Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КО́ПАЦЬ (Юзаф) (16.5.1762, Пінскі пав. — 1827),

бел. мемуарыст-падарожнік. Удзельнік паўстання 1794. У пач. 1794 для злучэння з гал. войскам Т.​Касцюшкі прывёў з-пад Вільні сваю кав. часць, за што ўзнагароджаны залатым пярсцёнкам з надпісам «Айчына — свайму абаронцу». Вызначыўся ў бітве каля г. Хэлм і пры абароне Варшавы. У бітве пад Мацяёвіцамі быў паранены, трапіў у палон, прыгавораны ваен. судом да ссылкі на Камчатку. Амнісціраваны імператарам Паўлам I, у канцы 1790-х г. вярнуўся на радзіму. Свае ўражанні ад знаходжання на Камчатцы і падарожжа па Еўразійскім мацерыку апісаў у «Дзённіку падарожжа...» (нап. каля 1810, выд. 1837).

Літ.:

Худзиковская Я., Ястер Я. Люди великой отваги: Пер. с пол. М., 1957. С. 76—96.

В.​І.​Ярмоленка.

т. 8, с. 413

КО́ПА ЗАКО́Н,

эмпірычнае абагульненне аб характары развіцця асобных сістэматычных груп арганізмаў. Сфармуляваны амер. вучоным Э.​Копам у канцы 19 ст. Сцвярджае: новыя групы арганізмаў паходзяць ад мала спецыялізаваных форм, што захоўваюць эвалюцыйную пластычнасць, а не ад вышэйшых спецыялізаваных прадстаўнікоў продкавых груп, для якіх глыбокая спецыялізацыя забяспечвае працвітанне ў адносна стабільных умовах існавання, але ў выпадку змены ўмоў група вымірае.

т. 8, с. 413

КО́ПЕЧНЫ ((Kopečný) Францішак) (4.10.1909, Урчыцы, Чэхія — 27.3.1990),

чэшскі мовазнавец, індаеўрапеіст. Праф. славістыкі Оламаўцкага ун-та. Навук. працы ў галіне этымалогіі, сінтаксісу, дыялекталогіі слав. моў, культуры і філасофіі мовы: «Асновы чэшскага сінтаксісу» (1958). «Трыванне дзеяслова ў чэшскай мове» (1962). Гал. рэдактар і адзін з аўтараў «Этымалагічнага слоўніка славянскіх моў» (т. 1—2, 1973—80), у якім спалучаны сінтакс. і этымалагічны аналізы. Складальнік «Этымалагічнага слоўніка чэшскай мовы» (1952), «Асноў агульнаславянскага слоўнікавага саставу» (1981, у сааўт.) і інш. Гал. рэдактар «Слоўніка стараславянскай мовы» (вып. 1, 1958).

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 8, с. 413

КО́ПІТАР ((Kopitar) Варфаламей) (Ерней; 23.8.1780, Рэпне, Славенія — 11.8.1844),

славенскі філолаг-славіст. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1826). Вучань і супрацоўнік чэш. філолага І.Добраўскага. Хавальнік, з 1844 дырэктар Венскай прыдворнай б-кі. Аўтар граматыкі славенскай мовы (1808; на ням. мове, з дадаткам крытычнага агляду славенскай л-ры). Даследаваў стараж. слав. помнікі, выдаў глагалічны помнік стараслав. мовы «Клоцаў зборнік» (1836) з каментарыем, слоўнікам і сціслай граматыкай стараслав. мовы. Артыкулы К. сабраны Ф.​Міклашычам у зб. «Невялікія артыкулы Варфаламея Копітара лінгвістычнага, этнаграфічнага і прававога зместу» (1857). Сярод вучняў К. сербскі філолаг В.Караджыч.

Тв.:

Рус. пер. — Новые письма Добровского, Копитара и других юго-западных славян. СПб., 1897.

т. 8, с. 413

КО́ПІЯ (ад лац. copia мноства),

1) дакладнае ўзнаўленне тэксту якога-н. дакумента. К., завераная ва ўстаноўленым законам парадку, мае такую ж юрыд. сілу, як і арыгінал.

2) У выяўленчым мастацтве — дакладна зробленае ад рукі (у адрозненне ад рэпрадукцыі або злепка) узнаўленне чаго-н., напр., якога-н. твора, карціны, скульптуры і інш.

