РЫСЬ (Felis lynx, Lynx lynx),

млекакормячая жывёла сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. Некат. сістэматыкі вылучаюць як асобны від Р. чырвоную (F. rufus). Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў глухіх лясах з развітым падлескам. Логава робіць у ямах, пад вываратнямі, у старых норах і інш. Актыўная пераважна ноччу. Падвіды Р. іспанская (F. l. pardina) і Р. мексіканская рыжая (F. rufus escuinapae) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. На тэр. Беларусі Р. — рэдкі звер, трапляецца пераважна ў паўн. і цэнтр. раёнах, занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 110 см, маса да 22, зрэдку да 32 кг. Поўсць густая, мяккая, палевая ці рыжая, плямістая на спіне і нагах. Тулава кароткае, шчыльнае, ногі высокія, дужыя. Хвост кароткі. Вушы вял., вострыя, канчаюцца кутасікамі. На галаве «бакі». Нараджае 2—3, часам да 5 кацянят. Корміцца зайцамі, грызунамі, птушкамі; нападае на дробных капытных.

Э.​Р.​Самусенка.

Рысь.

т. 13, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)