РУБРУ́К, Рубруквіс (Rubrouck, Roebroeck, Ruysbroeck, Rubruquis) Вілем (паміж 1215 і 1220—1293), фламандскі падарожнік, манах. У 1253—55 узначальваў дыпламат. місію, накіраваную франц. каралём Людовікам IX у Манголію. З Францыі цераз Палесціну, Канстанцінопаль, Крым, данскія стэпы, нізоўе р. Волга, каля Аральскага м. і воз. Балхаш місія прыбыла ў г. Каракарум у 1254. Зваротны шлях прайшоў уздоўж зах. ўзбярэжжа Каспійскага м., цераз Армянскае нагор’е і Усх. Таўр. У справаздачы Р. пра падарожжа шмат каштоўных звестак па гісторыі, этнаграфіі і геаграфіі гэтых тэрыторый, адзначана, што Каспійскае м. на самай справе з’яўляецца возерам. Гэта было самае значнае да М.Пола падарожжа еўрапейца ў Цэнтр. Азію.
т. 13, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)