Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РУБЛЁЎ (Андрэй) (каля 1360—70—1427 або 1430),

старажытна-рускі жывапісец, заснавальнік самабытнай школы іканапісу. У сталым узросце прыняў манаства ў Троіца-Сергіевым (г. Сергіеў Пасад) або ў Андронікавым (Масква) манастырах. Яго творчасць развівалася на глебе маст. культуры Маскоўскай Русі з уплывам візант. маст. традыцый. Застаючыся ў межах сярэдневяковага ўспрымання і выяўлення рэчаіснасці, сцвярджаў узвышанае разуменне духоўнай прыгажосці і маральнай сілы чалавека. Гэтыя ідэалы ўвасоблены ў абразах Звянігарадскага чына («Спас», «Архангел Міхаіл», «Апостал Павел», усе 14—15 ст., па інш. звестках 1410-я г.), дзе строгія плаўныя контуры, шырокая манера і святланосны каларыт блізкія да прыёмаў манум. жывапісу. У канцы 14 — пач. 15 ст. (або 1411 ці 1427) стварыў абраз «Тройца» — шэдэўр стараж.-рус. іканапісу. Дасканаласць маст. формы гэтага абраза выражае вышэйшы для свайго часу маральны ідэал гармоніі духу з жыццём і светам. У 1405 з Феафанам Грэкам і Прохарам з Гарадца размаляваў Благавешчанскі сабор Маскоўскага Крамля (фрэскі не захаваліся); у 1408 з Даніілам Чорным — Успенскі сабор ва Уладзіміры і стварыў абразы для яго шмат’яруснага іканастаса. З фрэсак гэтага сабора найб. значныя сцэны «Страшнага суда», трактаванага як свята перамогі справядлівасці, сцвярджэнне духоўнай сутнасці чалавека. У 1425—27 з Даніілам Чорным і інш. майстрамі размаляваў Троіцкі сабор Троіца-Сергіева манастыра і напісаў некалькі абразоў для яго іканастаса, якім уласцівы нарастанне драматызму («Апостал Павел»), некат. змрочнасць каларыту, узмацненне дэкаратыўнасці. Апошняй яго работай лічыцца размалёўка Спаскага сабора Андронікава манастыра (каля 1427). Яму прыпісваюць шэраг інш. работ: фрэскі Успенскага сабора на Гарадку ў Звянігарадзе (канец 14 — пач. 15 ст.), абразы «Спас у сілах» (1408), «Уладзімірская Божая Маці» (каля 1409), частка абразоў святочнага чыну Благавешчанскага сабора Маскоўскага Крамля (1399 або 1408), некат. мініяцюры «Евангелля Хітрова».

Літ.:

Алпатов М.В. Андрей Рублев. М., 1959;

Андрей Рублев и его школа. М., 1978;

Сергеев В.И. Рублев. М., 1981;

Троица Андрея Рублева: Антология. М., 1981.

С.​У.​Пешын.

А.Рублёў. Тройца.

т. 13, с. 423

РУБО́ (Франц Аляксеевіч) (17.6.1856, г. Адэса, Украіна — 13.3.1928),

расійскі жывапісец-баталіст. Вучыўся ў Рысавальнай школе ў Адэсе (з 1865) і ў АМ у Мюнхене (1877—83). Жыў пераважна ў Пецярбургу. У 1904—12 выкладаў у Пецярбургскай АМ. З 1913 у Германіі. Працаваў пераважна ў панарамным жывапісе. Аўтар грандыёзных паводле маштабаў твораў, якія вызначаюцца дакумент. дакладнасцю адлюстравання гіст. падзей: панарамы «Штурм аула Ахульга» (каля 1896, не захавалася), «Абарона Севастопаля» (1902—04, адкрыта ў 1905 у Севастопалі; у 1941—42 пашкоджана пры абароне горада, адноўлена і зноў адкрыта ў 1954), «Барадзінская бітва» (1911, адкрыта ў 1912 у Маскве; адрэстаўрыравана і зноў адкрыта ў 1962). Пісаў таксама станковыя карціны: «Атака Новачаркаскага палка ў баі на рацэ Шахэ» (1907), «Барадзінскі бой» (1913, з К.​Бекерам) і інш.