т. 8, с. 413

КО́ПЛЕНД ((Copland) Аарон) (14.11.1900, Нью-Йорк — 2.12.1990),

амерыканскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў сучаснай амер. кампазітарскай школы. Вучыўся ў Р.​Гольдмарка (Нью-Йорк), Н.​Буланжэ (Парыж) і інш. Выступаў як піяніст, дырыжор, чытаў лекцыі ў многіх ун-тах ЗША. Пад уплывам неакласіцызму І.​Стравінскага, імпрэсіянізму і джаза выпрацаваў своеасаблівы індывід. стыль кампазіцыі. Выкарыстоўваў амер. і лац.-амер. муз. фальклор, увасабляў муз. інтанацыі розных народаў Амерыкі. Сярод твораў: оперы «Другі ўраган» (1937), «Ласкавая зямля» (1954); балеты «Хлопец Білі» (1938), «Радэо» (1942), «Апалачская вясна» (1944), «Панэлі, якія танцуюць» (1963); 3 сімфоніі (1924—46) і праграмныя п’есы для арк., канцэрты; камерна-інстр. ансамблі (у т. л. фп. трыо «Віцебск»); хары, песні, музыка для тэатра, кіно і інш. Аўтар кн. «Як слухаць музыку» (1939), «Музыка і фантазія» (1952), «Новая музыка, 1900—1960» (1968).

Літ.:

Шнеерсон Г. Портреты американских композиторов. М., 1977.

т. 8, с. 413

КО́ПЛІ ((Copley) Джон Сінглтан) (3.7.1738, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 9.9.1815),

амерыканскі жывапісец і мініяцюрыст. Чл. Лонданскай АМ (1779). Буйнейшы амер. партрэтыст каланіяльнага перыяду. З 1774 працаваў пераважна ў Лондане. Зазнаў уплыў англ. партрэтнага жывапісу 17—18 ст. Працаваў у рэаліст. манеры. Сярод твораў: «Сёстры Мэры і Элісбет Роял» (1755—62), «Хлопчык з вавёркай-ляцягай» (каля 1765), «Пол Рэвір» (1765), «Нікалас Бойлстан» (1767), «Дораці Уэндэл Скайнэр» (1772), «Томас Міфлін з жонкай» (1773), «Сям’я мастака» (1780) і інш.

Дж.Коплі. Дораці Уэндэл Скайнер. 1772.

т. 8, с. 413

КО́ПНЫ СУД (ад капа — грамада),

суд сельскай і гарадской грамады на Беларусі, які разглядаў справы простых людзей. Збіраўся ў пэўных месцах — капавішчах, на майдане. Судаводства мела 2 формы: звычайную і гвалтоўную. Звычайная капа збіралася па ініцыятыве зацікаўленых асоб у загадзя вызначаныя тэрміны і месца. Суддзямі маглі быць усе гаспадары мясцовасці (найчасцей збіралася 10—20 чал.). Прысутнічалі прадстаўнікі дзярж. або панскай адміністрацыі (віж, возны). Пастанова суда не падлягала апеляцыі. Рашэнне К.с. магло быць скасавана, калі капа адбывалася не на сваім капішчы. Гвалтоўная капа склікалася адразу пасля ўчынення злачынства (забойства, напад і да т. п.), без вызначэння пэўнага месца збору. Уся капа разам ішла па «гарачым следзе» і ў выпадку затрымання вінаватага ў межах воласці выносіла прыгавор, магла пакараць нават смерцю. Калі злачынца ўцякаў у суседнюю воласць, усе страты ўскладаліся на яе жыхароў. Дзейнасць К.с. у Беларусі спынена ў 17—18 ст.

т. 8, с. 414

КО́ПРА,

высушаны алеісты эндасперм арэхаў какосавай пальмы. Белыя ці жаўтаватыя кавалачкі таўшчынёй 6—12 мм, пакрытыя скуркай. Мае ў сабе ў сярэднім (у %): вады 5,8, тлушчу 67, вугляводаў 16,5, бялку 8,9. Гарачым прасаваннем з К. атрымліваюць легкаплаўкі алей (tпл 20—27 °C), які выкарыстоўваюць для вырабу какосавага алею, маргарыну, мыла. Макуха — каштоўны корм для жывёл.

т. 8, с. 414

КО́ПТЫ,

этнаканфесіянальная група егіп. арабаў, якія вызнаюць хрысціянства (пераважна манафісіты, ёсць уніяты і пратэстанты). Нашчадкі даараб. насельніцтва Егіпта. Жывуць пераважна ў гарадах Верх. Егіпта (2 млн. чал.), а таксама ў інш. краінах Б.​Усходу. Агульная колькасць — больш за 4 млн. чал. (1992). Гавораць на араб. мове; копцкая мова захавалася як царкоўная. У 4—7 ст., да заваявання арабамі, стварылі своеасаблівае мастацтва, якое ўвабрала ў сябе культ. спадчыну Стараж. Егіпта і антычнасці (гл. Копцкае мастацтва).

т. 8, с. 414