Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РУДААДНАЎЛЯ́ЛЬНАЯ ПЕЧ, руднатэрмічная печ,

нізкашахтавая дугавая печ для выплаўкі пераважна ферасплаваў з рудных матэрыялаў. Электроды ў Р.п. апушчаны ў шыхту, якая загружаецца зверху. Метал і шлак выпускаюцца праз ляток у ніжняй частцы шахты. Гл. таксама Ферасплаўная печ.

т. 13, с. 426

РУДАБЕ́ЛЬСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА»,

назва Рудабельскай і суседніх валасцей Бабруйскага пав., дзе на працягу ўсяго перыяду акупацыі Беларусі войскамі Германіі (1918) і Польшчы (1919—20) захоўвалася сав. ўлада. Яе ўстанаўленнем кіраваў Рудабельскі вал. рэўком, рэарганізаваны ў час барацьбы з польск. корпусам Доўбар-Мусніцкага (студз.—лют. 1918) у штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, а ў час ням. акупацыі — у падраённы к-т РКП(б). Яго члены: А.​Р.​Салавей (старшыня), Л.​Я.​Адзінцоў, М.​А.​Ляўкоў, М.​Ф.​Ус, Н.​Я.​Званковіч. Пазней у Р.«р.» ўвайшлі суседнія воласці Бабруйскага, Мазырскага і Рэчыцкага пав. Партызаны в. Рудобелка і навакольных вёсак ахоўвалі тэр. воласці ад нападаў ням. акупантаў і польскіх легіянераў, і вялі агітацыю сярод мясц. насельніцтва і салдат варожых фарміраванняў. Яшчэ да адступлення немцаў партыз. атрады Салаўя і інш. ўвайшлі ў г. Бабруйск і перашкодзілі акупантам вывезці нарабаваную маёмасць. У час польск. акупацыі дзейнічалі партыз. атрады пад кіраўніцтвам Ляўкова, П.​Дз.​Малаковіча, Ц.​К.​Валадзько, А.​К.​Паланейчыка і інш.

У студз. 1920 польск. камандаванне накіравала супраць рудабельскіх партызан карную экспедыцыю, якая спаліла некалькі вёсак, у т. л. Рудобелку. У 1920 на ўрачыстым сходзе з нагоды вызвалення жыхары Рудобелкі перайменавалі сваю воласць у Акцябрскую. Пра Р.«р.» напісаны кнігі, пастаўлены спектакль, зняты кінафільм.

Літ.:

Грахоўскі С.І. Рудабельская рэспубліка: Дак. аповесць. Мн., 1968.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 13, с. 426

РУДАБЕ́ЛЬСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,

разрыў у лініі ням. фронту групы армій «Цэнтр» шырынёй каля 10 км паміж Азарычамі і Парычамі з канца ліст. да канца снеж. 1943 у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 і баявых дзеянняў 123-й Акцябрскай партыз. брыгады. Подступы ўтрымлівалі 37-я (ген.-маёр Я.​Р.​Ушакоў) і 60-я (палк. А.​В.​Богаяўленскі) стралк. дывізіі 65-й арміі Бел. фронту, партызаны Палескага і Мінскага злучэнняў. Праз Р.«в.» ў тыл ворага накіроўваліся разведгрупы і сувязныя, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, л-ра. З акупіраванай тэрыторыі партызаны перадавалі камандаванню Чырв. Арміі разведданыя, забяспечвалі армейскія часці праваднікамі, перапраўлялі ў сав. тыл параненых і хворых, вывелі некалькі дзесяткаў тысяч мірных жыхароў, добраахвотнікаў, якія папоўнілі рады 65-й арміі, абозы з хлебам, жывёлу. Калі гітлераўцы прарвалі абарону і закрылі Р.«в.», падраздзяленні Чырв. Арміі, што засталіся ў тыле ворага, сфарміраваліся ў зводны полк, які каля 2 месяцаў разам з партызанамі вёў актыўныя баявыя дзеянні і 16.2.1944 прарваўся праз лінію фронту. У гонар Р.«в» каля в. Мікуль-Гарадок Акцябрскага р-на пастаўлены помнік.

А.​А.​Каваленя.

т. 13, с. 426

РУДАВЕ́Ц,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у. бас. р. Дружнянка (выцякае з возера), за 16 км на ПдУ ад г. Браслаў. Пл. 0,28 км², даўж. 820 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 5—9 м (на З і У 3—4 м), пераважна разараныя, на З і У пад лесам. Берагі сплавінныя. Пойма шыр. 100—150 м, пераўвільготненая, парослая хмызняком. Дно сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадаюць 3 ручаі.

т. 13, с. 426

РУДАВО́З,

грузавое судна для перавозкі навалам руд і рудных канцэнтратаў. Мае грузавыя люкі вял. памераў і звычайна высокае двайное дно. Загружаецца і разгружаецца берагавымі кранамі з дапамогай грэйфераў.