Літ.:

Федорова О. Ф.​Рубо. М., 1982.

Ф.Рубо. Фрагмент панарамы «Барадзінская бітва». 1911.

т. 13, с. 424

РУБО́Н,

старажытная назва р. Заходняя Дзвіна. Пад такой назвай вядома паводле карт александрыйскага грэка К.​Пталамея і рымскіх аўтараў 2 ст. н.э. Паходзіць ад лац. rubeus — чырвоны (з-за наяўнасці ў вадзе чырванаватых вокіслаў жалеза). Гамер, магчыма, згадвае Зах. Дзвіну пад назвай Эрыдан (Эрыда — багіня ночы і лёсу ў стараж. грэкаў), а Герадот называе ракой бурштынавай. Стараж. германцы называлі раку — Дзюна. Назва «Р.» сустракаецца на карце Мікалая Кузанскага (1507) і карце, выдадзенай М.​К.​Радзівілам Сіроткай (1613).

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 13, с. 424

«РУБО́Н»

(«Rubon»),

альманах памяркоўна-кансерватыўнага кірунку. Выдаваўся ў 1842—49 у Вільні на польскай мове. Распаўсюджваўся пераважна на Віцебшчыне (Рубон — стараж. назва р. Зах. Дзвіна). Рэдактар-выдавец К.​Буйніцкі. Асвятляў культ. жыццё Наддзвіння і паказваў мінулае краю. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі, фальклоры і гісторыі Беларусі. Надрукаваў творы Я.​Баршчэўскага, Т.​Лады-Заблоцкага, Г.​Марцінкевіча, В.​Рэута, братоў Ю., К. і В. Гжымалоўскіх, А.​Плятэра, Я.​Ходзькі, І.​Храпавіцкага, Я.​Чачота і інш. ураджэнцаў і жыхароў Беларусі, бел. нар. песні. Адыграў пэўную ролю ў ажыўленні культ. руху і згуртаванні літ. сіл рэгіёна. Арыентаваўся на маёмную шляхту і мясц. інтэлігенцыю. Выйшла 10 тамоў.

У.​І.​Мархель.

т. 13, с. 424

РУБРУ́К, Рубруквіс (Rubrouck, Roebroeck, Ruysbroeck, Rubruquis) Вілем (паміж 1215 і 1220—1293), фламандскі падарожнік, манах. У 1253—55 узначальваў дыпламат. місію, накіраваную франц. каралём Людовікам IX у Манголію. З Францыі цераз Палесціну, Канстанцінопаль, Крым, данскія стэпы, нізоўе р. Волга, каля Аральскага м. і воз. Балхаш місія прыбыла ў г. Каракарум у 1254. Зваротны шлях прайшоў уздоўж зах. ўзбярэжжа Каспійскага м., цераз Армянскае нагор’е і Усх. Таўр. У справаздачы Р. пра падарожжа шмат каштоўных звестак па гісторыі, этнаграфіі і геаграфіі гэтых тэрыторый, адзначана, што Каспійскае м. на самай справе з’яўляецца возерам. Гэта было самае значнае да М.​Пола падарожжа еўрапейца ў Цэнтр. Азію.

т. 13, с. 424

РУ́БРЫКА (лац. rubrica загаловак закона ад ruber чырвоны),

1) загаловак раздзела ў газеце, часопісе і г.д., які вызначае накіраванасць публікацыі. Вылучаецца шрыфтамі суадносных памераў і абрысаў (даўней Р. пісалася чырвонай фарбай).

2) Раздзел, глава, параграф, графа і г.д. у друкаваным творы, выкананыя паводле пэўнай сістэмы.

т. 13, с. 424

РУБЦО́Ў (Аляксей Барысавіч) (6.5.1923, Мінск — 10.7.1963),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1954). Скончыў БДУ (1949). Працаваў выкладчыкам у Бабруйскім настаўніцкім ін-це, з 1954 выкладчык, заг. кафедры ў Брэсцкім пед. ін-це. Друкаваўся з 1949. Аўтар прац па гісторыі рус. драматургіі канца 19—пач. 20 ст., пра драм. творчасць У.​Неміровіча-Данчанкі, А.​Южына (Сумбатава), М.​Гарына-Міхайлоўскага, А.​Блока, Л.​Андрэева, А.​Купрына і інш.

