РЫ́ТЭР ((Ritter) Герхард) (6.4.1888, г. Бад-Зодэн-Алендорф, Германія — 1.7.1967),
нямецкі гісторык. Брат усходазнаўца Гельмута Р. (1892—1971) і тэолага Карла Бернгарда Р. (1890—1968).
Вучань Г.Онкена. Праф. Гамбургскага (з 1924) і Фрайбургскага (1925—56) ун-таў. Удзельнік Супраціўлення нацысцкаму рэжыму, у 1944—45 зняволены. Прадстаўнік класічнай нац.-дзярж., прапруска-пратэстанцкай традыцыі герм. гістарыяграфіі. Даследаваў розныя перыяды гісторыі Германіі і метадалогію гісторыі. Аўтар прац «Лютэр» (1925), «Штайн» (т. 1—2, 1931), «Фрыдрых Вялікі» (1936), «Сіла дзяржавы і утопія» (1940, у 1948 перавыдадзена пад назвай «Дэманія ўлады»), «Сусветны ўплыў Рэфармацыі» (1941), «Еўропа і нямецкае пытанне» (1948), «Карл Гёрдэлер і нямецкі рух Супраціўлення» (1954), «Дзяржаўная палітыка і ваеннае рамяство» (т. 1—4, 1954—68), «План Шліфена» (1956) і інш.
т. 13, с. 522
РЫ́ТЭРА ХРЫБЕ́Т У гарах Наньшаня, у Кітаі, гл. Дакэн-Дабан.
т. 13, с. 523
РЫ́У-БРА́НКУ (Rio Branco),
рака ў Бразіліі, левы і самы вял. прыток р. Рыу-Негру (бас. р. Амазонка). Даўж. ад вытоку р. Урарыкуэра 1,3 тыс. км, пл. басейна каля 195 тыс. км². Цячэ па Гвіянскім пласкагор’і і Амазонскай нізіне. Летнія паводкі, зімовая межань. Сярэдні расход вады каля 5,4 тыс. м³/с. Суднаходная да г. Каракараі, пры высокай вадзе — да г. Боа-Віста.
т. 13, с. 523
РЫ́У-ДО́СІ, Досі (Rio Doce),
рака на У Бразіліі. Даўж. каля 600 км, пл. басейна 87 тыс. км². Вытокі на Пд хр. Сера-ду-Эспіньясу, цячэ па Бразільскім пласкагор’і, упадае ў Атлантычны ак. каля г. Рэжэнсія, утварае балоцістую дэльту. У сярэднім цячэнні парожыстая. Сярэдні расход вады каля 1,1 тыс. м³/с. Суднаходная ад г. Айморэс.
т. 13, с. 523
РЫ́У-НЕ́ГРУ (Rio Negro),
рака пераважна ў Бразіліі, левы прыток р. Амазонка; у сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж Калумбіяй і Венесуэлай. Даўж. 2,3 тыс. км, пл. басейна каля 691 тыс. км². Вытокі ў Калумбіі, у зах. ч. Гвіянскага пласкагор’я, пад назвай Гуайнія, да г. Кастаньейру рэчышча парожыстае, у межах Амазонскай нізіны разгалінаванае і вельмі шырокае (да 30—50 км) са шматлікімі астравамі. Буйны прыток — р. Рыу-Бранку (злева). Левы прыток Касік’ярэ злучае Р.-Н. з р. Арынока (класічны прыклад біфуркацыі рэк). Паводкі ад сак. да канца жн., малаводная ў кастр.—студзені. Сярэдні расход вады 29,3 тыс. м³/с. Суднаходная на 1 тыс. км ад вусця, дзе размешчаны буйны порт Манаўс.
т. 13, с. 523
РЫЎЕ́РА (Riviera),
паласа ўзбярэжжа Міжземнага (на З) і Лігурыйскага (на У) мораў, якая працягваецца ад г. Кан (Францыя) да г. Спецыя (Італія). Даўж. каля 370 км. Падзяляецца на франц. Р. — Блакітны бераг, і італьян. Р. — Рыўера-Лігурэ. Знаходзіцца каля падножжа Альпаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, лета сонечнае, гарачае. Развіты вінаградарства, садоўніцтва, кветкаводства. Буйны курортны раён. З пач. 19 ст. зона шматлікіх курортаў, месцаў адпачынку і турызму. Клімататэрапія і марскія купанні ўвесь год. Да 1-й сусв. вайны — адзін з асн. еўрап. цэнтраў лячэння туберкулёзу, пазней — расстройстваў нерв. сістэмы, атлусцення, дыябету і інш. Невял. ч. Р. займае дзяржава Манака.
т. 13, с. 523
РЫ́ЎКІН (Міхаіл Іонавіч) (7.1.1907, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 13.10.1993),
бел. і расійскі скрыпач, дырыжор, педагог. Засл. дз. культ. Расіі (1992). Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1928, кл. А.Л.Бяссмертнага). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1937—41, кл. І.Мусіна). З 1929 працаваў у сімф. аркестрах радыёкамітэта, Белдзяржфілармоніі, адначасова выкладаў у муз. школах у Мінску. З 1946 дырыжор Дзярж. нар. аркестра Беларусі, з 1953 — сімф. аркестра Томскай абл. філармоніі, выкладчык муз. вучылішчаў у Томску, з 1963 у Пскове. Адзін з першых прафес. дырыжораў Беларусі. Дзейнасць Р. садзейнічала станаўленню аркестра бел. нар. інструментаў у пасляваенны перыяд.