т. 13, с. 426

РУДА́К (Аркадзь Дзянісавіч) (25.12.1911, в. Валосавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 14.11.1997),

адзін з кіраўнікоў падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, дзярж. і парт. дзеяч БССР, ген.-маёр (1966). Засл. работнік культуры Беларусі (1980). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1939 1-ы сакратар Гомельскага абкома ЛКСМБ. У Вял. Айч. вайну 1-ы сакратар Гомельскага падп. абкома ЛКСМБ, чл. Гомельскага абкома КП(б)Б і штаба Гомельскага Партыз. злучэння. Пасля вайны ў Гомельскім абкоме, з 1957 1-ы сакратар Мінскага абкома КПБ, кіраўнік спраў СМ БССР, у 1960—71 1-ы нам. старшыні КДБ. Чл. ЦК КПБ у 1954—61. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—71. Аўтар мемуараў «Экзамен на сталасць» (1981).

т. 13, с. 426

РУДА́К (Эдуард Аркадзевіч) (н. 18.3.1936, г. Віцебск),

бел. фізік. Д-р. фіз.-матэм. н. (1986). Сын А.​Дз.​Рудака. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (з 1972 заг. лабараторыі). Навук. працы па ядз. спектраскапіі, вывучэнні структуры атамных ядраў і ядз. рэакцый пры нізкіх і сярэдніх энергіях, радыеэкалогіі, у т. л. па праблемах катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Прапанаваў квантавамех. трактоўку механізму працякання ядз. рэакцый з утварэннем састаўнога ядра.

Тв.:

Спектры γ-лучей из реакции (n,γ) на изотопах ​50Cr, ​52Cr и ​53Cr (разам з Я.​І.​Фірсавым) // Ядерная физика. 1965. Т. 1, вып. 2;

Экспрессный метод оценки массы и активности нуклидов в активной зоне РБМК (разам з П.А.​М.​Напалеау) // Атомная энергия. 1998. Т. 85, вып. 3.

т. 13, с. 426

РУДАКІ́ (Абу Абдалах) (Абуль Хасан) Джафар (каля 860, Панджуруд, Таджыкістан — 941),

таджыкскі і персідскі паэт; заснавальнік паэзіі на мове фарсі. Паводле падання, быў аслеплены. Атрымаў схаласт. адукацыю, ведаў араб. мову. Праславіўся як спявак і музыкант-рапсод, магчыма, і як аўтар. Больш за 40 гадоў узначальваў плеяду паэтаў пры двары правіцеляў Бухары. Перад смерцю зазнаў ганенне, памёр у галечы. Дайшло каля тысячы яго двухрадкоўяў, цалкам — касыда «Маці віна» (933), аўтабіягр. «Ода на старасць» і каля 40 чатырохрадкоўяў (рубаі). Аўтар панегірыкаў, лірычных і дыдактычных твораў, паэм, у т. л. «Каліла і Дымна» (932, пер. з араб., збераглася ў фрагментах). У яго творах апяваецца радасць быцця, дружба, высакародства, каханне, хараство прыроды. Створаны ім стыль пераважаў у фарсімоўнай паэзіі да 11 ст. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў С.​Грахоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1964;

Лирика. М., 1969;

У кн.: Звезды поэзии. Душанбе, 1974.

Літ.:

Мирзоев А.М. Рудаки: Жизнь и творчество: Пер. с тадж. М., 1968;

Тальман Р.О., Юнусов А. Рудаки: (Указ. лит.). Душанбе, 1965.

т. 13, с. 426

РУДАКО́ВА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Мядзел. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 28,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,16 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы на У і Пн выш. 18—20 м (на Пн і З да 8 м), параслі хмызняком, на Пн часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, месцамі нізкія. Пойма шыр. да 100 м, участкамі забалочаная. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Зарастае. Уваходзіць у заказнік Рудакова.

т. 13, с. 426

РУДАКО́ВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 для захавання ў натуральным стане унікальнага балотна-ляснога ландшафтнага комплексу поўдня Бел. Паазер’я з папуляцыямі гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 369 га. Рэльеф узгорысты. Лясы займаюць 82,5% тэр.: бярэзнікі чарнічныя, кіслічныя, арляковыя з дамешкамі хвоі, дубу, клёну, ліпы, ясеню; хвойнікі імшыстыя; чорнаалешнікі; кустоўе з ляшчыны, крушыны, ядлоўцу, каліны, чаромхі, брызгліны бародаўчатай, мяккай і лямцавай, барбарысу звычайнага, цёрну крывава-чырвонага, вярбы попельнай і чарнеючай. На сухадольных і вільготных лугах віды, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі: асака воласападобная і птушканожкавая, ятрышнік дрэмлік, гарычка крыжападобная, касач сібірскі, пярэсна еўрапейская, пустапялёснік зялёны, ядрушка даўгарогая, пальчатакарэннік балтыйскі, тайнік яйцападобны; у хвойніках — купальнік горны, гайнік цёмна-чырвоны і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 427