларусі Р. — рэдкі звер, трапляецца пераважна ў паўн. і цэнтр. раёнах, занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 110 см, маса да 22, зрэдку да 32 кг. Поўсць густая, мяккая, палевая ці рыжая, плямістая на спіне і нагах. Тулава кароткае, шчыльнае, ногі высокія, дужыя. Хвост кароткі. Вушы вял., вострыя, канчаюцца кутасікамі. На галаве «бакі». Нараджае 2—3, часам да 5 кацянят. Корміцца зайцамі, грызунамі, птушкамі; нападае на дробных капытных.

Э.​Р.​Самусенка.

Рысь.

т. 13, с. 520

РЫСЬ (лац. Lynx),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,1 візуальнай зорнай велічыні. На Беларусі відаць круглы год (найлепш. у студз. — лютым). Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Рысь.

т. 13, с. 520

РЫС-ВЮ́РМСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ, рыс-вюрм,

міжледавіковая эпоха альпійскай стратыграфічнай схемы, што раздзяляе рыскую і вюрмскую ледавіковыя эпохі. Адпавядае муравінскаму міжледавікоўю на Беларусі, мікулінскаму — у Расіі, земскаму інтэргляцыялу ў Сярэдняй Еўропе і сангамонскаму — у Паўн. Амерыцы. Карэліруецца з ізатопна-кіслароднай фазай 5e глыбакаводных марскіх адкладаў. Доўжылася каля 15 тыс. гадоў.

А.​Ф.​Санько.

т. 13, с. 519

РЫ́ТА,

рака ў Маларыцкім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Мухавец (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 1730 км². Раней пачыналася з воз. Крымна (Украіна), пасля меліярац. рэканструкцыі яе верхняе цячэнне пераведзена ў р. Маларыта. Пачынаецца каля в. Сушытніца Маларыцкага р-на. Цячэ па Брэсцкім Палессі. Вусце каля ўсх. ускраіны в. Літвіны Брэсцкага р-на. За 2 км. вышэй аўтадарогі Ляхаўцы—Макраны частка сцёку Р. накіроўваецца ў Лускаўскае вадасх., ніжэй вусця Маларыты рэчышча прымае прыродныя параметры. Пойма двухбаковая, нізкая, забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі, у верхнім і сярэднім цячэнні меліяравана. Рэчышча каналізаванае амаль на ўсім працягу, за выключэннем 3,5 км вышэй вусця. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 13, с. 520

РЫ́ТАНЬ,

вёска ў Кемелішкаўскім с/с Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр калгаса. За 63 км на Пн ад г.п. Астравец, 265 км ад Гродна, 68 км ад чыг. ст. Гудагай. 328 ж., 105 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 13, с. 520

РЫ́ТАРСКАЯ ШКО́ЛА,

навучальная ўстанова ў Стараж. Грэцыі (з 3 ст. да н.э.) і Рыме (з 1 ст. да н.э.) для падрыхтоўкі моладзі з арыстакратычнага асяроддзя да дзярж.-паліт. дзейнасці. Пасля элементарнай (трывіяльнай) і граматычнай школ Р.ш. была вышэйшым звяном трохступеннай сістэмы адукацыі, якая існавала да канца антычнасці. Акрамя навучання аратарскаму майстэрству Р.ш. давала веды па філасофіі, гісторыі, л-ры, правазнаўстве і інш. дысцыплінах.

т. 13, с. 520

РЫТАРЫ́ЧНЫЯ ФІГУ́РЫ,

стылістычныя прыёмы ў празаічнай і вершаванай мове, якія павышаюць эмацыянальнасць выказвання. Сустракаюцца ў творах стараж. бел. л-ры («словы» Кірылы Тураўскага, «Трэнас» М.​Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), фальклоры. Шырока ўжываюцца ў публіцыстыцы, грамадз. і медытатыўнай лірыцы, эпісталярных творах; адсутнічаюць у дзелавой і навук. мове. У сучасным літ.-знаўстве паняццем Р.ф. карыстаюцца ў дачыненні да 3 стылістычна-інтанацыйных прыёмаў: рытарычнага воклічу, рытарычнага звароту, рытарычнага пытання. Праз рытарычны вокліч пэўнае паняцце сцвярджаецца эмацыянальнай, паэтычна-ўзнёслай інтанацыяй.

О вясна! Таполі! Свеце мілы!
Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака.
(У.​Караткевіч. «О вясна! Таполі! Свеце мілы!»)

Рытарычны зварот не патрабуе непасрэднага водгуку названых асоб ці прадметаў на заклік або дзеянне. Пашыраны ў фальклоры, дзе часта выконвае ролю запеву, стварае адпаведны эмацыянальны настрой:

Зелле маё ды зялёнае.
Старана мая ды вясёлая.
Не магу цябе пазабыціся.
Уначы сплючы, а ўдзень робячы...
(Бел. народная песня)

У пісьмовай л-ры рытарычны зварот вядомы з часоў «Слова пра паход Ігаравы»: «О светлае сонца, прасветлае! Усім ты нясеш і цяпло і красу!» (пераклад Я.​Купалы). Пры рытарычным пытанні пэўная думка сцвярджаецца ў пытальнай форме, перадае аўтарскую ўзрушанасць, захапленне або павышаную цікавасць да з’явы, падзеі, прадмета. Нярэдка сустракаецца ў нар. паэзіі.

Пярсцёначкі залатыя.
Ці бочкі вамі набіваці?
Да сукенкі мае дарагія.
Ці пнёўя вамі ўбіраці?
Палаценцы мае белыя.
Ці горы вамі ўсцілаці?

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 520

РЫ́ТАЎ (Міхаіл Васілевіч) (16.1.1846, г. Наваміргарад Кіраваградскай вобл., Украіна — 17.4.1920),

бел. вучоны-аграном, адзін з заснавальнікаў навук. агародніцтва і пладаводства на Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1878). З 1879 у Горы-Горацкай земляробчай школе, з 1919 праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Навук. працы па біялогіі агароднінных і пладовых раслін. Паказаў магчымасць вегетатыўнай гібрыдызацыі і стварэння новых сартоў спосабам адбору іх пры вырошчванні ў адпаведных умовах, прапанаваў насеннае размнажэнне яблыні, вывучаў уплыў прышчэпы на прышчэпак. Арганізаваў першы пладовы гадавальнік, памалагічны сад і доследнае поле для вывучэння агароднінных культур.

Тв.:

Избр. труды. М., 1956;

Русские яблоки. М., 1960.

т. 13, с. 521

РЫ́ТАЎНА, Рытава,

возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнічанка, за 26 км на ПнУ ад г. Сянно. Пл. 0,2 км², даўж. 600 м, найб. шыр. 400 м, даўж. берагавой лініі 1,63 км. Пл. вадазбору 6,5 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы невыразныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, на З і Пд забалочаныя.

т. 13, с. 521

РЫ́ТА МАЛА́Я,

гл. ў арт. Маларыта.

т. 13, с. 520