Тв.:

Из истории русской драматургии конца XIX—начала XX в. Ч. 1—2. Мн., 1960—62;

Драматургия Александра Блока. Мн., 1968.

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 424

РУБЦО́Ў (Мікалай Міхайлавіч) (3.1.1936, с. Емецк Халмагорскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 19.1.1971),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1969). Быў матросам, рабочым. Друкаваўся з 1957. Першы зб. «Лірыка» (1965). У паэт. зб-ках «Зорка палёў» (1967), «Душа захоўвае» (1969), «Хвояў шум» (1970), «Зялёныя кветкі» (апубл. ў 1971) пачуццё любові і пяшчоты да «малой радзімы» (Валагодчына), апяванне рус. вёскі і прыроды, тэмы нац. памяці, дзяцінства, кахання. Паэзіі Р. ўласцівы пранікнёны лірызм, напеўныя інтанацыі, тонка распрацаваная вобразная структура, унутр. маштабнасць, гранічна простая стылістыка. На бел. мову яго вершы перакладалі В.​Вітка, В.​Зуёнак, П.​Макарэвіч, Г.​Пашкоў, У.​Скарынкін і інш. Загінуў пры трагічных абставінах.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 2000;

Стихотворения. М., 1998;

Последняя осень;

Стихотворения. М., 1999;

Бел. пер. — Рускі агеньчык: Лірыка. Мн., 1986.

Літ.:

Кожинов В. Николай Рубцов. М., 1976;

Белков В.С. Неодинокая звезда;

(Заметки о поэзии Н.​Рубцова). М., 1989;

Бараков В.Н. Лирика Николая Рубцова: (Опыт сравнительно-типол. анализа). Вологда, 1993;

Воспоминания о Николае Рубцове, 1936—1971. Т. 1—2. Вологда, 1994;

Николай Рубцов: Вологодская трагедия. М., 1997.

М.М.Рубцоў.

т. 13, с. 424

РУБЦО́Ў (Феадосій Антонавіч) (30.12.1904, в. Ольша Краснінскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 6.11.1986),

расійскі музыказнавец-фалькларыст, кампазітар, педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1963). Праф. (1977). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931). У 1945—67 працаваў у муз.-культ. установах Ленінграда, адначасова з 1948 выкладчык кансерваторыі. Даследаваў вобразны (меладычны, ладава-інтанацыйны) склад і эстэт. сутнасць нар. музыкі, узаемасувязі функцыі, жанру, паэт. і муз. мовы нар. песні. Вял. ўвагу надаваў параўнальнаму аналізу каляндарных і сямейна-абрадавых напеваў слав. народаў, у т. л. бел. Аўтар сольных і хар. вак. твораў, твораў для арк. нар. інструментаў, п’ес для віяланчэлі. Запісваў і апрацоўваў бел. нар. мелодыі. Шэраг запісаў апублікавана ў зб-ках «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940), «Беларускія народныя песні» (1941). Складальнік і аўтар каментарыяў зб. «Рускія народныя песні Смаленскай вобласці...» (выд. 1991).

Тв.:

Интонационные связи в песенном творчестве славянских народов. Л., 1962;

Статьи по музыкальному фольклору. Л.;

М., 1973.

Літ.:

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 13, с. 424

РУБЦО́ЎСК,

горад, цэнтр раёна ў Алтайскім краі, у Расіі, на р. Алей. Засн. ў 1887. 163 тыс. ж. (2000). Чыг. станцыя. Прам-сць: машынабудаванне (з-ды: трактарны, «Алтайсельмаш», маш.- буд., запчастак); харч., лёгкая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Радовішчы поліметал. руд. Філіял Алтайскага тэхн. ун-та. Драм. тэатр. Краязнаўчы музей.

т. 13, с. 425