В.У.Мазанік.
т. 13, с. 523
РЫ́ЎЛІН (Езекііль Ісакавіч) (1.12.1901, г. Віцебск — 7.5.1978),
бел. гісторык, педагог. Акад. Бел. АН (1931), праф. (1931). Скончыў Камуніст. ун-т імя Я.М.Свярдлова (1923) і Ін-т чырв. прафесуры (1927) у Маскве. З 1927 дацэнт кафедры гісторыі Захаду, з 1928 прарэктар БДУ. З 1929 нам. наркома асветы БССР. У 1931—33 заг. сектара навукі і культуры ЦК КП(б)Б, дырэктар Ін-та аспірантуры Бел. АН, выкладчык Камуніст. ун-та Беларусі і інш. У 1933 арыштаваны за «антысав. прапаганду і трацкізм», сасланы ў Казахстан. У 1933—57 выкладаў у Кзыл-Ардынскім настаўніцкім ін-це. У 1956 рэабілітаваны. З 1958 заг. кафедры методыкі выкладання рус. мовы і л-ры, у 1963—71 выкладчык Каз. пед. ін-та (Алма-Ата). Даследаваў гісторыю герм. с.-д. руху, методыку выкладання рус. мовы і л-ры ў каз. нац. школах.
Тв.:
История германской социал-демократии. Мн., 1928;
Аграрная дискуссия в германской с.-д. Мн., 1929.
В.А.Астрога.
т. 13, с. 523
РЫФ (галанд. rif, reef),
рэзкае надводнае або падводнае ўзвышэнне марскога дна на мелкаводдзі. Утвараюцца пры разбурэнні скалістага дна і берагоў або з’яўляюцца каралавымі пабудовамі. Небяспечныя для суднаходства. Гл. таксама Вялікі Бар’ерны рыф).
т. 13, с. 523
РЫФЕ́Й (ад лац. Riphaei montes Рыфейскія горы — антычная назва Уральскіх гор),
рыфейскі комплекс, рыфейская эонатэма (эон), надрэгіянальнае падраздзяленне Агульнай стратыграфічнай шкалы дакембрыю краін СНД і адпаведны яму інтэрвал геал. часу ад 1650 ± 50 млн. г. да 650 ± 20 млн. г. таму назад. Вылучаны М.С.Шацкім у 1945. Падзяляюць Р. на ніжні (бурзяній), сярэдні (юрмаціній) і верхні (каратавій). Да пачатку рыфейскага эону ў выніку завяршальных тэктанічных рухаў і магматычных працэсаў карэльскай эпохі складкавасці ў канцы ранняга пратэразою закончыўся геасінклінальны этап развіцця тэр. Беларусі. У раннім Р. (1650—1350 млн. г.) яна, як і ўся Усх.-Еўрап. платформа, уяўляла сабой узнятую сушу, дзе пераважалі працэсы выветрывання і дэнудацыі. Толькі на адносна апушчаных участках намнажаліся вулканагенна-асадкавыя (бабруйская серыя) і асадкавыя (шаровіцкая серыя) тоўшчы. У сярэднім Р. (1350—1000 млн. г. назад) пачаў развівацца Валына-Аршанскі прагін паўн.-ўсх. распасцірання. Тут утварыўся мелкаводны марскі басейн, дзе намнажаліся пераважна чырванаколерныя пясчаныя і пясчана-алеўрытавыя адклады (пінская і аршанская світы беларускай серыі). На завяршальным этапе Р. на тэр. Беларусі часова існавалі невял. ізаляваныя або паўзамкнёныя басейны (лагуны) з пераменнай салёнасцю вады, дзе намнажаліся абломкавыя і абломкава-карбанатныя адклады лапіцкай світы. У цэлым адклады Р. займаюць больш як палову тэр. Беларусі і цягнуцца ў паўн.-ўсх. напрамку амаль суцэльнай паласой шыр. 200—300 км. Магутнасць іх павялічваецца з ПдЗ на ПнУ ад 480 м да 850 м, месцамі больш за 1400 м. Залягаюць на крышт. фундаменце, перакрываюцца вендскімі або больш маладымі (да антрапагенавых уключна) адкладамі. Паверхня іх на глыб. ад дзесяткаў метраў (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 500—800 м (Аршанская ўпадзіна). З адкладамі Р. звязаны значныя запасы расолаў і мінер, вод, якія выкарыстоўваюцца ў бальнеалагічных мэтах (санаторыі ў Ждановічах, Рагачове, Лётцах); на Палескай седлавіне вял. запасы прэсных вод, прыдатных для гасп. водазабеспячэння.
М.В.Вераценнікаў.
т. 13, с. 523